Літаратура, якая збліжае

Пасольства Кітая перадало ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі калекцыю кніг
Пасольства Кітая перадало ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі калекцыю кніг.

Кнігі ад кітайскага пасольства ўжо выклікалі цікавасць сярод чытачоў Нацыянальнай бібліятэкіКнігі, усяго каля 600 экземпляраў, перададзены ў адпаведнасці з праграмай “Акно ў Кітай”, якую рэалізуюць нацыянальныя бібліятэкі Кітая і Беларусі з 2007 года: тады быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні. Першую партыю кніг Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала летась. Гэта выданні па філасофіі, юрыспрудэнцыі, гісторыі, культуры і мастацтве, кодэксы і законы Кітайскай Народнай Рэспублікі. Большасць кніг выдадзена на дзвюх мовах — кітайскай і англійскай, што значна пашырае кола іх карыстальнікаў.

Начальнік аддзела Азіі Міністэрства замежных спраў Беларусі Вадзім Сянюта выказаў упэўненасць, што беларускія чытачы па заслугах ацэняць падарунак. “Кнігі дапамогуць беларусам больш даведацца пра гісторыю, культуру Кітая, сучасныя тэндэнцыі развіцця гэтай краіны”, — сказаў ён.

На цырымоніі перадачы кніг Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Лу Гуйчэн адзначыў, што атрымаў вялікае задавальненне ад наведвання Нацыянальнай бібліятэкі. “З самага пачатку знаходжання ў Беларусі я чуў, што бібліятэку называюць алмазам, і думаў, што гэта назва ўзнікла з-за яе формы. Але цяпер разумею, што тут сабрана мудрасць беларускага народа і многіх народаў свету”, — сказаў пасол. “Спадзяюся, што літаратура дапаможа нашым народам зблізіцца яшчэ больш”, — дадаў ён.

У бліжэйшы час з перададзеных Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кніг будзе арганізавана тэматычная выстаўка.

Аляксей Букчын
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter