Марская слава Бацькаўшчыны

Дзень стварэння рэгулярнага ваенна-марскога флоту Расіі прыпадае на 20 кастрычніка. І хоць у Беларусі свайго мора няма, ды слаўных маракоў — вельмі шмат.Летась у жніўні, калі пад Мінскам урачыста адкрывалі мемарыял-помнік “Маракам зямлі беларускай — ад удзячнай Расіі”, створаны намаганнямі ветэранаў флота абедзвюх краін, газета “Голас Радзімы” пісала пра даўнія марскія традыцыі беларусаў. Была сёлета і мая публікацыя пра тое, што двума флатамі камандуюць нашы землякі. Яна зацікавіла нашых суайчыннікаў. І блізкую мне як былому марскому афіцэру тэму цікава прадоўжыць. Дарэчы, з Беларусі, падлічылі, родам больш за 70 адміралаў!
Дзень стварэння рэгулярнага ваенна-марскога флоту Расіі прыпадае на 20 кастрычніка. І хоць у Беларусі свайго мора няма, ды слаўных маракоў — вельмі шмат.

Помнік “Нашчадкам у прыклад”Летась у жніўні, калі пад Мінскам урачыста адкрывалі мемарыял-помнік “Маракам зямлі беларускай — ад удзячнай Расіі”, створаны намаганнямі ветэранаў флота абедзвюх краін, газета “Голас Радзімы” пісала пра даўнія марскія традыцыі беларусаў. Была сёлета і мая публікацыя пра тое, што двума флатамі камандуюць нашы землякі. Яна зацікавіла нашых суайчыннікаў. І блізкую мне як былому марскому афіцэру тэму цікава прадоўжыць. Дарэчы, з Беларусі, падлічылі, родам больш за 70 адміралаў!
Але спачатку пра дату. Як вядома, цяпер Дзень ВМФ у Беларусі і Расіі адзначаецца ў апошнюю нядзелю ліпеня. Аднак рашэнне аб стварэнні рэгулярнага ваенна-марскога флоту Расіі баярская дума па патрабаванні Пятра I прыняла 20 кастрычніка 1696 года. “Гэты дзень і прынята лічыць днём нараджэння Расійскага ваенна-марскога флоту”, — знаходзім у інтэрнэце. Калі флот пачынаў стварацца, беларускія тэрыторыі яшчэ не ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Але добрыя мараходы, якія хадзілі па буйных рэках “у варагі ды грэкі”, гэта значыць на Балтыку і Чорнае мора, сярод продкаў нашых былі спрадвеку.

Камандзірамі не нараджаюцца
Асаблівая павага ў маракоў да камандзіраў, капітанаў. Яно і зразумела: як вядома, камандзір у крытычнай сітуацыі пакідае карабель апошнім, ён жа адказвае за яго бяспеку, дзеянні экіпажа. Аўтарытэт камандзіра — гэта звычайна высокая марская вывучка і практычныя навыкі, грунтоўныя веды і агульная культура. У цане на флоце і здольнасць адстаяць сваё меркаванне перад начальствам ды паважлівае стаўленне да падначаленых. Менавіта такім помніцца і мой першы камандзір — капітан 1 рангу Уладзімір Гарахоўскі. Ён быў камандзірам вялікага дэсантнага карабля “Иван Рогов”, на які я быў прызначаны служыць пасля заканчэння ваенна-марскога вучылішча. Згадваю заняткі па штурманскай падрыхтоўцы, Уладзімір Рыгоравіч праводзіў іх сам. Весці карабель, манеўраваць гігантам — адметнае майстэрства патрэбна, а ён даходліва растлумачваў і няпростыя рэчы. Пазней, у далёкіх паходах, мне даводзілася выконваць абавязкі вахценнага афіцэра, і я быў удзячны камандзіру за веды. Мяркую, словы шчырай падзякі камандзірам могуць выказаць і многія нашы землякі, якія служылі на флоце. Дарэчы, 8 кастрычніка ў ВМФ Расіі адзначаецца і такое свята: Дзень камандзіра надводнага, падводнага і паветранага карабля. Ён зацверджаны загадам галоўнакамандуючага ВМФ у верасні 2007-га ў гонар перамогі расійскіх караблёў у Наварынскай марской бітве 1827 года. Як вядома, адным з вынікаў той перамогі стала (з 1829 года) аўтаномія Грэцыі. Да святочных імпрэз далучаюцца і беларусы, якія ў розны час служылі на флоце, у тым ліку і на камандзірскіх пасадах. Згадаем некаторых з іх.

Нашчадкам у прыклад
Аляксандр Казарскі<br />У кагорце марскіх камандзіраў шмат беларусаў. Ды, напэўна, найбольш вядомы сярод іх — ураджэнец Дуброўна Віцебскай губерні Аляксандр Казарскі, камандзір 18-гарматнага брыга “Меркурий”. Карабель на чале з капітан-лейтэнантам атрымаў бліскучую перамогу пад час Руска-турэцкай вайны 1828-29 гадоў. 26 мая 1829 года яго атакавала турэцкая эскадра, “Меркурий” уступіў у няроўны бой з лінейнымі караблямі “Селіміе” (110 гармат) і “Рэал-бей” (74 гарматы) каля Басфора. Пры тым суперніку былі нанесеныя сур’ёзныя пашкоджанні, турэцкія караблі леглі ў дрэйф, а “Меркурий” удала сышоў ад пераследу. Геройскі карабель быў ушанаваны кармавым Георгіеўскім сцягам, заахвочаны і яго экіпаж. А імператар Мікалай I прыняў спецыяльны ўказ, у якім гаварылася: “... Мы жадаем, каб памяць знакамітых заслуг каманды брыга “Меркурий” і яго ніколі ў флоце не знікала, а, пераходзячы з роду ў род на вечныя часы, была прыкладам для нашчадкаў”. Такія словы ёсць і на пастаменце помніка брыгу і яго камандзіру: “Нашчадкам у прыклад”, які быў закладзены да 5-х угодкаў подзвігу на Матроскім бульвары ў Севастопалі і адкрыты ў 1839 годзе. Аўтар праекта — акадэмік архітэктуры Аляксандр Брулоў, брат знакамітага мастака. Ля помніка, дарэчы, часта сустракаюцца цяпер у святы беларусы Севастопаля.

“Вытрыманы, дысцыплінаваны і смелы”
У розныя перыяды развіцця расійскага і асабліва савецкага флоту нашы суайчыннікі, займаючы камандзірскія пасады, паказвалі прыклады як асабістага гераізму і мужнасці, так і ўмелага камандавання экіпажамі падлодак, надводных караблёў і авіязлучэннямі Ваенна-марскога флоту. Вось прыклад. У маі 1942 года камандзір 4-га дывізіёна падлодак Паўночнага флоту капітан 2 рангу Мікалай Марозаў падпісаў прадстаўленне на ўзнагароджанне нашага земляка, камандзіра ПЛ “М-176” капітан-лейтэнанта Іосіфа Бандарэвіча ордэнам Чырвонага Сцяга. У дакуменце гаворыцца: “Вытрыманы, дысцыплінаваны і смелы камандзір. У Айчыннай вайне супраць нямецкіх захопнікаў праявіў сябе смелым і мужным воінам-камандзірам. Правёў шэраг смелых і дзёрзкіх аперацый і нанёс ворагу значны ўрон. За час ваенных дзеянняў знішчыў 7 караблёў праціўніка. Агульны танаж патопленых караблёў складае 45 тысяч тон. Пераадольваючы моцную ахову канвояў, нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне суперніка таварыш Бандарэвіч смела атакаваў ворага і выходзіў заўсёды пераможцам. За актыўныя баявыя дзеянні супраць нямецкіх акупантаў, за смеласць і мужнасць у баі раней узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга”. Пазней камандуючы Паўночным флотам віцэ-адмірал Арсеній Галаўко зацвердзіў гэтае прадстаўленне.
Іосіф Бандарэвіч<br />Адкуль родам Іосіф Лук’янавіч? Ён нарадзіўся 10 ліпеня 1908 года ў вёсцы Мінкі Ашмянскага павета Віленскай губерні: гэта недалёка ад Смаргоні. У 1936-м закончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе, а ў 1939-м — спецкурсы камсаставу падводнага плавання пры Чырванасцяжным Вучэбным атрадзе падводнага плавання імя Кірава. 13 красавіка 1940 года Бандарэвіч быў прызначаны камандзірам падлодкі “М-176”. У якой і загінуў у чэрвені 42-га разам з экіпажам: гэта быў яго 16-ы баявой паход.
Увогуле падводнікі-беларусы ўнеслі значны ўклад ў гераічны летапіс флоту. Падлічана: за час існавання падводнага флоту камандзірамі субмарын сталі больш за 30 ураджэнцаў Беларусі. І гэта без уліку тых, у каго ёсць беларускія карані, але родам яны з Расіі ці Ўкраіны.

Валянцін Дрозд<br />Наш чалавек на Балтыцы
Сярод камандзіраў караблёў, якія камандавалі пазней флоцкімі злучэннямі, таксама ёсць нашы землякі. Напрыклад, віцэ-адмірал Валянцін Дрозд. Нарадзіўся ён 16 верасня 1906 года на станцыі Буда-Кашалёўская, цяпер Гомельшчына. У 1925-м па першым камсамольскім закліку паступіў у Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе, дзе яго аднакашнікамі былі вядомыя пазней камандзіры Уладзімір Платонаў і Арсеній Галаўко. Размеркаванне атрымаў на Балтыку. Кар’ера была імклівая: у 27 гадоў — камандзір эсмінца, у 29 — старшы памочнік камандзіра на лінейным караблі “Марат”. У лістападзе 36-га добраахвотнікам паехаў у Іспанію. Пад псеўданімам “Дон Рамон” Валянцін Пятровіч дапамагаў рэспубліканскаму флоту, быў ваенна-марскім дарадцам камандуючага флатыліяй Вісэнтэ Рамірэса. Нярэдка яму даводзілася браць на сябе і яго ролю. У Іспаніі нашага земляка ведалі як марскога героя. За праяўленыя мужнасць і адвагу ў баях па разгроме іспанскага фашысцкага флоту Валянцін Дрозд быў узнагароджаны ардэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга.
У лістападзе 37-га ён ужо камандзір брыгады эсмінцаў, а праз пяць месяцаў — камандуючы Паўночным флотам. Самы малады, дарэчы, за ўсю гісторыю Паўночнага флоту. З верасня 41-га па студзень 43-га камандаваў эскадрай караблёў Балтфлоту, актыўны ўдзельнік абароны Ленінграда. У прадстаўленні яго на ордэн Чырвонага Сцяга, якое падпісаў камандуючы Балтфлотам віцэ-адмірал Уладзімір Трыбуц у лістападзе 41-га чытаем: “Таварыш Дрозд з першых дзён вайны асабіста ўдзельнічаў і кіраваў марскімі аперацыямі па знішчэнні караблёў суперніка. У выключна напружаных умовах караблі эскадры вялі баявую дзейнасць у Маанзунд, дзе па некалькі разоў у суткі адбівалі налёты авіяцыі суперніка на нашы берагавыя ўмацаваныя аб’екты, прымаючы галоўныя бомбавыя ўдары на сябе. У марскіх баях было знішчана некалькі мінаносцаў і больш за 10 транспартаў праціўніка. Дзякуючы наяўнасці вялікага вопыту, таварышу Дразду ўдалося вывесці Маанзундскім пралівам крэйсер “Киров”. Вялікую ролю караблі эскадры выканалі і пры абароне Таліна... За асабістую мужнасць, смеласць і рашучасць, праяўленую ў баях з нямецкімі захопнікамі, віцэ-адмірала Дразда Валянціна Пятровіча ўзнагародзіць ордэнам Чырвонага Сцяга”. Мужны камандзір не дажыў да Вялікай Перамогі: загінуў на баявым пасту ў 37 гадоў пад Кранштатам пры артабстрэле 29 студзеня 1943 года. Пахаваны віцэ-адмірал Валянцін Дрозд у Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбурзе. А ў Буда-Кашалёве ля ўваходу ў гарадскі парк усталяваны помнік герою-земляку.

Іван Айвазоўскі. Брыг “Меркурий”, атакаваны двума турэцкімі караблямі. 1892 г. Самалёты над морам
Нашы землякі былі і сярод камандзіраў авіязлучэнняў ваенна-марскога флоту. Варта згадаць, напрыклад, Макара Уласавіча Барташова: палкоўнік, марскі лётчык, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся 20 верасня 1909 года ў Жлобіне, на Гомельшчыне, у сям’і рабочага. На флоце з 1929 года, закончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу, Школу ваенных лётчыкаў у Барысаглебску і Ейскую школу марскіх лётчыкаў. Першым месцам службы Барташова была 60-я эскадрылля цяжкіх бамбавікоў ВПС Чарнаморскага флоту. У жніўні 37-га яго прызначылі камандзірам атрада 28-й эскадрыллі Ціхаакіянскага флоту. На Далёкім Усходзе служыў да канца 46-га: камандаваў эскадрылляй, палком, затым і дывізіяй.
У ходзе вайны з Японіяй у 45-м камандаваў 12-й штурмавой авіядывізіяй ЦФ. Палкоўнік Макар Барташоў асабіста патапіў варожы танкер. Лётчыкі яго дывізіі здзейснілі 532 баявыя вылеты, нанёсшы суперніку адчувальныя страты.
Званне Героя Савецкага Саюза нашаму земляку прысвоена ў верасні 1945-га. У прадстаўленні гаворыцца: “За час баявых дзеянняў з 9 па 17 жніўні 1945 года супраць Японіі 12-я штурмавая авіядывізія ВПС ЦФ пад камандаваннем палкоўніка Барташова Макара Уласавіча правяла шэраг бліскучых аперацый... За ўмелае кіраўніцтва часцямі авіядывізіі, паспяховае выкананне баявых заданняў і праяўленую пры тым асабістую мужнасць і адвагу палкоўнік Барташоў варты ўшанавання вышэйшай урадавай узнагародай: званнем Героя Савецкага Саюза”. Пасля вайны Макар Уласавіч закончыў Акадэмічныя курсы пры Ваенна-марской акадэміі. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ардэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Палкоўнік Барташоў трагічна загінуў пры выкананні службовых абавязкаў у 1948 годзе, пахаваны ў Калінінградзе. Імем героя названа вуліца ў Жлобіне.

Эстафета прадаўжаецца
І ў пасляваенныя гады многія ўраджэнцы Беларусі служылі на адказных камандзірскіх пасадах у структурах ВМФ СССР, на флатах поставецкіх краін. Напрыклад, з красавіка 2013 года камандуе Чарнаморскім флотам Расіі віцэ-адмірал Аляксандр Вітко, які нарадзіўся 13 верасня 1961 года ў Віцебску. У 1984-м ён закончыў Чарнаморскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Нахімава і служыў на Ціхаакіянскім флоце. У 1998-м закончыў Ваенна-марскую акадэмію імя Кузняцова, а ў 2004-м — Ваенную акадэмію Генштаба Ўзброеных сіл Расіі. З 2009-га і да прызначэння камандуючым ЧФ Расіі быў намеснікам камандуючага Паўночным флотам.
Робіць беларусам гонар, што там жа, на Чорным моры ўжо больш за год камандуе Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны віцэ-адмірал Юрый Ільін. Юрый Іванавіч нарадзіўся 21 жніўня 1962 года ў Рагачове, на Гомельшчыне. Зрэшты, пра абодвух камандуючых флатамі, прадаўжальнікаў слаўных марскіх традыцый кантынентальнай Беларусі, можна пачытаць у “Голасе Радзімы” за 1 жніўня тэкст “Землякі камандуюць флатамі”.

Мікалай Бойка, капітан 3 рангу ў запасе

На здымках:
Помнік “Нашчадкам у прыклад”
Аляксандр Казарскі
Іосіф Бандарэвіч
Валянцін Дрозд
Іван Айвазоўскі. Брыг “Меркурий”, атакаваны двума турэцкімі караблямі. 1892 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter