Беларускія кнігі папоўнілі фонды Бібліятэкі кангрэса ЗША

Лепшы падарунак

Дырэктар Нацыянальнай біблія­тэкі Беларусі Раман Матульскі перадаў лепшыя беларускія кнігі — лаўрэаты нацыянальных і міжнародных кніжных конкурсаў у Бібліятэку кангрэса ЗША.

У сваім выступленні Раман Матульскі адзначыў, што наяўнасць у Бібліятэцы кангрэса ЗША беларускіх выданняў, якія змяшчаюць аб’ектыўную інфармацыю пра Беларусь, будзе садзейнічаць распаўсюджванню ведаў аб краіне сярод амерыканцаў, што, безумоўна, паспрыяе паляпшэнню ўзаемаразумення паміж народамі абедзвюх краін.

Кіраўнік еўрапейскага дэпартамента Бібліятэкі кангрэса ЗША Джорджэт Дорн з падзякай прыняла перададзеныя кнігі ды адзначыла важнасць і своечасовасць такой ініцыятывы.

Перадача кніг Бібліятэцы кангрэса ЗША з’яўляецца першым мерапрыемствам праекта “Беларусь сёння”. Па ўмовах праекта Беларусь штогод будзе перадаваць пяці найбуйнейшым бібліятэкам свету каля ста лепшых кніг айчынных выданняў, якія адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё краіны, яе гісторыю і культуру. У збор увойдуць лепшыя літаратурна-мастацкія, навуковыя, навукова-папулярныя выданні, энцыклапедыі, даведнікі і фотаальбомы.

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, першапачаткова Бібліятэцы кангрэса ЗША перададзена невялікая колькасць кніг. Сярод іншых — зборнік “Спадчына Беларусі. Скарбы”. Плануецца, што ў хуткім часе будуць дастаўлены іншыя беларускія выданні апошніх гадоў, удастоеныя ўзнагарод на розных конкурсах.

Сёлета ж па сто кніг з Беларусі будуць таксама перададзены найбуйнейшым бібліятэкам Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі. Сярод выданняў — энцыклапедыі, даведнікі, выданні па мастацтве, мовазнаўстве, фотаальбомы. Усе кнігі распавядаюць пра гісторыю, традыцыі, культуру і прыроду краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter