Праца таленты высвечвае

Гала-канцэрт лаўрэатаў XIII абласнога фестывалю руска-беларускага мастацтва “Единство” прайшоў у Самары ў гонар Дня яднання народаў Беларусі і Расіі
Самарскія беларусы да Дня яднання ўжо 13 гадоў ладзяць фестываль, які сёлета прысвячаўся 20-м угодкам Супольнасці Беларусі ды Расіі. На свята ў Доме культуры “Победа” сабраліся дзеці, моладзь, ветэраны — прадстаўнікі розных узростаў. Арганізатараў, гасцей і ўдзельнікаў творчага форуму павіншаваў Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, прыйшла ўрадавая тэлеграма ад губернатара вобласці Мікалая Мяркушкіна. Супрацоўніцтва Самарскай вобласці ды Беларусі актыўна развіваецца: з 2005 года дзейнічае Пагадненне паміж урадамі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Губернатар выказаў падзяку актывістам Самарскай абласной грамадскай арганізацыі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” за актыўную і плённую дзейнасць, уклад у захаванне міжнацыянальнага міру і згоды. У вітальным адрасе міністра культуры вобласці Сяргея Філіпава гаворыцца, што “сёння як ніколі важна захоўваць і пашыраць нацыянальна-культурную спадчыну, якая раскрывае творчы патэнцыял этнасаў Расіі, мае зарад стваральнасці, міру”. Прывітанні, віншаванні ўдзельнікам урачыстасці адрасавалі кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ва Уфе Дзяніс Цімохін, іншыя адказныя асобы, кіраўнікі шэрагу нацыянальна-культурных цэнтраў вобласці.


На фестывальнай сцэне ў Самары — беларускі вакальны ансамбль “Каданс”

Святочны канцэрт можна вызначыць як спевы слоў, мазаіку рытмаў, сцэнічных вобразаў і шквал эмоцый. Больш за 200 юных артыстаў заваявалі права падняцца на сцэну Гала-канцэрта. А ўвогуле, па словах кіраўніцы беларускай суполкі Ірыны Глускай, звыш 600 таленавітых дзяцей было ў адборачным туры па трох намінацыях. У творчых задумках ацэньваліся артыстычнасць, чысціня інтанавання, сцэнічная культура, арыгінальнасць выканання, якасць касцюмаў ды іх адпаведнасць нумару. На адборачным туры працавала вялікая шматнацыянальная каманда, у тым ліку гукарэжысёр Салауат Султанаў, вядучая Мілена Мкртчан, члены журы Марыя Далганава, Святлана Фаміных, Наталля Меліхава. Старалася Юлія Котава, Ірына Шаміева (адказная за працу буфета), а Юлія Цяплянская, Ларыса Камісарава і Георгій Курмакоў вялі фота- і відэаздымкі. “Трэба ж прадугледзець усё, каб зрабіць і свята, і дзяцей — шчаслівымі, і каб педагогі, бацькі за іх парадаваліся”, — гаворыць Ірына Міхайлаўна.  



Гала-канцэрт і па змесце, і па душэўнасці сапраўды быў адметным. Мяркую нават па тых станоўчых эмоцыях, якія панавалі ў зале і на сцэне. Было і натхненне, і захапленне, і радасць... Хораша спявалі беларускую народную песню “Прывітальную” артысты гурта “Звезды надежды” (педагог Наталля Ганчарова). А калі юныя выканаўцы казалі “Запрашаем у госці да нас,/ У гэты светлы і радасны час./Калі ласка, калі ласка!/Калі ласка, калі ласка!...”, то кожнаму, пэўна, хацелася паехаць у Беларусь.

Тэма беларускай гасціннасці гучала і ў песні “Гармонiк грае” ад вядомага ансамбля “Каданс”. А Вераніка Кузняцова душэўна спявала песню “Счастье русской земли”. Былі на канцэрце і танцы ў выкананні ансамбля народнага танца “Вдохновение”: рускі “Чеботуха” і беларускі “Крутуха”: юныя артысты для стварэння народных вобразаў выкарыстоўвалі і міміку, і жэсты.


Павага да традыцый — з дзіцячых гадоў

На фестывалі прайшла і віктарына з пытаннямі па гісторыі Саюзнай дзяржавы, пра памятныя даты Беларусі ды Расіі, выстава дзіцячых сачыненняў і рэфератаў на тэму “Расія—Беларусь: навекі адзіныя”.

Завяршыўся Гала-канцэрт уручэннем узнагарод. Гран-пры фестывалю журы прысудзіла Дзіцячаму ўзорнаму ансамблю “Горенка” (педагог Дар’я Сяргеева, канцэртмайстар Ілья Крукаў) у намінацыі “народны вакал”. “За час існавання Абласнога фестывалю-конкурсу дзіцяча-юнацкага мастацтва “Единство” праз яго сцэну прайшлі сотні таленавітых дзяцей, — задаволена зробленым заснавальніца і арганізатар фэсту Ірына Глуская. — Прайшоўшы праз наш фэст, многія змаглі годна прадстаўляць Самарскую вобласць на конкурсах федэральнага і міжнароднага значэння, некаторыя зрабілі паспяховую кар’еру. Бо наш фэст, акрамя ўсяго іншага, дапамагае юным артыстам зразумець: дзякуючы сваёй працавітасці можна шмат дасягнуць у творчай дзейнасці”. 

Мікалай Бойка, г. Самара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter