Паміж Ліпкамі і Атбасарам, альбо Як жывуць беларусы ў Казахстане

Нядаўна ў рэдакцыю завітаў госць з Казахстана, наш суайчыннік Валерый Сіліч. Ён мае дзве вышэйшыя адукацыі, займаецца бізнесам, а яшчэ ўзначальвае нацыянальна-культурны цэнтр “Беларусь” у Атбасарскім раёне Акмолінскай вобласці...
Мяркуючы па звестках, якія паступалі сёлета з Казахстана, там актывізавалася работа беларускіх суполак. Нагадаем, газета ўжо расказвала, што землякі прыязджалі на гістарычную Радзіму збіраць экспанаты для арыгінальнага музея — Беларускай хаты, потым, восенню — і пра яе ўрачыстае адкрыццё ў горадзе Усць-Каменагорску Усходне-Казахстанскай вобласці. Пра “родны кут” для беларусаў удалечыні ад Бацькаўшчыны паклапаціліся разам Асамблея народаў Усходняга Казахстана, Усходне-Казахстанскі абласны архітэктурна-этнаграфічны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік і Абласное грамадскае аб’яднанне “Усходне-Казахстанскі беларускі культурны цэнтр”. Садзейнічала ў афармленні інтэр’еру хаты і беларускае пасольства ў Казахстане.

Валерый Сіліч  адчувае сябе сваім і ў Казахстане, і ў БеларусіА нядаўна ў рэдакцыю завітаў госць з Казахстана, наш суайчыннік Валерый Сіліч. Ён мае дзве вышэйшыя адукацыі, займаецца бізнесам, а яшчэ ўзначальвае нацыянальна-культурны цэнтр “Беларусь” у Атбасарскім раёне Акмолінскай вобласці. З сярэдзіны 50-х гадоў на цаліне, у пасёлку Нова-Аляксандраўка, пасяліліся светлай памяці яго бацькі — Аляксандр Аляксандравіч і Алена Іосіфаўна. Бацька, былы франтавік, які прайшоў усю вайну, быў майстрам на ўсе рукі. Маці пякла смачны хлеб: і ў роднай вёсцы Ліпкі Горацкага раёна, і потым на цаліне. Сям’я пераехала ў Казахстан з чатырма малымі, Валерыю быў толькі год. Але Беларусь па-ранейшаму застаецца для Валерыя Сіліча роднай і дарагой: цяпер у Мінску жывуць усе тры яго дачкі: Алёна, Таццяна і Юлія, а таксама трое ўнукаў.

— Скажыце, Валерый Аляксандравіч, «беларускія сляды» былі ў казахскіх стэпах, пэўна ж, і да першых цаліннікаў?

— Спачатку, не па сваёй волі, гэтыя прасторы адкрывалі для сябе некаторыя з удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. З гадамі беларусы, як гаворыцца, пусцілі моцныя карані ў цалінных землях. Напрыклад, кіраўніком першага ўрада Казахстана быў беларус В. Радус-Зяньковіч, якога ў Беларусі больш ведаюць як публіцыста. Шмат нашых з’явілася ў Казахстане на пачатку Вялікай Айчыннай: туды былі эвакуіраваны многія заводы, навуковыя і культурныя ўстановы. У прыватнасці, Беларускі тэатр оперы і балета.

— А пасля вайны бадзёрая савецкая песня “едут новосёлы по земле целинной” ужо без прымусу завабіла моладзь, накшталт вашых бацькоў, “в дальние края”…

— Тады ў Казахстан добраахвотнікі эшалонамі выязджалі! Сталі сваімі гэтыя землі і для дзесяткаў тысяч беларускіх сялян, будаўнікоў, спецыялістаў. Уявіце, колькі ж нас было там, калі на пачатку 2005 года ў Казахстане налічвалася каля 95 тысяч этнічных беларусаў, 0,6 працэнта ад насельніцтва краіны. Зрэшты, беларусы ніколі не адасабляліся ад іншых народаў, рэгістравалася шмат інтэрнацыянальных шлюбаў. І ў мяне самога жонка, Альма Кандрацьеўна, родам з Паволжскіх немцаў. А яшчэ казахі вельмі цэняць у стасунках між людзьмі любоў і справядлівасць — менавіта ж у гэтым, як казаў вялікі казахскі мысляр Абай, і ёсць пачатак чалавечнасці. Вядома, кожны шукае, дзе яму лепш будзе жыць. І не толькі ў сэнсе матэрыяльным. Я ў таго ж Абая прачытаў: чалавек можа быць шчаслівым толькі тады, калі яго памкненні і старанні разумеюць і падзяляюць і іншыя. Добрая ўвага — вось што кожнага з нас акрыляе.

— Валерый Аляксандравіч, на вашых вачах адбывалася фарміраванне і станаўленне беларускай дыяспары ў Казахстане. Калі гэты працэс пачаўся, што яму спрыяла?

— Мы адчувалі сябе беларусамі заўсёды, але найбольш востра — мусіць, адразу пасля распаду СССР. А першае аб’яднанне беларусаў у Казахстане было зарэгістравана ў Алматы ў снежні 1992-га. На сходзе ініцыятыўнай групы была зацверджана і назва: Нацыянальна-культурны цэнтр “Беларусь”, выбраны савет. Дарэчы, старшынёй яго аднагалосна быў выбраны рэктар Казахскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, наш зямляк родам з-пад Стоўбцаў Павел Атрушкевіч. У той час ён быў казахскім сенатарам і намеснікам старшыні Асамблеі народаў Казахстана. А ў горадзе Атбасары суполка была арганізавана восем гадоў таму, і ўвесь час ёй кірую я. Мы праводзім вялікую культурна-асветніцкую работу, наладжваем фальклорныя святы, удзельнічаем у грамадскім жыцці раёна. Магу засведчыць, што з моманту адкрыцця беларускага пасольства ў Казахстане, у 1997 годзе, і па жнівень 2006-га самы непасрэдны ўдзел у наладжванні работы з дыяспарай прымала Пасол Ларыса Пакуш. І цяпер усе добрым словам згадваюць гэтую жанчыну. Дзякуючы ёй мы атрымлівалі звесткі пра тое, чым жыве Беларусь, як разгортваюць работу нашы супляменнікі ў іншых краінах. Добрыя стасункі з пасольствам застаюцца ў нас і цяпер.

— Ці ёсць у вашага цэнтра справа, якую вы маглі б прэзентаваць як вопыт для пераймання іншым беларускім суполкам замежжа?

— Мяркую, гэта дамова аб супрацоўніцтве Горацкага раёна Магілёўскай вобласці, адкуль ідуць мае радавыя карані, з Атбасарскім раёнам Казахстана. Мы маем моцныя кантакты. Нават прымалі ў сябе дэлегацыю з Горацкага раёна, і дэлегацыя з Казахстана прыязджала ў Горкі. На свае вочы людзі пабачылі, як хто жыве. Такія міждзяржаўныя стасункі, на мой погляд, вельмі карысныя і перспектыўныя.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter