Суполка “Мара” ў латвійскім горадзе рэалізуе праект “Беларусь — Латвія: насустрач адзін другому”

Ліепая гасцей сустракае

Суполка “Мара” ў латвійскім горадзе рэалізуе праект “Беларусь — Латвія: насустрач адзін другому”

Хлебам-соллю сустракалі мяне супляменнікі з беларускай суполкі “Мара” — я быў запрошаны да іх як паэт, аўтар слоў песень. Сустрэча праходзіла ў плыні праекта “Беларусь — Латвія: насустрач адзін другому”. Ладзіўся невялікі, але шматмоўны канцэрт, у якім гучалі песні на мае словы кампазітараў Станіслава Клімава, Альберта Белуся, Міколы Яцкова. Спачатку выступаў беларускі гурт з Ліепаі “Паўлінка”, ім кіруе Жанна Буйніцкая: гучалі песні “Матулін рушнік”, “Пуцяводная ніць”, “Дзічка”, “Дранікі”. Далей мясцовы рускі ансамбль “Ярило” (кіраўнік Кацярына Цэма) спяваў “Ой, да втрескался…”. Салістка польскага ансамбля “Bursztynki” Мечыслава Загерэ выканала песню “Мірта” ў перакладзе на польскую мову пад акампанемент Ілоны Шакеле. Далей “Ярило”, а затым і Мечыслава спявалі латгальскую народную песню “Rūžeņa” ў маім перакладзе на рускую і польскую мовы.


Беларускім гуртом “Паўлінка” ў Ліепаі кіруе Жанна Буйніцкая


Я прачытаў некалькі сваіх вершаў, адрасаваных дарослым і дзецям. Дарэчы, у зале былі і вучні адной са школ Ліепаі. На завяршэнне гурт “Паўлінка” спяваў “Dzimta valoda” (“Родная мова”): музыка Айнара Віргі, словы малдаўскага паэта Рыгора Віеру. Гучаў і гімн Ліепаі “Pilsēta kurā piedzimst vējš” (“Горад, дзе народжаны вецер”) па-латышску і ў маім перакладзе на беларускую мову. Песню “Dzimta valoda” я пераклаў па просьбе актывісткі ліепайскай суполкі Валянціны Грыбоўскай, а пасля і гімн Ліепаі — па просьбе Жанны Буйніцкай. Гэта беларусы рыхтавалі нумары ў канцэрт этнатаварыстваў на розных мовах, і ён прайшоў паспяхова. Пераклад гімна Ліепаі ў мяне атрымаўся вольным, ад імя беларусаў, якія жывуць у горадзе. У ім ёсць радкі: “Горад, дзе народжаны вецер, народжаны вецер,/ Горад пад ліпамі лепшы на свеце,/ Горнеш і туліш нас да сябе,/ З намі ты ў радасці і ў журбе./ Горад, дзе народжана вера, наро-джана вера,/ Дзе абярэгам бурштынавы бераг,/ Божа, ад буры крылом заслані!/ Тут мы пусцілі свае карані…”

Выказваю словы падзякі за гасціннасць, цеплыню сэрцаў сябрам беларускай суполкі “Мара” і ўсім, хто паўдзельнічаў у імпрэзе. Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся, і прыгожых песень хопіць на ўсіх.

Станіслаў Валодзька, г. Даўгаўпілс, Латвія

Голас Радзімы № 10 (3466), чацвер, 24 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter