Беларускае і сербскае выдавецтва разам выпусцілі кнігу па-беларуску, за якую вядомы вучоны і перакладчык Іван Чарота атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію

Мост, што паядноўвае народы

Мікола Берлеж

Беларускае і сербскае выдавецтва разам выпусцілі кнігу па-беларуску, за якую вядомы вучоны і перакладчык Іван Чарота атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію

most2.pngБеларускае і сербскае выдавецтва разам выпусцілі кнігу па-беларуску, за якую вядомы вучоны і перакладчык Іван Чарота атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію
Наколькі плённа ладзяцца кантакты між народамі ў сферы культуры — тое залежыць ад многіх ініцыятыў. І найперш — ад шчыравання на гэтай ніве яркіх і таленавітых асоб. У Беларусі ведаюць паўнамоцнага прадстаўніка літоўскай і польскай літаратур Адама Мальдзіса, заўзятара на ніве беларускай украіністыкі Вячаслава Рагойшу, перакладчыка з французкай Зміцера Коласа… Шмат яшчэ хто творчыя, жыццёвыя сілы аддае на перастварэнне па-беларуску мастацкіх здабыткаў іншых народаў. Сярод іх і літаратуразнаўца, прафесар Белдзяржуніверсітэта, адначасова і акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў і член саюзаў пісьменнікаў як Беларусі, так і Сербіі, доктар філалагічных навук Іван Чарота. Сёлета ён адзначаны літаратурнай прэміяй імя Радэ Драінца.

Падзея — з беспрэцэдэнтных: наш суайчыннік — першы замежны грамадзянін, які так уганараваны сербамі. Радэ Драінц — адзін з найцікавейшых пісьменнікаў Сербіі ХХ стагоддзя, талент масштабу нашых народных паэтаў Аркадзя Куляшова ці Пімена Панчанкі. Ён нарадзіўся ў 1899-м, памёр у 1943 годзе. Прайшоў аднымі дарогамі са сваім народам у няпростыя часіны. Першая паэтычная кніга Драінца “Сіні смех” выйшла ў 1920 годзе. У 1922-м літаратар заснаваў часопіс “Хіпнос”, у якім і аб’явіў праграму новага паэтычнага кірунку: “хіпнізм”. Затым пабачылі свет яго кнігі “Поезд адыходзіць”, “Бандыт ці паэт”, “Банкет”, “Уліс”, “Чалавек спявае”, “Дыханне зямлі”, “Сад Афрадыты”, “Эратыкон”, “Лірычныя мініяцюры”, “Дзве авантурыстычныя паэмы”... Пасмяротнай сталася кніга “Чорныя дні”. У 1998—99 гады пабачыў свет Збор твораў паэта ў 10 тамах.

Іван Чарота пераклаў зборнік выбраных вершаў Р. Драінца “Праклён неспакою” на беларускую мову. Кніга выйшла ў Бялградзе ў выдавецтве “Ривел Ко”.

most.pngВыданне ажыццёўлена сумесна з Выдавецкім домам “Звязда”, што і пазначана ў выхадных дадзеных. Такое супольнае ўзнаўленне нацыянальнай класікі агульнымі намаганнямі — сведчанне дружбы і між славянскімі літаратурамі, і між выдавецтвамі Сербіі ды Беларусі. А ў Мінску Выдавецкі дом “Звязда” выдаў раней па-беларуску зборнік вершаў Слабадана Вуканавіча, кнігу казак Грозданы Олуіч. Сербскія пісьменнікі Прэдраг Кіюк, Слабадан Ракіціч, Невена Вітошавіч, Ліліяна Хаб’янавіч Джуравіч бывалі ўдзельнікамі мінскіх круглых сталоў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”: яны ладзіліся Міністэрствам інфармацыі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі ды Выдавецкім домам “Звязда”.

Плён зробленага Іванам Чаротам асабіста для прадстаўлення сербскай культуры, літаратуры ў Беларусі, Расіі, увогуле ў славянскім свеце ўражвае: Іван Аляксеевіч пераклаў больш за 1000 твораў! Асобнымі кнігамі дзякуючы яму пабачылі свет на беларускай і рускай мовах паэзія, проза, публіцыстыка Патрыярха Сербскага Паўла, свяціцеля Нікалая Веліміравіча, прападобнага Юсціна Попавіча, Марка Ямаркавіча, Іва Андрыча, Браніслава Нушыча, Добрыцы Чосіча, Нэвены Вітошавіч, Зорана Гаўрылавіча, Грозданы Олуіч, Джорджа Нікаліча, Моміра Лазіча, Ліліяны Хаб’янавіч Джуравіч, Бена Зупанчыча ды іншых. Наш суайчыннік заснаваў серыю “Сербскае багаслоўе XX стагоддзя”, у якой пабачыла свет каля чатырох дзясяткаў кніг. Сярод сербскіх узнагарод лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Івана Чароты — ордэн Святога Савы III ступені, Залаты знак Культурна-асветнага таварыства Сербіі, медаль “За заслугі”.

Віншуючы перакладчыка і вучонага з атрыманнем прэстыжнай сербскай прэміі, я спытаўся ў Івана Аляксеевіча: як ён ацэньвае стан беларуска-сербскіх культурных стасункаў? Ён адказаў: “Мне прыемна, што ўсё болей і болей гэтае пытанне хвалюе і нашу амбасаду ў Бялградзе. Дыпламаты бачаць, што літаратура — той мост, што паядноўвае народы. Цяпер па ініцыятыве беларускага пасольства ў Сербіі рыхтуецца кніга, дзе будуць змешчаны выказванні нашых пісьменнікаў пра Сербію і выказванні сербскіх майстроў слова — пра Беларусь. І гэты праект супольны: у выданні кнігі прыме ўдзел і Выдавецкі дом “Звязда”. Задуманы іншыя добрыя справы. Новыя пераклады сербскай паэзіі ды прозы падрыхтаваныя і мною асабіста. Найперш — для часопіса “Полымя”, дзе з прыязнасцю ставяцца да славянскіх літаратур”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter