Прымадонна з беларускай вёскі Валокі

У Карэліцкім раёне адбыліся сустрэчы з вядучай салісткай Днепрапятроўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета Антанінай Гаркушай.
Антаніна ГаркушаУ Карэліцкім раёне адбыліся сустрэчы з вядучай салісткай Днепрапятроўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета Антанінай Гаркушай.

“Як брыльянт, упрыгожвае нашу ўкраінскую оперную сцэну беларускі салавей Антаніна Гіль-Гаркуша”, — такі аўтограф пакінуў на афішы Днепрапятроўскага тэатра оперы і балета яго галоўны дырыжор.

Гіль – дзявочае прозвішча Антаніны Сцяпанаўны Гаркушы. Як вядома, у беларусаў гіль – вельмі прыгожая птушка, яе называ-юць яшчэ снегіром, які прылятае ў Беларусь зімой. У адрозненне ад снегіроў, Антаніна Гаркуша “прылятае” на радзіму, у наш, Карэліцкі раён, пераважна летам. Вось і ў мінулым годзе яна пабывала найперш у Валоках, а потым у нашым музеі, дзе мы да юбілею спявачкі падрыхтавалі выставу “Прымадонна з Белай Русі”.

Дзе магла сялянская дзяўчынка з маленечкай вёскі Валокі ўпершыню сутыкнуцца, пазнаёміцца з “высокім” музычным мастацтвам? Мусіць, нешта было закладзена яшчэ ў генах. Бацькі будучай спявачкі, Сцяпан Кліменцьевіч і Марыя Сямёнаўна, мелі прыгожыя галасы. Бацька спяваў у царкоўным хоры, самавукам іграў на скрыпцы. Маці, цудоўная рукадзельніца, сваіх дзяўчынак, Зінаіду, Антаніну і Людмілу, прывучала да акуратнай працы. І матуліна навука спатрэбілася ў жыцці — госці нашага музея з цікаўнасцю разглядалі на выставе сукенку артысткі, якую яна сама арыгінальна вышыла.

Антаніна яшчэ ў дзяцінстве пачала марыць пра сцэну. Слухала па радыё оперныя арыі і дуэты.

Мара і прывяла Антаніну на вакальнае аддзяленне Мінскага музвучылішча імя Глінкі, да вопытнага педагога Ларысы Місюк. Потым, пераканаўшыся, што рэдкі голас яе вучаніцы па-трабуе далейшай шліфоўкі, выкладчыца сама адвезла Антаніну ў Адэскую кансерваторыю, да прафесара Вольгі Благавідавай. Паспяхова прайшоўшы праслухоўванне, наша зямлячка стала студэнткай. А ўжо на чацвёртым курсе пачала выступаць на сцэне Адэскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. На нашай выставе была афіша спектакля “Царская нявеста”: у ім студэнтка пятага курса Антаніна Гіль ужо выконвала партыю Марфы.

У кансерваторыі Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам, вакалістам Віктарам Гаркушам. Пасля заканчэння вучобы яны разам сталі працаваць у Днепрапятроўскім тэатры оперы і балета, выконваць на яго сцэне вядучыя партыі рэпертуару.

Талент ураджэнкі Карэліччыны, яе прыгожае лірыка-каларатурнае сапрана раскрыліся слухачам на спектаклях паводле опер Дж. Расіні “Севільскі цырульнік”, дзе яна выконвала партыю Разаліны (а ў ролі Фігара выступаў Віктар Гаркуша), і В. Моцарта “Вяселле Фігара”, аперэт “Цыганскі барон” і “Лятучая мыш”. У операх “Рыгалета” і “Травіята” Дж. Вердзі яна перажывала на сцэне лёсы Віялеты і Травіяты. Увага артысткі заўсёды засяроджвалася на ўнутраным свеце гераінь.

Дзеці спевакоў, блізняты Ігар і Алег, таксама звязалі свой лёс з музыкай – абодва скончылі тую ж Адэскую кансерваторыю па класе тубы і трамбона, стажыраваліся ў Германіі, у вядомай Фрайбургскай кансерваторыі. Ігар вярнуўся ў Днепрапятроўск, іграе ў тэатры оперы і балета. Алега ж пацягнула на радзіму маці – цяпер ён выступае ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

За 30 гадоў выступленняў на сцэне ў Антаніны Сцяпанаўны назапасіўся вялікі камерны рэпертуар. У сольныя канцэрты яна абавязкова ўключае беларускія народныя песні – пра тое сведчыла адна з афішаў на нашай выставе. А яшчэ спявачка штогод выконвае абавязкі члена журы фестываляў народных талентаў Украіны “Светач Прыдняпроўя” і “Дзіваграй”.

Пра творчасць і лёс спявачкі ішла гаворка на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця выставы ў нашым музеі. Пра жонку і маці гаварылі муж і сыны Антаніны Сцяпанаўны, якія таксама прыехалі ў Карэлічы на юбілейную ўрачыстасць. Зямлячку віншавалі намеснік старшыні райвыканкама А. Маркевіч і загадчык аддзела культуры Н. Матлахова. А на заканчэнне вечарыны сама госця парадавала нас голасам дзіўнай прыгажосці. Разам з класічнымі творамі спявала і народныя песні на беларускай, украінскай і рускай мовах.

Мы ж пераканаліся, што Антаніна Сцяпанаўна ганарыцца сваімі беларускімі каранямі, з вялікай павагай ставіцца да нацыянальных традыцыяў. І нам — гонар, што зямлячка наша годна прадстаўляе Беларусь за яе межамі.

Святлана КОШУР,
старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея ”Зямля і людзі”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter