Ва Усеўкраінскім фестывалі нацыянальных культур “Дружба” паўдзельнічала і беларуская суполка “Голас Радзімы” з Мікалаева

Парад на Саборнай вуліцы

Ва Усеўкраінскім фестывалі нацыянальных культур “Дружба” паўдзельнічала і беларуская суполка “Голас Радзімы” з Мікалаева


Беларусы з суполкі “Голас Радзімы” на фестывальнай вуліцы ў Мікалаеве

Па традыцыі штовосень Мікалаеўскі аблсавет нацыянальных таварыстваў праводзіць этнафестываль, на якім прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў паказваюць сваё мастацтва, культурныя традыцыі. Сёння “Дружба” мае элементы шоу, фестываль дапамагае энтузіястам зберагаць самабытную культуру сваіх народаў на ўкраінскай зямлі. Як гаворыць старшыня праўлення Савета нацыянальнасцяў Лаліта Каймаразава, фестываль – гэта свята прадстаўнікоў этнасуполак не толькі Мікалаеўшчыны, поўдня Украіны, але і ўсёй краіны. На ім можна пабачыць шмат з таго, чым багатая Украіна шматнацыянальная: танцы, народныя напевы, яркія касцюмы. Прычым удзельнікі фестывалю маюць адкрытыя сэрца, гатовыя дзяліцца радасцю творчасці з гледачамі. “Мы – адзіныя, – упэўнена Лаліта Каймаразава. – Хоць і гаворым на розных мовах, і спяваем розныя песні, але ў душах нашых жыве любоў і сяброўства”.

Цяпер фестываль праходзіць у плыні абласной мэтавай нацыянальна-культурнай праграмы “Захаванне і развіццё этнічнай, культурнай і моўнай самабытнасці нацменшасцяў Мікалаеўскай вобласці”. Актыўна паўдзельнічала ў ім і наша суполка: Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Спачатку на Саборнай, галоўнай вуліцы горада, у каштанавым скверы прайшоў песенна-танцавальны канцэрт. Фальклорны гурт суполкі спяваў беларускія песні “Бульбачка” і “Цячэ вада ў ярок”. Гледачам спадабалася: яны і падпявалі, і падтанцоўвалі.

Прадстаўнікі розных этнасуполак імкнуліся паказаць самабытнасць, прыгажосць сваёй культуры: беларусы, армяне, азербайджанцы, крымскія караімы, грузіны, грэкі, палякі, яўрэі, балгары і, вядома ж, украінцы. Яркім відовішчам стаў святочны парад: пад сцягамі розных дзяржаў, у традыцыйных строях, з песнямі ды вершамі ўсе мы прайшлі па Саборнай да абласнога Палаца культуры. Там працавала выстава прадметаў культуры і побыту розных народаў: карціны, ручнікі, нацыянальнае адзенне, кнігі, упрыгажэнні, цацкі... Наша экспазіцыя зацікавіла многіх, ля нашых сталоў было шмат людзей: разглядалі рушнікі ды іншыя тканыя, вышываныя вырабы, сувеніры, кнігі, газеты. Як заўсёды, вялікую ўвагу прыцягвала яркая, з густам аформленая газета “Голас Радзімы”, якую мы штотыдзень атрымліваем па пошце з Бацькаўшчыны. Вялікі дзякуй за гэта Беларусі, рэдакцыі газеты!

Актывісты нашай суполкі ў прыгожых нацыянальных строях таксама прыцягвалі ўвагу. З намі многія віталіся, казалі добрыя словы пра Беларусь і беларусаў, фатаграфаваліся на памяць. А файныя строі, дарэчы, нам падарыў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Мінкультуры Беларусі, паспрыялі таму Амбасада Беларусі ва Украіне і Генконсульства Беларусі ў Адэсе. Усім нашым дабрадзеям – вялікі дзякуй і паклон!

Свята прайшло ў атмасферы дружбы, міру, любові. Прадстаўнікі ўсіх этнасуполак адчувалі сваю еднасць, бо Мікалаеўшчына – гэта адзін з самых шматнацыянальных рэгіёнаў Украіны. Нягледзячы на розную гісторыю, мовы, традыцыі, веру, усе ўдзельнікі фестывалю паказалі: мы адзіныя і дружныя, бо для ўсіх, дзе б мы ні нарадзіліся, Украіна цяпер – дарагая і родная. Як і тая зямля, адкуль у нас родавыя карані.

Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца суполкі “Голас Радзімы”, г. Мікалаеў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter