“Лістапад” у чаканні гасцей

Міжнароднае журы юбілейнага XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” узначаліць вядомы расійскі рэжысёр Валерый Тадароўскі
Міжнароднае журы юбілейнага XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” узначаліць вядомы расійскі рэжысёр Валерый Тадароўскі.

Валерый Тадароўскі — часты госць беларускай сталіцы і “Лістапада”. У 2004 годзе на “Лістападзе” за фільм “Мой зводны брат Франкенштэйн” ён атрымаў дыплом журы кінематаграфістаў “За майстэрскае ўвасабленне вобразаў сучаснікаў на фоне трагічных рэалій нашых дзён”.

З 15 да 22 лістапада Мінск ператворыцца ў сталіцу кінафестывалю. Па традыцыі, горад чакае знакамітых гасцей са свету кіно з розных краін. Чакаецца, што колькасць краін-удзельнікаў фестывалю пашырыцца (летась была 42).

Галоўнымі ўзнагародамі фестывалю з’яўляюцца Золата, Серабро і Бронза “Лiстапада”, уладальнікі якога вызначаюцца па выніках глядацкага галасавання і падліку рэйтынгавых балаў. Міжнароднаму журы трэба будзе назваць годных прыза за лепшую рэжысуру, лепшыя мужчынскую і жаночую ролі. Яшчэ адно патрабавальнае журы — кінапрэса — вызначыць, хто годны прыза “Фільм як з’ява мастацтва”, а таксама лепшых акцёра і актрысу другога плана. Акрамя таго, фестываль мае некалькі спецыяльных прызоў.

Жанна Кротава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter