Англичане строят детские площадки для белорусских детей

Падарожжа англiйскага караблiка

Выдатным падарункам стала для беларускіх дзяцей дабрачынная дапамога англійскіх суднабудаўнікоў. Унікальныя пляцоўкі-збудаванні ў выглядзе драўляных суднаў  упрыгожылі бальніцы, дзіцячыя лагеры, псіханеўралагічныя інтэрнаты, цэрквы. Карэспандэнты «Р» сустрэліся з аўтарамі дабрачыннага праекта.


Шмат`яруснае драўлянае судна «Айцец Генадзь» прышвартавалася каля царквы ў гонар Мікалая Японскага. Гэта адзіная пляцоўка для гульні такога тыпу ў Мінску.

Яна збітая з мноства драўляных брусоў з дапамогай ста кілаграмаў цвікоў. Звычайна для такіх пляцовак майстры выкарыстоўваюць елку ці хвою. Гатовае збудаванне апрацоўваюць спецыяльным саставам. Для людзей з інваліднасцю ёсць спецыяльныя пераходы. Таму карабель бярэ на борт усіх пасажыраў.

— О, гісторыя пра караблі можа заняць трое сутак, — інтрыгуе каардынатар праекта Сямён Русаковіч. — У 90-я гады англічане Шэйн Пінчар, Сайман Дагган, Эндру Даўнтон прывезлі ў беларускую правінцыю рок-музыку. Яны выступалі з дабрачыннымі канцэртамі ў раённых цэнтрах і вёсках. Раздавалі гуманітарную дапамогу. Аднойчы музыканты-аматары выступалі ў валожынскай бальніцы. І ўрач-педыятр падзялілася: дзецям не хапае развіваючых пляцовак. Англічане паставілі металічныя спартыўныя снарады для фізічных практыкаванняў. Але метал — матэрыял небяспечны. Таму вырашылі працягнуць працу з дрэвам.

Магілёў, Чэхаўшчына, Івянец, Белаазёрск, Жодзіна, Салтанаўшчына, Валожын, Мінск — тут і ў іншых населеных пунктах стаіць больш за трыццаць драўляных караблёў. Дызайн у кожнага свой.

— «Англійскі караблік» — менавіта так я называю гэтую праграму. Гэта вельмі важна! — Падкрэслівае інтанацыйна Сямён Віктаравіч. — Толькі падумайце. Падыходзіць час праекта, і людзі з далёкай Англіі кідаюць на два тыдні працу — столькі часу патрабуецца на адну пляцоўку. А ў год мы робім 3—4 караблі. Едуць у Беларусь. Не зарабляць грошы. Траціць! Навошта? Каб пабудаваць караблік. Не ўсе разумеюць такія шырокія жэсты, але без дабрыні такі праект быў бы немагчымы.

Ландшафтны дызайнер Сайман Дагган шырока ўсміхаецца. Ён у чарговы раз прыехаў у Беларусь, каб з Сямёнам Русаковічам выбраць пляцоўку для новага праекта і зрабіць першы эскіз будучага судна:

— Мы — група аднадумцаў. Умеем будаваць гульнёвыя караблі, гарадкі, сады. Яны для ўсіх дзяцей. З асаблівымі адносінамі працуем для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія  пацярпелі ад сацыяльных, фізічных або экалагічных праблем. Дзякуючы гэтым праектам мы ўключаем дзяцей-інвалідаў у вясёлыя гульні з іх аднагодкамі. І гэта вельмі прыемна.

Дызайнер Дагган чэрпае ідэі не толькі з казак. Англічанін жыве на беразе акіяна. А з вокнаў яго вілы «Пунсовыя ветразі», што на гары, бачна гавань з караблямі — невычэрпная крыніца натхнення Саймана. У іх з жонкай няма сваіх дзяцей, але колькі радасці яны дораць нашай дзятве.

Сямён Русаковіч у праекце — цясляр. І таксама з марскімі суднамі на ты. Праходзіў тэрміновую службу на падводнай лодцы. Бываў на Балтыйскім і Паўночным морах.

— Чаму караблі, а не альтанкі і пясочніцы? — пытаюся ў Сямёна.

Той з дзіцячым азартам абхоплівае далонямі штурвал:

— Карабель — вобраз пошуку і падарожжа. Большасць дзяцей з інваліднасцю і дзяцей-сірот не могуць адправіцца ў марское падарожжа на яве, але дзякуючы замежным сябрам пражываюць далёкае плаванне амаль увачавідкі, пераадольваюць свае межы. Такая пляцоўка развівае фізічна і духоўна.

На гэты год у беларуска-англійскай каманды карабельшчыкаў запланавана некалькі караблёў. А па суседстве з «Айцом Генадзем» — школа цесляроў.

— Сучасныя дзеці лёгка працуюць з інфармацыяй, але не ўмеюць працаваць рукамі, з інструментамі. Таму іх трэба навучыць, — тлумачыць сутнасць задумкі Сямён. — Пакуль хлопчыкі будуць заняты мужчынскай справай, дзяўчынкі хай займаюцца шыццём. Вараць боршч і пякуць блінцы. Трэба выхоўваць у кожным гаспадара і гаспадыню з дзяцінства.

drug-olya@yandex.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter