МАЗы і “Беларусы” ў Петрапаўлаўску

Беларуская тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў Казахстане
Беларуская тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў Казахстане

]“Беларусы” не чужыя ў КазахстанеУ пад’ездзе нашага шматпавярховага дома ў Петрапаўлаўску працуе беларускі ліфт, я пісаў пра тое ў газету. Прадаўжаю пошукі “беларускіх слядоў” у Паўночна-Казахстанскай вобласці. Думаю, знаходак будзе шмат! Нядаўна, напрыклад, у нас праходзіла выстава сельгастэхнікі розных вытворцаў, у тым ліку і беларускіх. Экспазіцыю размясцілі прама на вялікай плошчы перад абласным Рускім драмтэатрам імя Мікалая Пагодзіна. Сярод тэхнікі я з радасцю пабачыў трактары “Беларус” і грузавікі МАЗ. Якія знаёмыя брэнды! І калі тэхніцы з далёкага замежжа яшчэ трэба заслужыць давер казахстанскіх сельгасвытворцаў, то мінскія трактары ў нас даўно ў пашане: “Беларусы” заслугоўваюць вышэйшай ацэнкі за сваю надзейнасць і непатрабавальнасць у абслугоўванні. Ведаю, што ў сялянскіх ды фермерскіх гаспадарках Казахстана па гэты час “у страі” мінскія трактары яшчэ 70-х гадоў выпуску. Па водгуках тых, хто на іх працуе, “Беларусы” шматфункцыянальныя і эканамічныя, а гэта немалаважна: Казахстан, як вядома, адносіцца да зоны рызыкоўнага земляробства.
Цяпер нашы краіны ўваходзяць у Адзіную эканамічную прастору, і ў беларускіх вытворцаў ёсць больш магчымасцяў для паставак тэхнікі ў цалінны край. А экспартны патэнцыял Казахстана — каля 20 мільёнаў тон высакаякаснай пшаніцы ў год. У тым, што краіна застаецца адным з сур’ёзных гульцоў на сусветным рынку збожжавых культур, ёсць немалая заслуга і беларускай сельгастэхнікі. Думаю, правільна робяць вытворцы, трымаючы тут свае пазіцыі. Пра гэта я згадваў, калі здымаў трактары і аўтамашыны з блізкай майму сэрцу Беларусі.

Сяргей Залеўскі, г. Петрапаўлаўск

На здымку:
“Беларусы” не чужыя ў Казахстане
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter