Па Дняпры — у госці да таленавітых майстроў

Незвычайны цэнтр рамёстваў будзе пабудаваны ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна
Незвычайны цэнтр рамёстваў будзе пабудаваны ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна.

Ужо распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва гандлёва-вытворчага комплексу, дзе будуць працаваць майстры народных промыслаў. Мяркуецца, што пад адным дахам збяруцца ганчары, разьбяры па дрэву, кавалі, майстры саломапляцення, ткачы і іншыя ўмельцы, якімі багатая старажытная Аршаншчына.

Незвычайным у гэтым цэнтры рамёстваў будзе тое, што рамеснікі будуць працаваць “за шклом”, і любы жадаючы зможа на свае вочы ўбачыць, як нараджаецца твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паспрабаваць сябе ў ролі майстра і, вядома, купіць выраб, які спадабаўся. Да паслуг наведвальнікаў таксама будуць магазін сувеніраў і кафэ.

Па словах старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі, аналагаў такога цэнтра ў вобласці пакуль няма. Будаўніцтва цэнтра стане часткай турыстычнай інфраструктуры ў Аршанска-Копыскай турыстычнай зоне — адной з чатырох, створаных у вобласці.

Акрамя вытворча-гандлёвага рамеснага цэнтра ў Копысі, у Оршы на рацэ Дняпро пабудуюць прыстань, ад якой водным шляхам турысты будуць прыплываць у пасёлак. Цэнтр пачне працаваць у наступным годзе.

Па меркаванні Уладзіміра Андрэйчанки, пасля фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2008” Орша таксама стане прывабным турыстычным горадам, што дазволіць прыцягнуць дадатковых турыстаў у рэгіён.

Дзіяна Курыла
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter