“Прыходзьце ў госці да нас!..”

Чорным хлебам, прывезеным за тысячы кіламетраў — з самой Беларусі, частавалі на прэзентацыі самага маладога нацыянальна-культурнага аб’яднання Хабараўскага краю. Арганізатары свята ў нацыянальных касцюмах сімвалізавалі сабой усе шэсць абласцей краіны. Веяла беларускім духам: вось шытыя ручнікі, на якіх выносілі хлеб на другі дзень вяселля, вышыўка па чорным полі, плеценыя скрыначкі, бочачка з лазы... Карункавыя сурвэткі вязала Ірына Імагоева. Разныя лыжкі ды пано — справа рук Віктара Зяленіна з Магілёўкі. Самаробны абрус — свой пасаг — даслала Лізавета Вабішчэвіч
Гасціннае запрашэнне на святаЧорным хлебам, прывезеным за тысячы кіламетраў — з самой Беларусі, частавалі на прэзентацыі самага маладога нацыянальна-культурнага аб’яднання Хабараўскага краю. Арганізатары свята ў нацыянальных касцюмах сімвалізавалі сабой усе шэсць абласцей краіны. Веяла беларускім духам: вось шытыя ручнікі, на якіх выносілі хлеб на другі дзень вяселля, вышыўка па чорным полі, плеценыя скрыначкі, бочачка з лазы... Карункавыя сурвэткі вязала Ірына Імагоева. Разныя лыжкі ды пано — справа рук Віктара Зяленіна з Магілёўкі. Самаробны абрус — свой пасаг — даслала Лізавета Вабішчэвіч.

Беларуская абшчына — адна з самых шматлікіх на Далёкім Усходзе. Яшчэ ў кастрычніку 2001 года ў Хабараўскам краі была створана грамадская арганізацыя “Беларускае зямляцтва”. Мэты, якія спачатку ставілі перад сабой яе ўдзельнікі, былі вельмі актуальныя на той момант: узаемадапамога і зносіны беларусаў, якія пражываюць на Далёкім Усходзе, садзейнічанне ў сацыяльнай і культурнай адаптацыі землякоў, што прыязджаюць сюды, умацаванне і развіццё эканамічных і культурных сувязяў з Беларуссю.

— Пасля рускіх і ўкраінцаў у нас — ганаровае трэцяе месца: на Далёкім Усходзе пражываюць больш за 30 тысяч беларусаў, — гаворыць кіраўнік аддзялення беларускага пасольства ў Хабараўску, саветнік Аляксандр Труцько. — Але колькасць беларусаў у рэгіёне скарачаецца: калі ў 1992 годзе ў Хабараўскім краі было 8,5 тысячы нашых землякоў, то цяпер — 6,5 тысячы. З іх на консульскім уліку стаяць 300 чалавек.

Для тых, хто прыйшоў на прэзентацыю Цэнтра беларускай культуры, колер пашпарта не быў вырашальным фактарам. Як лічаць у міністэрстве эканамічнага развіцця і знешніх сувязяў адміністрацыі Хабараўскага краю, межаў паміж нашымі краінамі ў гуманітарным плане не існуе. Вось і на беларускім свяце госці былі розных нацыянальнасцяў: рускія, украінцы, татары, яўрэі…

— Не выпадкова наш край вядомы грамадскай і палітычнай стабільнасцю, тут няма нацыяналізму, — упэўнена кіраўнік упраўлення па сацыяльных пытаннях апарата губернатара і ўрада Хабараўскага краю Ларыса Барышава. — Нацыянальна-культурныя цэнтры таксама ўносяць свой уклад у фарміраванне такога спакойнага становішча ў краі. Пры краявым Савеце нацыянальных і міжнародных культурных сувязяў працуе ўжо 11 нацыянальна-культурных цэнтраў. І мы рады, што з’явіўся яшчэ адзін — беларускі. Гэтыя аб’яднанні спрыяюць збліжэнню і лепшаму разуменню адзін аднаго, развіццю і ўзаемаабагачэнню культур і моваў, ды і проста выдатным, паважлівым чалавечым зносінам.

Менавіта такімі зносінамі быў напоўнены беларускі вечар, калі на пару гадзін усё ахуталася атмасферай дзіўнай Белай Русі. На беларускай і рускай мовах спяваў ансамбль “Натхненне” пад кіраўніцтвам Андрэя Целяпнёва, і гэтыя знаёмыя мелодыі падхоплівала ўся зала. Пра мінулае распавядалі ветэраны вайны — былая партызанка Міхаліна Іосіфаўна Смірнова і Віталій Кірылавіч Адзінец. І зусім поўнае паразуменне запанавала за сталом, калі гаспадары вечара сталі частаваць гасцей спрадвечна беларускімі стравамі — дранікамі, калдунамі, печанай бульбай…

Таццяна Дзмітракова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter