Покліч продкаў

Пра тое, як жылі і жывуць нашы суродзічы ў беларускіх вёсках і гарадах на ЦюменьшчынеГазета “Голас Радзімы” ўжо расказвала сёлета пра беларускае Купалле ў вёсцы Ермакі Вікулаўскага раёна Цюменьшчыны (гл.: “Як у родным краі”, №28 (3340), 25 ліпеня). Там многія народныя святы адзначаюцца ў ладзе з традыцыямі, якія прывезлі ў Сібір перасяленцы-самаходы з Беларусі ў канцы XIX стагоддзя. Тады ж, на Купалле, цёпла сустрэла гасцей з Цюмені, а гэта былі ў асноўным прадстаўнікі cуполкі “Беларусь”, Надзея Вычужаніна, кіраўнік Ермакоўскага Дома культуры і народнага фальклорнага гурта “Россияночка”. Мы паабяцалі чытачам, што раскажам і гісторыю беларускіх сёл Ермакі ды Асінаўка, запісаную са слоў Надзеі, якая і сама родам з тых беларусаў-самаходаў. Трымаем слова!
Пра тое, як жылі і жывуць нашы суродзічы ў беларускіх вёсках і гарадах на Цюменьшчыне

Беларуская экзотыка на сібірскім падвор’іГазета “Голас Радзімы” ўжо расказвала сёлета пра беларускае Купалле ў вёсцы Ермакі Вікулаўскага раёна Цюменьшчыны (гл.: “Як у родным краі”, №28 (3340), 25 ліпеня). Там многія народныя святы адзначаюцца ў ладзе з традыцыямі, якія прывезлі ў Сібір перасяленцы-самаходы з Беларусі ў канцы XIX стагоддзя. Тады ж, на Купалле, цёпла сустрэла гасцей з Цюмені, а гэта былі ў асноўным прадстаўнікі cуполкі “Беларусь”, Надзея Вычужаніна, кіраўнік Ермакоўскага Дома культуры і народнага фальклорнага гурта “Россияночка”. Мы паабяцалі чытачам, што раскажам і гісторыю беларускіх сёл Ермакі ды Асінаўка, запісаную са слоў Надзеі, якая і сама родам з тых беларусаў-самаходаў. Трымаем слова!

Што такое “ісці ў сугляды”?
Сярод прышлых людзей у Заходняй Сібіры найбольш было выхадцаў з беларускіх губерняў: Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай ды Мінскай. Яны, расказваюць старажылы, былі больш пісьменныя і карысталіся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў: татараў і вагулаў. Перасяленцы ў гады Сталыпінскай рэформы, на пачатку ХХ стагоддзя, усё прыбывалі, і ў Вікулаўскім рэгіёне з’явіліся такія вёскі, як Ермакі, Асінаўка, Ялоўка, Бярозаўка ды многія іншыя.
Спачатку ў Сібір сяляне-беларусы адпраўлялі сваіх “разведчыкаў”, пра іх казалі, што яны “пайшлі ў сугляды” — гэта значыць, на агледзіны. Ну вядома ж: трэба было, як кажуць, сем разоў адмераць, перш чым рашыцца на такі круты паварот лёсу. Калі суглядчыкі вярталіся, усё расказвалі землякам — тады ўжо, усё ўзважыўшы, самыя смелыя рашаліся на групавыя самавольныя пераезды.
Паводле ўспамінаў старажылаў, у Ермакоў пачыналася ўсё так. Перасяленцы Пракоп Крупнік ды Еўдакім Мельнікаў з Рагачова (цяпер горад, раённы цэнтр у Гомельскай вобласці, каля 35 тысяч жыхароў. — Рэд. ) абралі гэтае ўзвышша паміж густых лясоў. Дзе адчулі цяпло, там, значыць, хаце і быць. Заклалі спачатку пяць хатаў, а праз год з вёсак Пагінь (можа: Рагінь? Такая назва сустракаецца ў дакументах пазамінулага стагоддзя. — Рэд.) і Бушаўка Рагачоўскага павета Гомельскай губерні прывезлі з сабой 20 сем’яў. Вуліцам вясковым давалі “свае” назвы, у сямейных альбомах захоўвалі старадаўнія фатаграфіі дзядоў. І кожны з перасяленцаў так марыў, часам і недасяжна, яшчэ хоць раз у жыцці пабачыць зямлю родную, Беларусь.
Доўгі час на Цюменьшчыне шанаваўся прадаўні беларускі звычай: будаваць хаты талакой, дапамагаючы адзін другому. Вяселлі ды хрэсьбіны ў Ермаках і па гэты час спраўляюць па-беларуску. Захавалі мясцовыя жыхары і сваю асаблівую гаворку. Як казала адна чалдонка (а рускія-чалдоны прыплылі ў Ермакі па рацэ): “Столько лет беларусы в Сибири живут, а “лук” всё равно цыбуляй называют, “свеклу” — бураком, а “кувшин” — крынкай”.
Святлана Фёдарава, удзельніца ансамбля “Лянок” з Цюмені, распавяла: “Зайшлі мы ў двор да старэнькай бабулі, ёй гадоў з 80, а там — кадушкі стаяць, матыка. І ў сенцах пах паранай бульбы: ну як у маёй бабулі ў беларускай вёсцы! І глядзіць гэтая бабулька на нас гэтак жа ўважліва, называе нас “дзетачкі”, кажа: “Праходзьце, калі ласка, у хату!”. І заспявала нам, як папрасілі, такім тоненькім галасочкам — так, як яе навучылі некалі бацькі. А песні ўсё сумныя, бо тужылі яны па сваёй далёкай Бацькаўшчыне. Хто бываў на Магілёўшчыне, то ведае: калі з Магілёва едзеш, то Баркалабава праязджаеш, Боўкі, Быхаў… Дык вось, я даведалася, што менавіта з тых месцаў беларускіх цюменьскія самаходы сюды і прыйшлі. Атрымліваецца, што ў Ермаках і ў мяне ёсць радня з тых даўніх часоў, бо сама ж я родам з Быхава. А можа, хто з сучасных жыхароў тых беларускіх мясцін хацеў бы знайсці сваіх родных у нашых сібірскіх вёсках? То звяртайцеся — дапаможам па-зямляцку!”

У купальскую пару на вуліцы ў ЕрмакахБеларускія вёскі — упрыгажэнне Сібіры
Як уладкоўваліся раней на новым месцы перасяленцы з Беларусі? “Атрымлівалі самаходы не лепшыя землі, — працягвала размову Надзея Вычужаніна, — Даставаліся ім надзелы ў аддаленых багністых месцах, дзе не ступала нага чалавека, дзе процьма камароў, гнюса і авадоў. А трэба ж было неяк прывыкаць да новага клімату, да іншага жыццёвага ўкладу. Але з часам беларускія вёскі сталі ўпрыгажэннем Сібіры. Беларусы прывезлі з сабой новыя прылады працы: сохі, акучнікі для бульбы, бароны плеценыя, кіркі-матыкі, а таксама прылады для вырабу скур і аўчыны, кавальскія і сталярныя інструменты, новае насенне лёну... Займаліся так званым бульбяным вінакурэннем, трымалі свае пасекі-пчальнікі, пазней нават былі курсы па льнаводстве і пчалярстве”.
Вырошчвалі нашы продкі ў Сібіры бульбу, жыта і пшаніцу, спраўна плялі лапці ды кошыкі. Беларусы мелі досвед будаўніцтва каналаў і шлюзаў, а як рыбаловы выкарыстоўвалі не бачаныя тут раней снасці: вуду для зімовай лоўлі, рагульку, астрогу, брэдзень (яго яшчэ называюць крыга) ды іншыя. Мелі і навыкі палявання, якія асвоілі яшчэ ў ХV стагоддзі. У іх былі паляўнічыя сумкі з сігнальным рогам ды кашалём з бяросты, фіцільныя альбо крэмневыя стрэльбы, так званыя талеркавыя пасткі, а таксама пасткі-самаловы, розныя сілкі для лоўлі рабчыкаў, зайцоў і нават лася. Там, дзе жылі беларусы, квітнела хатняе ткацтва, вядома ж, з захаваннем традыцыйных арнаментаў на вырабах. Хаты беларускіх вяскоўцаў стаялі ўсе моцныя, дагледжаныя, прыгожыя.
Што яшчэ згадваюць цюменьскія беларусы? “Доўгімі зімовымі вечарамі збіраліся вяскоўцы ў адной з хат і спявалі старадаўнія песні, прычым захоўваючы шматгалоссе, — расказала Надзея Іванаўна. — Тыя песні цяпер спяваем і мы, ужо праўнучкі беларускіх сялянак-перасяленак. У нас па гэты час захаваліся многія беларускія звычаі, а ў музеі выстаўляем экспазіцыі беларускіх касцюмаў, вышыўкі, рознае хатняе начынне. Сёння ў нас у Ермаках створаны ўсе ўмовы для творчасці, ёсць музычныя інструменты, касцюмы для ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, але галоўнае — жаданне зберагаць даўніну ёсць... Летась да нас з Мінска прыязджалі госці, значыць, тое, што мы робім, цікава і ў Беларусі. Жывём мы сумленна, ганарымся сваёй гістарычнай радзімай — ну і яна можа ганарыцца намі!”

“Прыходзьце на Свячу к Івану¬багачу!”
Паводле мясцовага падання, першыя дамы суседняй з Ермакамі вёскі самаходы з Магілёўскай губерні будавалі з асіны: шкада, казалі, было секчы “чырвоны лес”. Таму так і вёску назвалі: Асінаўка. З тых даўніх гадоў там захаваўся ўнікальны звычай пераносіць на Каляды з хаты ў хату абраз “Уваскрасенне Хрыстова”, які называюць “Свячой”. Лічыцца, што для захавальнікаў абраза год будзе шчаслівым, а іх дом становіцца своеасаблівай царквой, куды можна прыходзіць з малітвамі ды просьбамі да Бога. Прыносяць і “чыншы” — дары, на якія гаспадар купляе свечкі ды частуе гасцей.
Перанос іконы праходзіць вельмі ўрачыста. На Куццю спяваюцца малітвы, раніцай ад адной хаты да другой высцілаюць шырокую дарожку з саломы. Выносяць абраз мужчыны, наперадзе ідзе гаспадыня з хлебам-соллю. Усе прысутныя становяцца на калені. У двары, што прымае ікону, святыню ўжо сустракаюць новыя гаспадары ды ставяць яе на покуць, у чырвоны кут.
Да рэвалюцыі гэтая ікона знаходзілася ў Ермакоўскай Мікольскай царкве: яе прывезлі з сабой з Беларусі самаходы. Калі ж царкву разбурылі, святыню хавалі ў свіранах ды ўпотай пераносілі з хаты ў хату. За ўсю гісторыю вёскі, кажуць, толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны абрад гэты не здзяйсняўся.
Адкуль такі звычай? Ёсць звесткі, што ў Магілёўскай губерні “Свячой” называлі абразы, якім пакланяліся ўсе жыхары вёскі. Падобны абрад, кажуць, захаваўся ў вёсцы Басценавічы Магілёўскай вобласці. Там 17 снежня, да дня Вялікапакутніцы Варвары, таксама пераносяць абраз і называюць свята “Варварынская Свяча”. Ці так гэта? Спадзяемся, пра тое нам раскажуць беларускія культуролагі.
Існаваў у Асінаўцы яшчэ адзін абрад. У перыяд доўгай засухі бабулькі рабілі такую замову: за адзін дзень ткалі абыдзеннік — ручнік да 3-х метраў у даўжыню. Потым ставілі на поле ля рэчкі стол, а на яго — іконы і хлеб-соль. Чыталі малітвы ды з хрэсным ходам абыходзілі вёску, акраплялі вадой пасевы. А затым тапілі абыдзеннік у рацэ. І ноччу, паводле законаў народнай магіі, пачынаўся дождж...

Родны кут у СібірыУклад беларусаў у Сібір, ці Інтэграцыя працягваецца
Жыццё не стаіць на месцы, і беларусы ў Сібіры жывуць таксама ў нагу з часам. Цяпер з розных крыніц можна даведацца, што беларусы ўнеслі значны ўклад у асваенне Сібіры і ў больш познія часы. З Беларусі ў наш рэгіён прыехала шмат кваліфікаваных рабочых, механізатараў, спецыялістаў. За савецкім часам 75 беларускіх прадпрыемстваў супрацоўнічалі з Сібір’ю і Алтаем, укараняючы там перадавую агратэхніку, ветэрынарыю, наватарскія метады ўборкі ўраджаю. Сярод прадпрыемстваў, якія адгружалі сюды сваю прадукцыю, былі Гомельскі завод сельскагаспадарчых машын, Мінскі аўтазавод і многія іншыя.
Беларусы прымалі ўдзел у будаўніцтве электрастанцый на Обі і Енісеі, а нафтавікі з Палесся першымі пачалі выкарыстоўваць вахтавыя і экспедыцыйныя метады працы на сібірскіх радовішчах. У Ніжневартаўску, напрыклад, было створана беларускае ўпраўленне свідравых работ аб’яднання “Беларусьнафта”. Заказы для нафтавікоў Заходняй Сібіры выконвалі Бабруйскі машынабудаўнічы і Мінскі электратэхнічны заводы, Мінскі падшыпнікавы, Лідскі лакафарбавы, Магілёўскі “Будмаш”... Светлагорскае ўпраўленне свідравых работ пастаўляла свідравыя трубы. З Ліды, Баранавіч, Маладзечна, Оршы завозілі жалезабетонныя вырабы, з Гомеля — зборна-шчытавыя домікі. Дзякуючы такой дружнай талацэ за кароткі тэрмін Цюменьская вобласць і стала вядучай нафтагазаздабыўнай базай вялікай краіны.
Можна згадаць і такі паказальны факт. Калі ў сібірскім рэгіёне не хапала жылых дамоў і аўтадарог — быў утвораны трэст “Белнафтадарбуд”. У балотах ды непраходных лясах пачалі ўладкоўвацца базы па рамонце машын і захоўванні грузаў, узводзілі жылыя і адміністрацыйныя памяшканні, будавалі цэлыя новыя гарады і дарогі. Тыя аб’екты станавіліся падшэфнымі будоўлямі Беларусі. Самалётамі дастаўлялі прадукты харчавання. Беларускі “Будтрэст №37” тады ўзвёў цудоўны горад Лангепас і некалькі вахтавых пасёлкаў: Брэсцкі, Мінскі, Дняпроўскі. Вядомы цяпер горад Губкінскі ў 1986-м быў заснаваны беларускім камсамольскім будатрадам. Многія беларусы, дарэчы, і засталіся там жыць, а мэрам горада неаднаразова абіраўся і застаецца Валерый Лебядзевіч, камісар атрада першапраходцаў. Удзельнічалі нашы і ў будаўніцтве чыгуначнай магістралі “Цюмень — Ніжнявартаўск — Сургут — Урэнгой”. Ветэраны тых будоўляў згадваюць, як працавалі ў складаных умовах: узімку маразы за 50 градусаў, у цёплую пару года — гразкія балоты, камары ды гнюс, непраходная тайга. Але людзі ведалі: іх праца вельмі патрэбная. І цяпер беларусаў Цюмені радуе, што інтэграцыйныя працэсы паміж Цюменьскай вобласцю і Беларуссю не спыняюцца, а традыцыі дружба і ўзаемадапамогі паміж народамі толькі ўмацоўваюцца.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

На здымках:
Беларуская экзотыка на сібірскім падвор’і
У купальскую пару на вуліцы ў Ермаках
Родны кут у Сібіры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter