Інжынер з пяльцамі

Вышыўка — гэта і мастацкае багацце, і моцная сувязь з духоўнай культурай народа
Вышыўка — гэта і мастацкае багацце, і моцная сувязь з духоўнай культурай народа.

Галіна Рудніцкая і лялькі-мадэлі ў яе вышыванках“А вы паспрабуйце!...” І я спрабую. Іголка, праўда, у маіх руках зусім не слухаецца, нітка кла-дзецца крыва. Куды мне да майстэрства Галіны Рудніцкай! Хуткая праца, выразныя лініі, дасканалыя фігуры, хоць па прафесіі яна — інжынер-металург.

Пасля школы Галіна Рэмаўна вучылася ў Беларускім політэхнічным універсітэце, паралельна займалася на курсах рукадзелля — машынная вышыўка, бісер, макрамэ… Потым было 13 гадоў нялёгкай працы на заводзе і.. жаданне зрабіць хобі другой прафесіяй. Урэшце выбар зроблены: яна —настаўніца працы ў малодшых класах адной з мінскіх школ. Марыла праводзіць заняткі з улікам вопыту народных майстроў, ды ведаў не хапала, і Галіна Рэмаўна займалася самаадукацыяй, кансультавалася ў Яўгена Сахуты, дырэктара Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А потым, ужо калі ёй было за сорак, паступіла на факультэт народнай культуры ў Педагагічны універсітэт імя Максіма Танка.

“Адзінае, чаго баялася, — малюнка на ўступных экзаменах і неабходнасці вывучаць жывапіс пасля ва ўніверсітэце, — з усмешкай згадвае Галіна Рэмаўна. — Нічога ў гэтым не разумела. Але муж падахвочваў: “Ты павінна ганарыцца! Ты ж, мабыць, лепшы мастак сярод металургаў. І лепшы металург сярод мастакоў!” У яе была арыгінальная дыпломная праца — лялькі у народных строях. Потым яна два гады выкладала ў старэйшых класах школы з мастацкім ухілам. Цяпер Галіна Рэмаўна працуе ў сваёй першай альма-матэр — на курсах народнай вышыўкі ў Цэнтры этнаграфіі і рамёстваў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. Удзельнічае ў шматлікіх выставах, рыхтуе ўласную з народных строяў па малюнках Міхася Раманюка, а мадэлямі будуць лялькі. Захапляецца выцінанкай, саломкай.

І ўсё ж галоўнае — вышыўка. “Крыўдна бачыць на выставах толькі карціны, вышытыя крыжыкам. Які сэнс рабіць вышываныя копіі жывапісу? Ні рамяство, ні творчасць развіцця пры гэтым не маюць. Мне больш падабаецца традыцыйная геаметрычная вышыўка нацягам. Якая тут дасканаласць формаў, лагічнасць, гарманічнасць узораў!.. Гэта, на мой погляд, якраз тая вышыўка, у якой жыве душа народа” — захоплена расказвае Рудніцкая. А я з няменшым захапленнем разглядаю творы майстра. У асноўным у такой тэхніцы ствараюцца ручнікі, уборы. Галіна Рэмаўна і эксперыментуе: спрабуе навучыць “такой вышыванай мовай” гаварыць сучасныя абрусы, сурвэткі…

А яе дачка Яніна, пераняўшы ад маці любоў да народнай вышыўкі, фантазіруе яшчэ больш. Яе першай працай ў гуманітарным ліцэі быў… вышываны пенал, а потым і заплечнік. І нават шыкоўны касцюм на выпускны баль яна зрабіла і ўпрыгожыла ўласнымі рукамі!
Сёння маці і дачка Рудніцкія — члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Хочацца верыць, што гэта — толькі пачатак дынастыі таленавітых майстроў па вышыўцы.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter