Інвестыцыі ў інтэлект

У кампаній-рэзідэнтаў беларускага Парка высокіх тэхналогій — спрыяльны час для імклівага росту
У кампаній-рэзідэнтаў беларускага Парка высокіх тэхналогій — спрыяльны час для імклівага росту.

У гэтым новым будынку будзе месца і для ІТ-акадэмііІзраільскія інвестары ўкладуць у беларускую Сіліконавую даліну паўмільярда долараў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ерміністра — міністр замежных спраў Ізраіля Авігдор Ліберман на брыфінгу ў Мінску. “Спадзяюся, праект стане флагманскім караблём, які дапаможа і іншым інвестарам прыйсці ў Беларусь”, — сказаў Авігдор Ліберман.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў лічыць, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Ізраіля “пакуль не вызначаецца маштабамі”. Паводле яго слоў, у Беларусі і Ізраіля ёсць добрыя перспектывы для сумеснай работы ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання, турызму, высокіх тэхналогій. Акрамя таго, Сяргей Мартынаў не выключае магчымасць удзелу ізраільскага бізнесу ў беларускіх энергетычных праграмах.

Варта адзначыць, што нядаўна ў Мінску ўзведзены ў строй новы будынак адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. У хуткім часе туды пераедзе частка супрацоўнікаў, там размесцяцца бізнес-інкубатар ПВТ і яго ІТ-акадэмія. Ізраільская Fishman Group гатова інвеставаць грошы менавіта ў праект па стварэнні адзінага комплексу будынкаў Парка высокіх тэхналогій.

Дарэчы, як паведамілі ў адміністрацыі ПВТ, сёлета ў першым квартале аб’ём вытворчасці тавараў і паслуг кампаніямі-рэзідэнтамі Парка склаў больш за 70 мільярдаў беларускіх рублёў — амаль у паўтара раза больш, чым за аналагічны перыяд летась. Каля 40 працэнтаў экспарту прыходзіцца на краіны Паўночнай Амерыкі, 35 – Заходняй Еўропы, 20 — на краіны СНД. Лідэрамі сярод імпарцёраў беларускіх праграмных прадуктаў з’яўляюцца ЗША, Германія, Вялікабрытанія і Расія. Толькі сёлета заказчыкамі Парка сталі кампаніі з больш чым 40 краін, пры гэтым першыя кантракты заключаны з прадстаўнікамі з Бельгіі, Іспаніі, Ірана і Японіі.

Алесь Сулкоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter