Прыватныя рэчы галоўнага целаахоўніка Сталіна паступілі ў слонімскі музей

Масквічка Надзея Мікалаеўна Уласік-Міхайлава перадала ў Слонімскі раённы краязнаўчы музей прыватныя рэчы свайго бацькі Мікалая Уласіка — генерал-лейтэнанта, былога галоўнага целаахоўніка Іосіфа Сталіна. Гэта фотаздымкі, наручны гадзіннік, партсігар, куфэрачак з выявай сям’і Уласіка, сувенірны рог — падарунак Васіля Сталіна, ордэн Чырвонага Сцяга, іншыя рэчы.

Падарунак з Масквы перасланы ў Слонім невыпадкова . Галоўны целаахоўнік Сталіна генерал-лейтэнант родам з Слонімскага раёна Мікалай Уласік у 1920-я гады служыў у атрадзе асобага аддзела ВЧК. З 1931 да 1952 года быў галоўным целаахоўнікам Сталіна, узначальваў асабістую ахову Сталіна. Беларусу Мікалаю Уласіку было даручана таксама арганізоўваць ахову асобнага аддзела ВЧК, Крамля і членаў савецкага ўрада. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Тэгеранскай, Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый.

У пачатку 1950-х гадоў над генералам Уласікам пачалі “згушчацца хмары”. Асноўную ролю ў краху яго кар’еры і самога жыцця сыграў Берыя, якім была сфабрыкавана справа дактароў санітарнага ўпраўлення Крамля, што нібыта хацелі атруціць правадыра. Па гэтай справе праходзіў і Мікалай Уласік, якога ў 1952 годзе арыштавалі. Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прызнала яго вінаватым у злоўжыванні службовым становішчам. Згодна з прыгаворам, Уласік быў пазбаўлены звання генерал-лейтэнанта. У яго забралі ўсе ўзнагароды і выслалі ў Краснаярск. І толькі дзякуючы дачцэ Надзеі Уласік-Міхайлавай пастановай Вярхоўнага суда Расіі ад 28 чэрвеня 2000 года прыгавор у адносінах да Мікалая Уласіка быў адменены і крымінальная справа спынена з-за адсутнасці складу злачынства.
Цяпер дачка галоўнага целаахоўніка Сталіна Мікалая Уласіка пажадала, каб памяць пра бацьку захавалася хоць на яго радзіме. Дарэчы, у 1940-я гады Мікалай Уласік вельмі часта бываў у роднай вёсцы Бабынічы на Слонімшчыне. Шмат дапамагаў сваякам і землякам. Сваіх уласных дзяцей у генерала не было, а Надзея — гэта дачка яго роднай сястры, якую ён удачарыў і якая лічыць Мікалая Уласіка сваім родным бацькам.

У тэму

Тры факты з жыцця Мікалая Уласіка

Мікалай Уласік — былы унтэр-афіцэр Расійскай арміі, які ў 1917 годзе перайшоў на бок рэвалюцыі, даўжэй за ўсіх (з 1931 года па 1952) пратрымаўся на афіцыйнай пасадзе галоўнага целаахоўніка Іосіфа Сталіна. Па ўспамінах Святланы Сталінай, Уласік фактычна з 1919 года знаходзіўся побач з яе бацькам.

У 1935 годзе ў Крыме ў час замаху на жыццё Сталіна, калі лёгкі прагулачны катэр правадыра быў нечакана абстраляны з берага, Уласік закрыў яго сваім целам і нават арганізаваў кулямётны агонь у адказ.

Аб адданасці Уласіка Сталіну хадзілі легенды. Пасля асуджэння за яго ўступіліся маршалы Жукаў і Васілеўскі. На допытах спачатку нават не адважваліся прымяняць да яго звычайныя тады “меры ўздзеяння”. Але заступніцтва маршалаў не дало выніку, а кіраўніцтву НКУС Сталін асабіста зрабіў разнос: чаму не прымяняюць да ворага народа катаванні? І тым не менш, нават прайшоўшы праз усе жахі рэпрэсіўнай машыны, сам Уласік да смерці ніколі не асуджаў Сталіна і заўсёды ўспамінаў аб ім з цеплынёй.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter