На Капыльшчыне, у вёсцы Пясочнае, на радзіме знакамітага музыкі і паэта-песенніка ўрачыста адзначылі 110-я ўгодкі земляка

Песеннае шчасце Адама Русака

Іван Іванаў

На Капыльшчыне, у вёсцы Пясочнае, на радзіме знакамітага музыкі і паэта-песенніка ўрачыста адзначылі 110-я ўгодкі земляка

rusak.pngШчасце для кожнага — гэта калі дзеці твае знаходзяць правільную дарогу ў жыцці ды бацькоў не забываюць. І для паэта радасць, калі плён тваёй творчасці запатрабаваны, а вершы і песні, у якія ўклаў часцінку душы, жывуць у народзе. Мяркую, ва ўраджэнца вёскі Пясочнае Адама Русака ў жыцці не раз была нагода парадавацца за свае творы. Асабліва за песню “Бывайце здаровы”, музыку да якой у 1936 годзе напісаў яго сябар Ісаак Любан. Некаторы час яе лічылі народнай, фальклорнай — але ўрэшце спадар Адам даказаў сваё аўтарства.

“Бывайце здаровы,/ Жывiце багата,/ А мы ад’язджаем/ Да дому, да хаты...” Песня стала вядомай па Беларусі, яе спявалі па ўсім Савецкім Саюзе. Ды пайшла яна за межы Бацькаўшчыны па-руску ў перакладзе Міхаіла Ісакоўскага. І верш капыляніна яму прыпісвалі, ды сам Ісакоўскі прызнаў у свой час аўтарства Адама Русака. Наш зямляк змясціў тэкст песні ў сваім першым паэтычным зборніку “На родных палетках”, што падрыхтаваны быў у 1940-м, а выйшаў у 1946 годзе. А пераклад Ісакоўскага з’явіўся ў нумары “Правды” за 1 студзеня 1937 года з прыпіскай: “Песня записана со слов тов. Русака в колхозе “Красный пахарь” Копыльского района Белорусской ССР. Из материалов для тома “Народное творчество”, присланных в редакцию”.

З гутарак з журналістамі Людмілы Русак, дачкі паэта і музыканта, вядома: Любан і Русак разам вучыліся ў Беларускім музычным тэхнікуме, які яе бацька закончыў па класе скрыпкі ў 1930 годзе. Потым у сяброў было творчае супрацоўніцтва. Капылянін далей вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі па класе валторны, быў з 1932 года салістам аднаго з піцерскіх аркестраў, з якім і эвакуаваўся ў вайну ў Арэнбург. Пасля працаваў у Беларускай дзяржфілармоніі. Не стала паэта-песенніка ў 1987-м, пахаваны на могілках роднай вёскі Пясочнае.

Яшчэ звесткі з радаводу паэта. Аказваецца, дзед ягоны быў жанаты на прыгожай малдаванцы — пэўна, таму такі чарнавалосы і сам Адам Герасімавіч. У бацькі яго быў музычны талент. І сам сялянскі хлопчык з васьмі гадоў зарабляў на хлеб, граючы на скрыпцы.

ludmila-rusak.pngГэтыя ды іншыя факты жыцця і творчасці згадваліся пад час урачыстасцяў на Капыльшчыне, дзе адзначалі 110-я ўгодкі Адама Русака. Гаварылі, што песня “Бывайце здаровы” шырока паляцела ў свет дзякуючы спявачцы Ларысе Александроўскай, якую аўтары ведалі па вучобе ў музтэхнікуме. Нотны чыставік ёй перадаў кампазітар, і яна праспявала песню на канцэрце для дэлегатаў рэспубліканскага з’езда партыі 15 чэрвеня 1937 года. Раней “Бывайце здаровы” праспявалі Кухараў і Рубінштэйн у прамым эфіры Беларускага радыё. Александроўская вывела песню ў людзі: яе голас часта гучаў і на Усесаюзным радыё. Твор упрыгожыў праграму Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве летам 1940 года. А ў кінафільме “Канцэрт на экране” таго ж года яе спявалі Эдзіт і Леанід Уцёсавы. І ў 1942-м у фільме “Канцэрт — фронту” Уцёсаў яе спяваў. Увогуле ў гады вайны па матывах тэкста і мелодыі з’явілася мноства варыянтаў песні, твор абудзіў сутворчасць найперш франтавікоў і партызанаў. Па словах дачкі Адама Русака, народны артыст СССР, знакаміты кіраўнік хору Рыгор Шырма лічыў, што ўдалая музыка ў песні ёсць найперш заслуга паэта: верш глыбока напеўны, лірычны, кампазітару ўдалося “злавіць” мелодыку. У наш час песню спявалі Іосіф Кабзон, Якаў Навуменка, Надзея Мікуліч, ансамбль “Песняры”.

На паэтава свята на Капыльшчыну выязджалі ўдзельнікі праекта Музея літаратуры і Саюза пісьменнікаў “Літаратурныя падарожжы”. “На гэты раз у камандзе былі першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, паэт і бард Канстанцін Цыбульскі, рэдактар літаратурных праграм беларускага радыё Галіна Шаблінская, паэтэса Іна Фралова, — расказала супрацоўніца  Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка. — З намі была і дачка паэта Людміла Русак — яна знаўца італьянскай мовы, перакладчыца. Дарэчы, Людміла Адамаўна пад час урачыстасцяў перадала футарал ад скрыпкі ў бацькаў музей, а скрыпку збераглі самі землякі. Вельмі сімвалічная дзея. Прыгожым атрымаўся літаратурна-музычны спектакль артыстаў Белдзяржфілармоніі “Без песні я жыць не магу”, прысвечаны памяці Адама Русака. Яго паставіла Зінаіда Феакцістава”.

Госці і землякі паэта ўсклалі кветкі на яго магілу, гасцявалі ў хаце ў суседняй вёсцы Малінаўцы, дзе бацькі Людмілы Адамаўны набылі хату пад лецішча. Мясціны там — вельмі прыгожыя, нездарма Адам Русак лічыў Пясочнае, Малінаўку сапраўдным раем, лепшым кутком на зямлі. Цікава прайшла сустрэча літаратараў з вучнямі Песачанскай школы пад назвай “Літаратурнае падарожжа на радзіму Адама Русака”. На імпрэзе былі і вучні Лясноўскай, Слабадакучынскай і Старыцкай школаў. Для гасцей правялі экскурсію па музеі паэта, што дзейнічае пры школе. Пазней дачка паэта расказвала пра бацьку на фоне фотавыставы, што ў фае Песачанскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Упрыгожыла святочную дзею і выступленне народнага аркестра народных інструментаў “Капыльскія дудары”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter