Унікальны Канцэрт-падарунак да Дня горада ад беларусаў свету атрымалі мінчане і госці сталіцы

Прыгажосць, музыка і таленты

Мікалай Бойка

Унікальны Канцэрт-падарунак да Дня горада ад беларусаў свету атрымалі мінчане і госці сталіцы

padarunak.png

Гурт “Світанак” з літоўскага горада Вісагінаса  быў адным са шматлікіх на Фэсце


Колькі прыгажосці, музыкі, талентаў змог умясціць гэты незвычайны канцэрт на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы каля Палаца спорту! Госці Другога фэсту мастацтваў беларусаў свету паказвалі сваё сцэнічнае майстэрства, сярод іх салідна глядзеліся вялікія творчыя гурты беларускіх дыяспар з розных краін. Шэсць гадзін дзейства, адзін за другім на сцэну выходзілі вакальныя і танцавальныя гурты з Арменіі, Аргенціны, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі ды іншых краін, дзе жывуць беларусы і выхадцы з Беларусі.

На пачатку імпрэзы ўсіх павіншаваў са Святам горада дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. Гонар першай выйсці на сцэну мела спявачка Маргарыта Івануш, народная артыстка Малдовы, уладальніца Гран-пры на Міжнародным конкурсе раманса “Залатая хрызантэма” ў Румыніі. Актывістка таварыства “Малдова—Беларусь”, удзельніца розных мерапрыемстваў беларусаў Малдова, і сама — з беларускімі родавымі каранямі. Спадарыня Маргарыта, выканаўшы песню па-малдаўску, падарыла гледачам акапэльна і беларускую народную песню “А мне ў шчасце верыцца”. Шчырая любоў да Беларусі адчувалася ў кожнай яе песні.

padarunak2.pngХораша выступіла і Сняжана Кiрпiй, таксама з Малдовы: выканала знакамітую песню Уладзіміра Івасюка “Червона рута”. Бачыў: многія, слухаючы бадзёры матыў, не змаглі ўтрымацца і падпявалі…

Потым свае вершы “Шпакі” і “Маці” чытала паэтка з Кішынёва Вера Сугак. Творы ўраджэнкі Баранавіч прымушаюць задумацца: дзеля чаго мы на гэтым свеце? Паэтка лічыць, што жыццёвую дарогу кожнага вельмі ўпрыгожваюць кветкі дабра, ўзаемапавагі паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў.

Артыстаў з Малдовы змяніў народны ансамбль музыкі і танца “Вязынка” Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. Створаны на пачатку 70-х Леанідам Тушынскім, гурт і сёння цікава развіваецца пад яго мастацкім кіраўніцтвам. Танец “Полька-закружанка”, скажам, змусіў многіх гледачоў падняцца з месцаў ды падтанцоўваюць каля сцэны.

Кожны нумар выклікаў шмат добрых эмоцый гледачоў. Шчырасць, душэўнасць беларусаў, якія жывуць у замежжы, раскрываліся ва ўсёй прыгажосці.  Пры сцэне я пазнаёміўся з трыма Таццянамi з Італіі: Пумпулева, Канавалава і Леўсiк. Усе актывісткі асацыяцыі “BELLARUS” у Неапалі, якую самі і арганізавалі. Таццяна Леўсiк выступала на Канцэрце-падарунку, песні ў яе гарманічныя, нясуць добры настрой. Самай юнай удзельніцай канцэрта аказалася 7-гадовая Міла-Тамара,  дачка опернай спявачкі-беларускі Вольгі Сотнікавай-Рамас з Мексікі.

Кожны ўдзельнік канцэрту, кожны нумар — унікальны... Хочацца згадаць яшчэ ансамбль “Купава” Беларускага культурнага таварыства “Ялінка” з горада Маарду (Эстонія), ансамбль беларускай народнай песні “Надзея” Беларускага таварыства “Прамень” з Рыгі, творчы гурт “Аморфас” з польскага горада Семятычы Беластоцкага ваяводства…

Усім-усім гуртам і салістам — вялікі дзякуй! Спадзяемся, дарагія суродзічы, што яшчэ не раз будуць добрыя нагоды, каб шырэй расказваць пра вашу творчасць і ў далейшым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter