Беларусы з Сыктыўкара пабывалі на Бацькаўшчыне і былі ўзрушаны цеплынёю сустрэч

На зямлі, што сэрцу дарагая

Беларусы з Сыктыўкара пабывалі на Бацькаўшчыне і былі ўзрушаны цеплынёю сустрэч

Жыву і працую ў Рэспубліцы Комі я ўжо 40 гадоў, паспела палюбіць суровы паўночны край. Тут увесну пышна цвіце чаромха, увосень усё чырвонае ад гронак рабіны, узімку радуе срэбра снягоў, і заўсёды вабіць вока яркая зеляніна тайгі. А ў глыбіні сэрца жыве любоў да Радзімы-Беларусі. Таму й прыйшла ў беларускую суполку, спяваю ў народным хоры “Купалінка”, якому 16 гадоў. Жывем у плыні беларускай культуры: да 30 выступленняў штогод на розных пляцоўках. У 2008-м на фэсце беларускіх самадзейных гуртоў Расіі ў Маскве хор адзначаны дыпломам, у 2012-13 гадах выступалі ў Дуброўне і Слуцку. А сёлета хор “Купалінка”, ажно 15 чалавек, быў запрошаны на другі Фэст мастацтваў беларусаў свету. Мы разам з іншымі суайчыннікамі замежжа удзельнічалі ў розных імпрэзах.

Народны хор “Купалінка” з Сыктыўкара спявае родныя песні
Народны хор “Купалінка” з Сыктыўкара спявае родныя песні

Наведалі, напрыклад, мястэчка Валожын, разам з артыстамі з Томска, Цюменьскай вобласці, Масквы і Крыма. Канцэрт адкрываў валожынскі ансамбль народных інструментаў і народны хор “Крыніца”. Цікавым было выступленне артыстак з Масквы: у прыгожых строях беларусак канца XIX стагоддзя выйшлі на сцэну і спявалі акапэльна дзве песні на беларускіх дыялектах. Рэканструкцыяй адзення і пошукам даўніх песень займаецца Алена Капылова. І вось на сцэне — наш хор. Сцішылася зала, спагадаючы салістцы 3. Губер і гераіні яе песні “Жыта жала”. Цёплыя апладысменты атрымалі таксама А. Мішэніна ды А. Кульбянкова. З хваляваннем я чытала верш “Зямля Беларусі. Святая Радзіма”. І падняліся ўсе ў зале, калі гучала песня-гімн “Беларусь”. Усіх залучыла ў вясёлы карагод кіраўніца хору, заслужаная артыстка Расіі Наталля Масанава. А як хораша выступаў крымчанін Віталь Бартохаў! Ён чытаў вершы Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, спяваў, танцаваў, свістаў. Выпускнік Мінскага інстытута культуры ўжо 40 гадоў на сцэне.

Незабыўным для нас быў і канцэрт ля мінскага Палаца спорту ў спякотны Дзень горада. Мора сонца, святла, святочныя сцягі, шары, прыгожыя людзі гуляюць пры Свіслачы. Забаўкі на любы густ: можна памерацца сілаю і спрытам, паглядзець і паслухаць артыстаў, палюбавацца вырабамі народных майстроў на выставах, нешта набыць на ўспамін.  Шмат гандлёвых радоў, павільёнаў, верандаў, каб і адпачыць і перакусіць. Многа моладзі. Чысціня, парадак, кветкі, дагледжаныя газоны і кветнікі. Прыгожыя будынкі, палацы, саборы відаць з гэтага гістарычнага месца. Прадуманы адпачынак для жыхароў і гасцей: асфальтавыя дарожкі, лаўкі на кожным кроку, з’езды для дзіцячых калясак.

Шмат гледачоў было на пляцоўку ля Палаца спорту. Гарэзліва выступалі мы, спявалі і па-беларуску, і нашу любімую на комі мове “Вашэ гудзе кашэ...” Гледачы танцавалі з намі! Канцэрт ішоў увесь дзень, шэсць гадзін, адны артысты змянялі іншых.

Гала-канцэрт Фэсту быў у будынку Беларускай дзяржфілармоніі. Арганізатары адбіралі самыя лепшыя і цікавыя нумары, ад розных краін. Паколькі беларусаў з Расіі прыехала многа, то гаспадары папрасілі прабачэння ў тых, каму не хапіла месца ў праграме. І мы былі ў зале. Канцэрт — шыкоўны, як і шчодрае застолле з узнагароджаннем удзельнікаў Фэсту. Наш гурт атрымаў, як і ўсе іншыя, дыплом лаўрэатаў. Кожны павёз з сабою сувенір: гадзіннік з эмблемай фэсту, наборы брашур, кнігу-энцыклапедыю “Сузор’е беларускага памежжа” — выданне пра беларусаў з краін постсавецкай прасторы, якія пакінулі прыкметны след там, дзе жылі і жывуць. Дарэчы, мы палічылі: пра 52 вядомых беларусаў Комі распавядае кніга!

Як адно імгненне праляцелі тры дні на роднай зямлі. Радасныя, шчаслівыя, удзячныя ўсім, хто дапамог нам пабываць у Мінску, вярталіся ў Сыктыўкар. “Мы падтрымліваем імкненне беларусаў, што жывуць у Рэспубліцы Комі, захоўваць ды ўмацоўваць сувязі са сваімі суайчыннікамі. Акрамя таго, удзел калектыву “Купалінка” ў Фэсце дазваляе падтрымліваць пазітыўны імідж Расіі ў Беларусі”, — казала журналістам Міністр нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Комі Галіна Габушава. Мы ўдзячны за паездку і ёй, і гэтаму Міністэрству, і Міністэрству культуры Беларусі ды Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур на чале з Міхаілам Рыбаковым — на яго з паплечнікамі леглі асноўныя клопаты. Наш паклон і старшыні Беларускай НКА Комі, спадару Аркадзю Крупеньку. З новымі сіламі, якія мацуюцца ўспамінамі пра Фэст, узяліся мы за новыя праекты. Шлем прывітанне праз газету ўсім новым сябрам — давайце будзем на сувязі! Да пабачэння, Мінск! Да новых сустрэч, дарагая сэрцу Беларусь!

Любоў Шубянок, член савета Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Рэспубліцы Комі, г. Сыктыўкар
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter