Паміж Янам і Алексам

Творы студэнтаў-мастакоў з Беларусі і Аўстрыі дэманстраваліся ў Доме дружбы
Творы студэнтаў-мастакоў з Беларусі і Аўстрыі дэманстраваліся ў Доме дружбы

Пад час Дзён Аўстрыі ў Беларусі мастацкая выстава “Мінск / Лінц” ладзілася ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Творы — вынік студэнцкага абмену паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Універсітэтам мастацтваў Лінца, які адбыўся дзякуючы зацікаўленасці абодвух бакоў, а таксама Аўстрыйскаму культурнаму форуму і “Прыорбанку”. Удзельнікаў адбіралі на конкурснай аснове, і ўрэшце ў Лінцы навучаўся Ян Жвірбля, а ў Мінску — Алекс Каплун.
Папрацавалі хлопцы плённа: выстава ўмясціла толькі невялікую частку іх творчай справаздачы. Ян выканаў ілюстрацыі да навэлы Франца Кафкі “Пераўвасабленне”, рабіў замалёўкі, шаўкаграфіі, літаграфіі, афорты. Алекс ініцыяваў беларуска-аўстрыйскі мастацкі праект “ФРЫКІ / FREAKY” — гэта фільм і серыя фігур, выкананых з пап’е-машэ як аўстрыйцам, так і студэнтамі БДАМ Алесяй Жыткевіч, Алесяй Галотай, Уладзімірам Грамовічам і Разалінай Бусел.
Ян і Алекс ужо заявілі пра сябе як цікавыя мастакі, а навучанне на працягу семестра ў творчай ВНУ іншай краіны, безумоўна, паспрыяе іх творчаму росту.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter