Крок да лепшага разумення

У нарадзе, якая прайшла ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены і была прысвечана стану сучаснай царкоўнай мовы, прынялі ўдзел навукоўцы-лінгвісты, філолагі, перакладчыкі і вернікі
Касцёл святых Сымона і Алены ў МінскуУ нарадзе, якая прайшла ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены і была прысвечана стану сучаснай царкоўнай мовы, прынялі ўдзел навукоўцы-лінгвісты, філолагі, перакладчыкі і вернікі.

Уявіце сабе, шаноўныя чытачы, такую сітуацыю: у сям’і, класе або іншай групе людзей — усе хрысціяне, усе звяртаюцца да Святога Пісання, але адначасова яны прадстаўляюць розныя канфесіі. Большасць — праваслаўныя, але ёсць католікі, пратэстанты ці уніяты. Гэта — адзін з вынікаў таго, што Беларусь знаходзіцца на памежжы двух вялізных грамадска-культурных рэгіёнаў — усходняга (праваслаўна-візантыйскага) і заходняга (каталіцка-пратэстанцкага). Адсюль і рэлігійная разнастайнасць, магчымасць (прыкладаў таму многа) плённага сінтэзу.

І вось браты, аднакласнікі ці калегі бяруцца голасна чытаць беларускае Евангелле, якое сёння ёсць і ў праваслаўных (тэкст кананічны ці набліжаны да такога), і ў католікаў (адрозных тэкстаў тут некалькі), і ва уніятаў (тыя ж кнігі, што ў католікаў), і ў пратэстантаў (толькі ў пераважнай большасці яны карыстаюцца рускім перакладам). Адзін называе Бога Гасподзь ці Госпад, другі — Пан. Адзін кажа “Ісус”, другі — па-польску “Езус”. Адзін віншуе: “З Божым нара-джэннем!”, другі — “З ражджаством Хрыстовым”, а трэці ўвогуле па-язычніцку —“З Калядамі!” І такі разнабой — ненармальная з’ява, бо ён аслабляе грамадскую супольнасць, нацыю ў цэлым. У іншых краінах усе хрысціянскія канфесіі карыстаюцца адзіным або набліжанымі тэкстамі Евангелля.

Такі ж першы крок да паразумення зроблены і ў Беларусі. Пад рэдакцыяй ксяндза-магістра тэалогіі і кандыдата гістарычных навук, пробашча касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску Уладыслава Завальнюка нядаўна выйшла чарговае беларускае Евангелле пакуль што толькі “для ўнутраных патрэб” сваёй парафіі. У ім мы ўжо чытаем і “Госпад”, і Ісус, і многае іншае, што збліжае дзве вядучыя канфесіі Беларусі.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк каля выставы выданняў парафіі Святых Сымона і Алены разам з кандыдатам філалагічных навук Алай Сакалоўскай і прафесарам Генадзем ЦыхуномНапярэдадні каталіцкага Нараджэння Хрыстова ў “Чырвоным” касцёле сабраліся вучоныя, тэолагі, прадстаўнікі грамадскасці, каб абмеркаваць стан беларускай царкоўнай мовы. Яны высока ацанілі зробленае ксяндзом Завальнюком. Усяго пад яго кіраўніцтвам, падлічыў старшыня Прафесарскага клуба пры касцёле (а ў ім за 60 чалавек) Міхаіл Цяўлоўскі, выдадзена каля 50 кніжак. Большасць з іх — на беларускай мове.

— Сама я праваслаўная, — пачала дыскусію пасля ўступнага слова айца Уладыслава мовазнавец і педагог Валянціна Раманцэвіч, — але з ахвотай працавала над каталіцкім выданнем, бо адчувала, што яно будзе яднаць як нацыю, так і сем’і. Дарэчы, у мяне адзін дзед быў праваслаўны, а другі католік. І муж быў католікам. Што ж нам дзяліць? Вера ў нас адна — хрысціянская.

— Гэта нялёгкая справа — дабіцца, каб пераклад быў і дакладны з тэалагічнага боку, і гучаў па-беларуску, — працягнуў гаворку аўтар беларускага “Буквара”, які вытрымаў ужо каля 40 выданняў, знаўца грэчаскай мовы Анатоль Клышка. — У новым перакладзе Евангелля многа ўдалых слоў-наватвораў. Напрыклад, вернік, дабраславёны і гэтак далей.

— Зроблены першы, можна прама сказаць, гістарычны крок. І тут важна не націскаць, не прыспешваць падзеі, таму што мы маем справу з шматвяковымі традыцыямі, — перасцерагаў доктар філалагічных навук прафесар Генадзь Цыхун. — Праваслаўны тэкст Евангелля ўзыходзіць да грэчаскай першакрыніцы, а каталіцкі — да лацінскай. Адсюль і розная лексіка, скажам, манастыр у праваслаўных і кляштар у католікаў. У нас не павінна быць ілюзій, што мы хутка дасягнем поўнага адзінства кананічных тэкстаў. Тут патрэбны ўзаемаразуменне і цярплівасць, выкарыстанне вопыту іншых славянскіх народаў. Рознаварыянтнасць на першым этапе збліжэння дапушчальная. Калі мова жыве, яна не можа быць занадта нармалізаванай.

Старшыня беларускага Біблейскага таварыства Герман Родаў расказаў аб рабоце Сінадальнай камісіі па перакладзе пры Беларускім экзархаце. Яна падрыхтавала ўжо і выдала па-беларуску праваслаўнае Пятніцааевангелле і цяпер працуе над перакладам Дзеянняў Апосталаў. Біблейскае таварыства, падкрэсліў Герман Родаў, педагог пратэстанцкага вызнання, можа з часам стаць аб’яднальным для ўсіх хрысціянскіх канфесій

У дыскусіі прынялі ўдзел навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Мінскага лінгвістычнага універсітэта, работнікі выдавецтваў і рэдакцый газет, простыя вернікі. Яны далі высокую ацэнку перакладу Евангелля, а таксама новай кнізе Уладыслава Завальнюка “Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі”, якая можа служыць дапаможнікам для перакладчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў.

Падвёў вынікі абмеркавання дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец:

— Мы атрымалі дасканалы пераклад Евангелля, які можа ў перспектыве стаць адзіным для ўсіх канфесій, у стане, як кажуць, легчы на душу і тым, хто прыходзіць у касцёл, і тым, хто моліцца ў царкве. Ён вызначаецца добрай мовай, узнёслы і адначасова дакладны з пункту гле-джання анамастыкі. Шлях жа ў будучыню — спачатку дабіцца або хоць наблізіцца да адзінства ўнутры саміх католікаў, а потым ствараць больш агульную, міжканфесійную тэрміналагічна-лексічную камісію.

На нарадзе таксама гаварылася аб стварэнні інфармацыйна-бібліяграфічнай базы звестак. Многія праблемы, якія абмяркоўваліся дыскутантамі нібыта ўпершыню, на самай справе ўжо не раз узнімаліся ў друку. Але, на жаль, шматлікія публікацыі, у тым ліку і “Голасу Радзімы”, засталіся незаўважанымі.

На здымках:

Касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску;

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк каля выставы выданняў парафіі Святых Сымона і Алены разам з кандыдатам філалагічных навук Алай Сакалоўскай і прафесарам Генадзем Цыхуном.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter