Негаўскі бераг дзяцінства

Наталля Прушынская з Петразаводска, дачка пісьменніка-класіка Андрэя Мрыя, даслала ў рэдакцыю свае ўспаміны пра пасляваеннае жыццё з маці-настаўніцай на Гомельшчыне. Тэкст падаецца з невялікімі скарачэннямі.
Наталля Прушынская з Петразаводска, дачка пісьменніка-класіка Андрэя Мрыя, даслала ў рэдакцыю свае ўспаміны пра пасляваеннае жыццё з маці-настаўніцай на Гомельшчыне. Тэкст падаецца з невялікімі скарачэннямі.

Мікалаеўская царква ў Буда­Кашалёве<br />“Гаварыць я стала інакш”
Вясной 1947-га, ледзь скончыўся навучальны год, мяне сабралі ў дарогу ў Гомель. Да цягніка ў Петразаводску праводзілі ўсе сваякі, аддалі мяне пад апеку настаўніцы: яна ехала з сынам да родных. На вакзале ў Гомелі пасля трох гадоў расстання мы і сустрэліся з мамай. Яна — у шэрым гарнітуры, трошкі як быццам чужая, незнаёмая... Спачатку жылі ў Навабеліцы, прыгарадзе Гомеля, здымалі пакой у прыватным доме. Мама працавала ў рускай школе настаўніцай пачатковых класаў, мяне вызначылі ў другі клас. Там я ўпершыню далучалася да беларускай мовы, яе выкладалі як адзін з прадметаў. У зносінах з аднагодкамі не адчувалася цяжкасцяў, аднак моўныя адрозненні сталі прыкметныя на ўроках. Граматыка і правапіс у новай для мяне мове здаліся нават прасцейшымі для засваення, чым у рускай.
Праз два гады нам з маці давялося пераехаць у Негаўку, у Буда-Кашалёўскі раён. Школа там была беларуская, а руская мова выкладалася як адзін з прадметаў. Лёгка увайшоўшы ў тое моўнае асяроддзе, толькі праз паўгода, як прыехала на зімовыя канікулы ў горад, па рэакцыі сваякоў і ранейшых таварышаў зразумела, што гаварыць я стала інакш. З прыцэлам на ВНУ сваякі казалі: трэба “аднавіць” рускую, але ў чацвёртым і пятым класе я актыўна і з радасцю асвойвала беларускую. Да шостага дома мне купілі беларускія падручнікі, а ў Гомелі падарылі рускія: з пажаданнем рыхтаваць хатнія заданні па іх, а перад тым, як адказваць, прасіць у настаўніка дазволу адказваць па-руску. Прызнацца, баялася: калі буду гаварыць не на той мове, што ўсе — як адрэагуюць аднакласнікі, ці не папракнуць у зазнайстве? Паспрабавала. І ні папрокаў, ні абурэння не было, вучні слухалі мяне нават з інтарэсам.Так і працягвала я, аж да заканчэння Негаўскай сямігодкі, адказваць на ўсіх уроках па-руску, акрамя, натуральна, урокаў па беларускай мове і літаратуры. У размовах з аднакласнікамі таксама выкарыстоўвала рускую. Па вяртанні ў Петразаводск заставаўся невялікі “негаўскі” акцэнт, які неўзабаве быў пераадолены.
Настаўнікаў з Негаўкі памятаю. У чацвёртым класе вучыў нас пажылы Лука Іванавіч. З падачы настаўніцы беларускай мовы Марыі Цімафееўны мне з пятага класа асабліва падабаліся творы Якуба Коласа і Янкі Купалы, а ў сёмым уразіла паэма “Тарас на Парнасе”. Матэматыку выкладаў Віктар Міхайлавіч, ён вёў радыёгурток яшчэ да таго, як у вёсцы з’явілася радыё. Гісторыкам быў спакойны, ураўнаважаны Аляксандр Іванавіч Бяспалаў. Матэматык Кацярына Іванаўна Данцова кіравала ў школе драмгуртком.
У нашу школу хадзілі дзеці з вёскі Люшава, за два кіламетры. Старэйшыя падлеткі з Негаўкі ў восьмым-дзясятым класах вучыліся ў Бронніцкай школе, кіламетраў за 5 ад нашай вёскі. У дапамогу калгасу мы часам хадзілі на ўборку сена, кок-сагыза ды на іншыя працы. Памятаю ўступленне ў камсамол: групай мы ішлі 18 кіламетраў у райцэнтр, Буду-Кашалёўскую. Больш чым дзве гадзіны заняла дарога, мы добра стаміліся. У Будзе нас сустракаў работнік райкама, мы і начавалі ў яго дома. Пра далейшыя лёсы маіх негаўскіх сяброў пазней расказвала мама: Валодзя Шчарбакоў паступіў у вышэйшае лётнае вучылішча, Грыша Казлоў з Люшава — у Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Памятаю таксама Надзю Арцёменку, Васю Хомчанку, камсорга Нюру Шчарбакову, Алёшу Гаўрыленку, Зою Дзмітрычэнку, Валодзю Клімава, майстрыху Франю ды іншых.
У райцэнтр і на станцыю, каб сесці на прыгарадны цягнік да Гомеля, пешшу рэгулярна хадзілі і мы з мамай, калі не было спадарожнай падводы ці грузавіка. Ішлі праз Бронніцу, Пяціхатку, Усцінаўку, Чырвоны Курган пры райцэнтры, дзе знаходзіўся Буда-Кашалёўскі тэхнікум лясной гаспадаркі (цяпер Аграрна-тэхнічны каледж. – Рэд.) . Памятаю прыгажосць грэчкавых палёў, іх мядовы водар, вясёлку над рэчкай, бусла на буслянцы ў вёсцы Усцінаўцы... На зімовыя і летнія канікулы ў Гомель прыязджаў мой брат Артур, які вучыўся ў Ленінградскім політэху. Гасцявалі зрэдку летам у Гомелі і цётка Ксеня з маёй сястрой Аксанай — прыязджалі з Петразаводска.
У першы негаўскі год жылі мы ў Марыны Атрохавай, праз дарогу ад школы. Мама расказвала, што тата запісваў у народзе казкі — і мне хацелася нечага такога. Гаспадыня ведала казкі, ды я была ўжо “адукаваная”, адразу пазнала Пушкіна. Потым мы жылі ў пакой-“зале” калгаснікаў Алены і Васіля, там яшчэ жылі дачка-заатэхнік, зяць-ветэрынар ды ўнукі гаспадароў. Людна. У Негаўцы, ды і ў Навабеліцы з намі часам жыў мой старэйшы брат Юра. Ён паступаў у тры вну, але не ўтрымліваўся там. У дзяцінстве з ім здарыўся стрэс, які своечасова не вылечылі. Хварэў, бываў у шпіталях, часам працаваў — у геадэзічных экспедыцыях, пячніком, дворнікам. Таленавіты быў: на пачатку 50-х друкаваў свае вершы ў стылі Маякоўскага ў “Комсомольской правде”. Любіў спяваць, сам сабе “ставіў голас”, а на грошы па рэабілітацыі бацькі купіў баян.

“…Ды загінуў дзесьці ў завейных краях”
Помніцца, у Негаўцы да мамы, Соф’і Андрэеўны Шашалевіч, вяскоўцы паважліва звярталіся: настаўніца. Яна выкладала рускую мову і літаратуру, займалася са слабейшымі вучнямі — і я, дарэчы, таксама. Шмат было сшыткаў для праверкі, я дапамагала ёй. Неяк на ўроку па гісторыі ў 4-м класе Лука Іванавіч казаў пра герояў-удзельнікаў рэвалюцыі, і дома я спытала маму: хто былі яе бацькі? Пачуўшы ў адказ “святары”, расчаравана падумала, што гэта ж эксплуататары... Але выслухала аповед пра яе дзяцінства ў вялікай сям’і святара з вёскі Палуж. Цяпер магу дадаць: мой дзед па мацярынскай лініі, а значыць і свёкар Андрэя Мрыя — протаіерэй Андрэй Сямёнавіч Зыкаў, які нарадзіўся і пахаваны ў Слаўгарадзе, былым Прапойску. Дык вось, дзед меў пры доме ў Палужы сад і вялікую бібліятэку. У інтэрнэце, дарэчы, ён згадваецца ў ліку святароў, якія рэгулярна праводзілі ў Беларусі метэаназіранні. Мяркую, у бібліятэцы Зыкава і Андрэй Мрый прачытаў нейкія галоўныя для сябе кнігі — напрыклад, “Боскую камедыю” Дантэ. Мама расказвала пазней, што бацька знаходзіў уплыў гэтай кнігі ў паэме Якуба Коласа “Сымон-музыка”. З Коласам Андрэй Мрый і гутарыў аб чаргаванні пяці “пякельных” колаў, праз якія праходзіць Сымон. І ўспомніла я той аповед мамы, прачытаўшы ў кнізе Максіма Лужаніна “Якуб Колас расказвае…” радкі: “Быў адзін чалавек, — у голасе Канстанціна Міхайлавіча чуецца смутак, — ды загінуў дзесьці ў завейных краях. Ён здагадаўся, што “Сымон-музыка” пабіты на некалькі колаў. І наогул цікава пісаў пра паэму. Казаў, што мастак — гэта адлюстраванне вобразаў роднага жыцця. Бабарэку памятаеш? Хоць вы абодва ва “Узвышшы” былі. Вось ён чужых думак не пераказваў, свае меў...”.
Наталля Прушынская з мужам збіраюцца наведаць БеларусьШто бацька быў чытачом бібліятэкі Зыкава, ускосна сведчыць і такі факт. Калі мама аднаўляла дакументы аб шлюбе з бацькам і аб маім нараджэнні, згарэлыя разам з нашымі рэчамі пад час вайны, то ў графах “месца нараджэння мужа” і “месца нараджэння жонкі” напісала: Палуж. А тата ж родам з Доўгавіч, гэта цяпер Мсціслаўскі раён.Тая памылка сведчыць: у Палужы бацька жыў, у сваёй сям’і Шашалевічаў, у дзіцячыя і юнацкія гады.
Пра тое, як мае бацькі пажаніліся, распавядаў летам 1965-га наш сваяк, народны мастак БССР скульптар Аляксандр Грубэ, які жыў у Маскве. Ён быў сведкам эпізоду канца 20-х гадоў, калі мама, якая тады вучылася ў Ленінградзе, з’язджала на вучобу. І сябры, у ліку якіх былі сам Грубэ і мой будучы бацька, прыйшлі на вакзал праводзіць яе. Ужо калі яна ўвайшла ў вагон, бацька раптам крыкнуў: “Соня, выходзь за мяне замуж!” Цягнік крануўся, мама прыхілілася да акна... Аляксандру Васілевічу ўчынак сваяка падаўся тады дзіўным: Андрэй Шашалевіч быў закаханы ў Верачку, стрыечную сястру Грубэ, якая, аднак, выбрала іншага. Ды што ж тут дзіўнага! І маміным ідэалам, ведаю, у юнацтве быў нейкі малады настаўнік, арыштам якога яна была ўзрушана.

“Тваё першае слова было: “Хэ­эбця!..”
Незадоўга да заканчэння Негаўскай сямігодкі ў нас з мамай была размова пра мой далейшы лёс. Былі розныя варыянты, у тым ліку і вучоба ў Лясным тэхнікуме Чырвонага Кургана, і я гатова была абраць такі шлях. Але мама настаяла, каб я адкрыла ёй душу. І нельга было схлусіць, не прызнацца: у думках быў Петразаводск з выхадам на інстытут замежных моў. Помню, аглядаючы пакой, успамінаючы сяброў, я спытала: але ж я сюды яшчэ прыеду? “Не”, — з вялікім жалем адказала мама.
Наступным летам я ўсё ж прыехала да яе ў Негаўку, а пасля не давялося. Калі заканчвала школу, педінстытут, мама працавала ўжо ў іншых школа раёна: у Надзеждзіне, Елянцы, Дзербічах і Кастрычніку. Вяскоўцы тады з’язджалі ў гарады, і мама з братам маім Юрам маглі арандаваць не кут або “залу” — хату. У 1964-76 гадах яны жылі ў Гомелі. Смерць Юры цяжка адбілася на маміным здароўі, я забрала яе ў Петразаводск. Мама памерла ў 1987-м, ёй было 88 гадоў.
Мілая мая мамачка, колькі ж табе, тваім блізкім давялося ў жыцці перацярпець... Памятаю, маіх дачок-дашкалятак яна брала за рукі, вадзіла з імі карагод, напяваючы песеньку свайго дзяцінства, у якой згадваліся яе браты, сёстры і яна сама: “Ваня, Воля, Саша, Грыц,/ Вася, Соня, Коля — цыц!” З іх Саша-Аляксандра стала настаўніцай, загінула ў галодныя гады на Украіне. Грыц-Рыгор Зыкаў, удзельнік грамадзянскай вайны і спартсмен, загінуў пад Сталінградам у Вялікую Айчынную. Адышлі і іншыя маміны браты і сёстры. Іван Зыкаў, які закончыў яшчэ да рэвалюцыі Пецярбургскую духоўную акадэмію, у 20-30-я выкладаў рэальныя навукі ў Ноўгарадзе, затым быў дэканам аднаго з факультэтаў Гомельскага педінстытута. Вольга і мама былі настаўніцамі, Васіль — аграномам, Мікалай — гідролагам.
Неяк мае дзяўчынкі з сяброўкамі ўспаміналі вымаўленыя імі першыя словы і фразы. Тады мама раптам ціха кранула мяне за рукаў, нагадала пра першае маё слоўца, выгаваранае ў вогненным 1941-м. Я папрасіла хлеба… Ніколі раней маме не даводзілася мне пра тое расказваць, хоць некаторыя эпізоды галодных гадоў акупацыі на Браншчыне, у вёсцы Паўлічы прыгадвала і яна, і ў маёй памяці захоўваліся. Прычым мама ўзнавіла тую маю просьбу-мальбу жаласным голасам: “Тваё першае слова было: “Хэ-эбця! ..” Якім жа цудам удалося ёй уратаваць мяне ў тыя жудасныя гады…
Так склалася доля мая, дачкі беспадстаўна рэпрэсаванага беларускага пісьменніка, што на роднай мове бацькоў і дзядоў гаварыла я толькі два гады з чатырох, пражытых у Негаўцы. Але ж тыя гады былі гадамі майго маленства і дзяцінства, побач з мамай — лепшым часам у жыцці кожнага чалавека. Таму ў думках я вяртаюся ў Негаўку зноў і зноў. А дасць Бог — можа, яшчэ і завітаю туды...

Наталля Прушынская, г. Петразаводск

На здымках:
Мікалаеўская царква ў Буда­Кашалёве
Наталля Прушынская з мужам збіраюцца наведаць Беларусь
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter