Маладосць плюс талент

Пяты Міжнародны фэст студэнцкіх тэатраў прайшоў з аншлагам
Пяты Міжнародны фэст студэнцкіх тэатраў прайшоў з аншлагам.

Удзельнікі студэнцкага карнавалу ля “Трамвая жаданняў”Сапраўдны карнавал на вуліцах Мінска наладзілі ўдзельнікі свята, якія па традыцыі прыехалі да месца дзеяння на прыгожым “Трамваі жаданняў”. Яркае касцюмаванае шэсце герояў студэнцкіх спектакляў весела рухалася па горадзе: ад ліцэя Беларускага дзяржаўнага універсітэта, што на вуліцы Першамайскай, да Палаца прафсаюзаў, дзе сёлета і праходзілі першыя фестывальныя спектаклі.

Фэст “Тэатральны куфар” арганізуецца на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю, асабліва ў студэнцкім асяроддзі. На мінскіх сцэнах выступаюць студэнты-акцёры з блізкага і далёкага замежжа. Да таго ж аматарскія калектывы маюць магчымасць абмяняцца творчым вопытам, наладзіць новыя кантакты.

Сёлета ўпершыню за пяць гадоў “Тэатральны куфар” сабраў 20 тэатраў, гэта — амаль 300 артыстаў-аматараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Балгарыі, Сербіі, Нідэрланлдаў, Германіі. Журы, у склад якога ўваходзілі вядомыя тэатральныя дзеячы, режысёры, крытыкі, узначальваў прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі універсітэцкіх тэатраў Жан Марк Лару. Членам журы давялося праглядзець 21 спектакль, перш чым размеркаваць намінацыі сярод удзельнікаў. У выніку перамогу на «Тэатральным куфры-2008» атрымаў студэнцкі тэатр Маскоўскага дзяржуніверсітэта імя М.Ламаносава са спектаклем «Сірано».

У ліку іншых на мінскім фэсце ўдала выступіў тэатр “TUT” Тартускага універсітэта. У гэтага калектыва ўсталяваліся цесныя культурныя кантакты з тэатрам “На балконе” БДУ. Падчас знаходжання ў Мінску мастацкі кіраўнік тэатра з Эстоніі Калеў Куду (яго спектакль “Псіхоз 4.48” прызнаны лепшым на фэсце па рэжысуры) правёў для беларускіх студэнтаў майстар-класы па тэатральнай тэхніцы і акцёрскім майстэрстве. У бліжэйшых планах двух тэатраў — абмен пастаноўкамі.

Мікалай Зайца
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter