Медалі за інтэлект

Беларускія школьнікі стабільна паказваюць высокія вынікі на міжнародных прадметных алімпіядах
Беларускія школьнікі стабільна паказваюць высокія вынікі на міжнародных прадметных алімпіядах. Такія дасягненні высока цэніць дзяржава: таленавітай моладзі аказваецца ўсебаковая падтрымка.


Медалісты Ліана Хазалія і Міраслаў Макарэвіч

Перамогі, медалі ў спорце — гэта, канешне, здорава. Беларусы радуюцца, што і на алімпійскія п’едэсталы ў Рыа-дэ-Жанейра ўзышлі нашыя спартсмены Ды і на прадметных алімпіядах здольны вызначыцца той, хто таленавіты, працавіты, мэтанакіраваны. І прэстыж краіны, як вялікая мазаіка, складваецца з розных элементаў. Вядома ж, заўсёды ў цане — высокія дасягненні юных. А такіх, заўважым, у Беларусі шмат.

Нашы школьнікі паспяхова выступаюць на міжнародных прадметных алімпіядах, што падвышае станоўчы імідж Радзімы ў свеце. Мяркуйце самі. Штогод каля 40 беларусаў становяцца пераможцамі, прызёрамі складаных інтэлектуальных спаборніцтваў. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, сёлета нашы паўдзельнічалі ў 10 міжнародных алімпіядах. “Там выступілі 46 беларускіх навучэнцаў, — гаварыла ў Мінску на прэс-канферэнцыі кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава. — Заваявалі 42 медалі: 5 залатых, 17 сярэбраных і 20 бронзавых”. І розніца ў колькасці медалёў, па яе словах, з году ў год вар’іруецца ў межах двух-трох. Стабільнасць! Няма такога, каб гадоў дзесяць таму беларусы прывозілі, напрыклад, па 20, а цяпер — 40.

Як працуе сёння гэты “перамогаздабывальны” механізм? Каб патрапіць на міжнародную алімпіяду, неабходна прайсці сур’ёзны адбор. На першым этапе “стартуюць” дзясяткі тысяч школьнікаў з усіх куткоў Беларусі: лепшых адбіраюць у класах, школах, гарада і раёнах, абласцях. Потым праходзяць рэспубліканскія алімпіяды — па 150-200 удзельнікаў. І толькі 6 з іх адбіраюцца. Пры тым, адзначыла Анжэла Кудаярава, заяўку на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе можа падаць навучэнец любой установы адукацыi: ліцэя, гімназіі альбо сярэднеадукацыйнай школы: “Сёлета з 42 медалістаў 22 — гэта тыя, хто вучыцца ў Ліцэі пры БДУ, 10 — вучні мінскіх школ і гімназій, 8 — удзельнікі з розных абласцей краіны. Дарэчы, два сярэбраныя медалі — на 48-й міжнароднай хімічнай алімпіядзе і 50-й міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі — заваяваў выпускнік мінскай сярэднеадукацыйнай школы №47 Міраслаў Макарэвіч. А ў 2014-м пераможцам адной з міжнародных алімпіяд стаў вучань-вясковец з Гродзеншчыны”.

Самы “пладавіты” сярод рэгіёнаў краіны па колькасці заваяваных медалёў на працягу многіх гадоў — Мінск. Сёлета рывок наперад зрабіла Брэстчына: яе таленты нядрэнна выступілі  на рэспубліканскім узроўні.

Добрыя вынікі штогод паказваюць беларускія школьнікі й на міжнародных турнірах прадметнай скіраванасці ды розных конкурсах. Турніры, патлумачыла прадстаўніца Мінадукацыі, гэта каманднае спаборніцтва. І там іншыя задачы: даследчыя. Часам нават іх аўтары не заўсёды ведаюць, як іх вырашаць. Бяруць вядомую задачу, робяць некаторыя абагульненні, затым мяняюць некаторыя параметры.    

Прыняць удзел у турніры можа любая каманда з не больш чым з шасці навучэнцаў. “Сёлета ў турніры юных матэматыкаў паўдзельнічалі дзве каманды, вярнуліся з залатымі ды бронзавымі медалямі, — прадоўжыла гутарку ў прэс-зале галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Алена Сенчанка. — З турніраў юных фізікаў практычна штогод нашы хлопцы прывозяць медалі, сёлета — атрымалі бронзу. Дарэчы, усе ўдзельнікі як міжнародных алімпіяд, так і турніраў павінны выдатна валодаць англійскаю моваю”.

Дзяржава высока ацэньвае дасягненні юных, аказвае ўсебаковую падтрымку таленавітай моладзі. “Прозвішчы, імёны ўсіх пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і турніраў да 31 года заносяцца ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі, — адзначыла Анжэла Кудаярова. — На ўзроўні дзяржавы ім даюцца такія льготы як пазачарговае атрыманне месца ў інтэрнаце ВНУ на час вучобы, прадастаўленне льготнага крэдыту на будаўніцтва або набыццё жылля, права першачарговага размеркавання пасля заканчэння ВНУ”. А настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў прадметных алімпіяд, прэміруюцца на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях.

Як адзначалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, без здольнасцяў ды схільнасцяў да пэўных прадметаў ніводзін вучань не стане пераможцам алімпіяды. Пры тым, аднак, заўсёды важна, як да свайго прадмету ставіцца настаўнік. Па словах Анжэлы Кудаяравай, сёння якасць падрыхтоўкі ў Беларусі школьнікаў да міжнародных алімпіяд высока цэніцца сярод педагогаў іншых краін. Таму, дарэчы, на зборы пры падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд просяцца і нашы суседзі. Так, напрыклад, да нас штогод прыязджае каманда з Літвы. Нашы школьныя настаўнікі здольныя не толькі разгледзець таленты ў вучнях, але і на вельмі высокім узроўні падрыхтаваць іх да спаборніцтваў.

Іна Ганчаровіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter