Імгненні мінулых дзён

Выстава “Зямля пад белымі крыламі” разгарнулася ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі
Выстава “Зямля пад белымі крыламі” разгарнулася ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Экспазіцыю з каляровых фатаграфій 50-х гадоў мінулага стагоддзя падрыхтавалі ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. Галоўны архівіст гэтай установы Генадзь Дубатоўка ўдакладніў, што выстава носіць камерны характар. Шырокая публіка зможа яе ўбачыць толькі восенню: экспазіцыя будзе дэманстравацца ў мінскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Больш за 40 здымкаў, створаных майстрамі фатаграфіі ў 50-я гады ХХ стагоддзя, даносяць дыханне мінулых дзён. Здымкі раней нідзе і ніколі не друкаваліся. На іх адлюстраваны эпізоды з прамысловага, сельскагаспадарчага і культурнага жыцця краіны тых часоў. Сярод выстаўленых фотаработ прадстаўлены і здымкі фотакарэспандэнтаў БелТА. Усе экспанаты — з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Дарэчы, цяпер у 11-павярховым будынку архіва ў Дзяржынску захоўваецца звыш 34 тысяч кіна-, звыш 236 тысяч фота-, звыш 12 тысяч фона- і амаль 800 відэадакументаў.

Ганна Шумейка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter