Культурная сталіца Беларусі Маладзечна — горад творчасці і прыгажосці

Маладзечна ў промнях сонца

Культурная сталіца Беларусі — горад творчасці і прыгажосці


Светлы, радасны, сонечны — гэта ўсё пра Маладзечна. У гэтым горадзе, кіламетраў за 70 ад Мінска, часта бывала я ў дзяцінстве. Памятаю, гулялі са стрыечным братам у прыгожым парку, які на той час здаваўся мне лесам: вавёрак тады кармілі з рук арэхамі, пад вялізнымі елкамі знаходзілі грыбы... На плошчы Старое месца бурліла гандлёвае жыццё, бабуля там купляла нам марожанае. І вось бабулі ўжо няма, а з братам сустракаемся ўсё больш у інтэрнэце. А горад Маладзечна, у якім і пазней бывала не раз, у тым ліку і на знакамітым Фестывалі беларускай песні і паэзіі, па-ранейшаму мне дарагі.


Прыгожы горад Маладзечна ў любую пару года. Фота: Віталій Гіль

Больш уважліва ўгледзецца ў абрысы горада, прыслухацца да рытмаў жыцця сучасных маладзечанцаў пашанцавала і нядаўна, пад час камандзіроўкі. Яшчэ на пероне чыгуначнай станцыі заўважыла: у горадзе адбыліся змены. Пры новым будынку вакзала разглядала бронзавую скульптуру Дзяўчыны-пасажыркі. Дарэчы, гэта адна з апошніх работ майстра Уладзіміра Жбанава. Вандроўка па горадзе ў мяне была пазней, а спачатку рушыла ў Музычны каледж імя Агінскага, на сустрэчу з яго дырэктарам. Рыгор Сарока — заслужаны дзеяч культуры, кавалер ордэна Францыска Скарыны. Ён спачатку паказаў выставу жывапісных студэнцкіх работ з плэнераў у памятных мясцінах рода Агінскіх: вёскі Залессе, Лучаі, Аборак. Зазірнулі ў пакой-музей Міхала Клеафаса Агінскага. Шмат расказваў Рыгор Сямёнавіч, як ушаноўваецца памяць пра земляка. Чаго вартае толькі ўсталяванне помніка Агінскаму ў Маладзечне! Мае горад і мемарыяльную дошку — дакладную копію той, што ёсць цяпер у італьянскай Фларэнцыі на вуліцы Тарнабуоні, 10: на фасадзе дома, у якім палітык, дыпламат, кампазітар пражыў апошнія 11 гадоў.

На калідоры прыпыніліся ля “ганаровага” стэнда — з фота і прозвішчамі выпускнікоў каледжа, якія сёння вядомыя ў свеце оперы. “Наш Уладзімір Александровіч — саліст тэатра “Камунале” ў Венецыі, — з гонарам гаворыць дырэктар. — Уладзіслаў Сулімскі — знакаміты барытон у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбурзе, саліст Вялікага тэатра Расіі ды Шведскай Каралеўскай оперы. Анатоль Сіўко спявае ў Беларускай оперы, прадстаўляе краіну на шматлікіх міжнародных конкурсах. Вось і ў 2015-м ён стаў уладальнікам прэміі ІІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева”.


Фота: БелТА

Пра каледж і студэнтаў Рыгор Сямёнавіч можа расказваць доўга, упэўнены: яго навучэнцы — самыя таленавітыя. Дый сам ён шчаслівы, што больш за 35 год узначальвае “адну з лепшых навучальных устаноў у свеце”. Толькі сёння больш за 50 навучэнцаў — лаўрэаты розных міжнародных конкурсаў. А дырэктар марыць, каб каледж стаў Вышэйшым каледжам музыкі ды мастацтваў. Гаворыць, Маладзечна як ніякі іншы “правінцыйны” горад заслугоўвае, каб менавіта ў ім з’явілася першая “несталічная” культуралагічная вышэйшая навучальная ўстанова.   

Маладзечанцам лічыць сябе Рыгор Сарока, хоць родам з вёскі Турэц-Баяры гэтага раёна. З 14 гадоў жыве ў “горадзе сонца”: так часам называюць Маладзечна яго жыхары. Сапраўды, у сонечны дзень горад увесь ззяе, заварожвае святлом, уздымае настрой, дорыць радасць. І Рыгор Сямёнавіч любіць, калі выпадае, уранні, на золку прайсціся па вуліцы Прытыцкага, якая пасля Дажынак-2011 стала пешаходнаю, прагуляцца ў парку Перамогі, а ўвечары зазірнуць у гарадскі Палац культуры. Там, па словах субяседніка, праходзіць да 450 мерапрыемстваў у год! Як мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор Маладзечанскага маладзёжнага народнага музычнага тэатра ён ставіў там оперы “Яўгеній Анегін”, “Травіята”, “Кармэн”, “Іаланта”. Да 250-годдзя Агінскага ў Маладзечне пастаўлена опера “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” (кампазітар Алег Залётнеў, аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Макарэй). Аўтар ідэі, мастацкі кіраўнік праекта і дырыжор — Рыгор Сарока. Оперу плануюць паказаць па розных гарадах Польшчы і Літвы.


Фестываль беларускай песні і паэзіі — вялікае свята для ўсіх. Фота: БелТА

Нямала сустрэч будзе сёлета ў Маладзечне. Пройдуць цыклы імпрэз “Майстры мастацтваў — культурнай сталіцы Маладзечна”, шмат канцэртаў, выстаў, спектакляў. Прыедуць у госці вядомыя дзеячы культуры. А Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі будзе прысвечаны 75-м угодкам Уладзіміра Мулявіна. Запланаваны конкурсы “Міс Маладзечна-2016”, цырульніцкага майстэрства “Свет прыгажосці”. Упершыню пройдзе творчы конкурс “Сімвал маладога пакалення”, уручэнне традыцыйнай моладзевай прэміі “Рэспект года”.

Рыгор Сарока лічыць Маладзечна горадам унікальным: на 95 тысяч жыхароў — чатыры музычныя школы, драмтэатр, Лялечны тэатр “Батлейка”... “У якім яшчэ горадзе Еўропы столькі ўсяго!” — усклікае ён. Да 1960-га гэта быў цэнтр вобласці, горад меў нават абласны ансамбль песні і танца, іншыя творчыя гурты. З таго часу Маладзечна клапатліва зберагае, не губляе моцны творчы асяродак. Таму, лічыць Сарока, горад даўно ўжо праяўляецца як культурная сталіца краіны...


Выступаюць артысты Лялечнага тэатра “Батлейка”. Віталій Гіль

Пасля гутаркі з чалавекам, улюбёным у свой горад, і я разглядвала яго пад іншым ракурсам. Уразіла, напрыклад, што на вуліцах шмат моладзі. Яно і зразумела: у Маладзечна едуць вучыцца хлопцы і дзяўчаты са шматлікіх вёсак, аграгарадкоў раёна — у гандлёва-эканамічны ды палітэхнічны каледжы, у гімназію-каледж мастацтваў ды Музычны каледж імя Агінскага. І парк, у якім любіла я гуляць у дзяцінстве, не пазнала: добраўпарадкаваны, шырокія шыкоўныя дарожкі, з’явіліся штучныя вадаёмы, фантан, алея дрэваў, прысвечаная гарадам, у якіх праходзілі Дажынкі. Вялізны мемарыял Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Цераз дарогу, на цэнтральнай плошчы горада, прыгожа ўпісалася бронзавая кампазіцыя “Папараць-кветка” — праца скульптара Уладзіміра Жбанава. Непадалёк і гасцініца “Маладзечна” — адзін з сімвалаў горада савецкіх часоў: менавіта яе выява часта сустракалася на паштоўках, марках. А далей — пешаходная вуліца Прытыцкага, ці мясцовы “Брадвей”, як яе называюць. І прагулка па ёй — сапраўдная экскурсія: кафэ, крамы, бібліятэка... А яшчэ — слуп-гадзіннік, які паказвае дакладны час, кінатэатр “Радзіма”, касцёл св. Іосіфа ды помнік Яну Паўлу ІІ ля яго...

Ад’язджала з Маладзечна маршруткай, праз новы мікрараён. У промнях заходзячага сонца бачыла: горад будуецца. Яркія рознакаляровыя шматпавярховікі, якія засяляюць пераважна маладыя сем’і, падобныя да такіх жа ў Мінску ці іншых беларускіх горадах. Побач — магазіны, дзіцячыя садкі, школы. Горад жыве, пашыраецца, падрастаюць і новыя жыхары. Спадзяюся, ім удасца не растварыцца ў плыні “глабалізацыі”, зберагчы непаўторную адметнасць, аўру горада высокакультурнага, утульнага для жыцця і творчасці. А пра духоўныя арыенціры маладзечанцаў сведчыць і вялізная манументальная стэла з выяваю Божай маці на ўездзе ў горад: яна сустракае і праводзіць падарожнікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter