Набат Хатыні чуваць і ў Берліне

Пра бесчалавечныя злачынствы акупантаў на тэрыторыі Беларусі пад час Вялікай Айчыннай вайны расказваюць архіўныя фотаздымкі і дакументы
Пра бесчалавечныя злачынствы акупантаў на тэрыторыі Беларусі пад час Вялікай Айчыннай вайны расказваюць архіўныя фотаздымкі і дакументы

Хатынь – гэта памяць і боль Фрыдрыхштрасэ,176. Гэты адрас ведаюць, мабыць, усе жыхары Заходняга і Усходняга сектараў Берліна. Менавіта там знаходзіцца Расійскі Дом навукі і культуры. І менавіта ў ім на пачатку мая адкрылася выстава фотаздымкаў і дакументаў “Спаленыя вёскі. Памятные месцы ў Беларусі”. Праект прымеркаваны да 70-годдзя Хатынскай трагедыі.
Экспазіцыя падрыхтавана Пасольствам Беларусі ў Германіі сумесна з дэпартаментам па архівах і справаводстве Мінюста Беларусі на аснове матэрыялаў з Нацыянальнага архіва і Беларускага архіва кінафотафонадакументаў. Гэта 25 фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць гісторыю трагедыі Хатыні і яе ўвасабленне ў мемарыяльным комплексе, створаным пасля вайны. У экспазіцыі яшчэ і 20 копій унікальных дакументальных сведчанняў злачынстваў, учыненых акупантамі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Перад удзельнікамі цырымоніі адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай трагедыі ў Хатыні, выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Германіі Уладзімір Грынін і яго беларускі калега, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Андрэй Гіро. Абодва амбасадары ў шчымлівай цішыні прайшлі па залах, дзе выстаўлены фатаграфіі і дакументы, што датычаць Хатынскай трагедыі.
Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі і два фрагменты тэлерэпартажа з цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комплексу “Хатынь” у 1969 годзе. У тым ліку і зварот да ўсяго чалавецтва сведкі Хатынскай трагедыі Іосіфа Камінскага.
Пад час адкрыцця экспазіцыі выступіла піяністка Маргарыта Брындзіна з праграмай “Песні ваенных гадоў”. Выстава доўжыцца да 7 чэрвеня.

Яўген Дарэнскі

На здымку:
Хатынь – гэта памяць і боль
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter