Па творах беларускіх пісьменнікаў можна вывучаць гісторыю Першай сусветнай вайны

Пісалі пра перажытае

Рыгор Арэшка

Па творах беларускіх пісьменнікаў можна вывучаць гісторыю Першай сусветнай вайны


Нядаўна ў Мінску праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Першая сусветная вайна ў народнай памяці і мастацкім адлюстраванні”. Яе ладзіў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Пад час канферэнцыі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі прэзентавалася кніга ўдзельніка вайны Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”. У прэзентацыі ўдзельнічаў пляменнік пісьменніка, акадэмік Радзім Гарэцкі. Кніга пабачыла свет сёлета ў Выдавецкім доме “Беларуская навука”, яе дапаўняў і рускамоўны пераклад твора, які зрабіла Ідалія Кананец  з Санкт-Пецярбурга.

Максім Гарэцкі “На імперыялістычнай вайне”
Максім Гарэцкі “На імперыялістычнай вайне”

Заслоненая горам і вялікімі стратамі вайны Вялікай Айчыннай, Першая сусветная вайна практычна забылася і належным чынам не была вывучана. Таму сёлета, у сотую гадавіну яе пачатку, грамадскасць Беларусі звяртаецца да тых урокаў гісторыі, аддае даніну павагі загінулым. Вайна прынесла нашаму народу людскія страты, гора і пакуты. Амаль два з паловай гады праз тэрыторыю Беларусі праходзіла лінія фронту, і менавіта тут — каля Нарачы, пад Баранавічамі, Смаргонню, Сталовічамі, Крэвам — сотні тысяч германскіх і расійскіх салдатаў былі забітыя і пакалечаныя ў страшэннай бойні. Сотнямі тысяч падаліся ў бежанцы суайчыннікі, і далёка не ўсе вярнуліся потым дадому. Трагедыяй стала для Беларусі і заканчэнне вайны з падпісаннем Брэсцкага міру, паводле якога амаль уся наша тэрыторыя трапіла ў зону нямецкай акупацыі.

Тэме Першай сусветнай, тэме чалавека на вайне, гераізму і мужнасці салдатаў прысвечана нямала твораў рускай і еўрапейскай літаратуры. Адметнае слова пра тыя трагічныя падзеі сказалі і беларускія паэты і празаікі, у тым ліку і Максім Гарэцкі, аўтар дакументальна-мастацкага твора “На імперыялістычнай вайне”. У яго, дарэчы, выразны падзагаловак: “Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы”. Твор настолькі блізкі да жыцця, што яго можна разглядаць як надзейную крыніцу вывучэння гісторыі вайны 1914-1918 гадоў.

У ЦНБ НАН Беларусі працуе выстава “Першая сусветная вайна — гістарычны час на старонках літаратуры”. Арганізатары звярнуліся да літаратурных і гістарычных крыніц — мастацкіх твораў Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гаруна ды іншых пісьменнікаў, да хронік, успамінаў і мемуараў тых, хто бачыў жудасны твар Першай сусветнай вайны на свае вочы, прайшоў яе франтавымі дарогамі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter