Мужнасць не забываецца

Медалі і дыпломы Праведнікаў народаў свету ўручаны сямі грамадзянам Беларусі, якія ў гады Другой сусветнай вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў. Цырымонія прайшла ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры.
Рашэннем спецыяльнай камісіі Ізраільскага мемарыяльнага інстытута катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства “Яд ва-Шэм” высокае званне “Праведнік народаў свету” атрымалі Кліменцій, Вольга і Кім Лісоўскія, Паліна Папяляева, Вера Назаранка-Асаула, Аляксандра Скрыпко, Марыя Дыбаль, Казімір і Галіна Туміловічы, Станіслава Салянік. На медалі “Праведнік народаў свету” выгравіраваны словы з Талмуда: “Чалавек, які выратаваў адно жыццё, выратоўвае ўсё чалавецтва...”.

Уручаючы ўзнагароды, пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен-Ар’е адзначыў, што тытул Праведніка народаў свету пачынаючы з 60-х гадоў атрымліваюць людзі неяўрэйскай нацыянальнасці, якія ў час Другой сусветнай вайны ратавалі яўрэяў. Імёны людзей, удастоеных гэтага высокага звання, заносяцца на Сцяну гонару ў Садзе Праведнікаў народаў свету ў Мемарыяльным музеі памяці яўрэяў, якія загінулі ў гады вайны. У гонар кожнага, удастоенага гэтага тытула, на Алеі Праведнікаў народаў свету высаджваецца дрэва, на якім устанаўліваецца мемарыяльная дошка з расказам аб чалавеку, якому пагражала небяспека, але ён усё ж ратаваў яўрэяў ад гібелі.

Дзеянні Праведнікаў народаў свету — гэта яскравы прыклад вышыні чалавечага духу ў дні цяжкіх выпрабаванняў. Цяпер больш за 550 беларусаў маюць гэта высокае званне. “Мы памятаем тых, хто, нягледзячы на смяротную небяспеку для сябе і сваіх дзяцей, ратаваў яўрэяў на акупаванай тэрыторыі”, — падкрэсліў Зееў Бен-Ар’е.

У Дзень Катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства, які адзначаецца ў дзень пачатку паўстання ў Варшаўскім гета, у Ізраілі па ўсёй краіне гучыць жалобная сірэна, на дзве мінуты спыняецца транспарт. У дамах запальваюць свечкі. Яўрэі памінаюць загінуўшых, а таксама тых, хто пад пагрозай уласнага жыцця працягнуў руку дапамогі яўрэйскаму народу.

Ірына Цімафеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter