Хто ён, загадкавы Оскар Мілаш?

Французскі пісьменнік нарадзіўся ў Чарэі
Французскі пісьменнік нарадзіўся ў Чарэі.

Оскар МілашМы, жыхары вёскі, а калісьці вялікага мястэчка Чарэя (Чашніцкі раён Віцебскай вобласці), чулі, што тут нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады дыпламат і паэт Оскар Мілаш, сваяк славутага польскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. Але звестак пра нашага земляка ў беларускіх энцыклапедыях мы не знайшлі. І толькі ў даведніку “Літаратурныя мясціны Беларусі” трапілася на вочы невялікая нататка пра нашую вёску: “Радзіма Оскара Уладзіслава Любіч Мілаша (1877–1939), французскага празаіка і паэта-сімваліста. У Францыі выдаў “Песні” і два зборнікі “Аповесцяў і казак даўняй Літвы”. У паэзіі яго прысутнічаюць канкрэтныя вобразы дзяцінства, праведзенага на беларускай зямлі”. І ўсё.

Сабраць звесткі пра Оскара Мілаша дапамог другі наш зямляк — вучоны і пісьменнік Раальд Раманаў, які цяпер жыве ў Маскве. Нарадзіўся, праўда, ён у Барысаве. Але ў Чарэі, дзе працавалі бацькі, прайшло яго дзяцінства. Тут ён стаў партызанскім сувязным, адсюль пайшоў на фронт. Потым працаваў як будаўнік у Гродне і Рызе, абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў Дзяржаўную прэмію Латвійскай ССР. І, самае галоўнае, абапіраючыся на маскоўскія матэрыялы, напісаў і выдаў дзве кнігі — “Помнікі культуры Белай Русі” і “Царград Чарэя”. Кожная з іх — гэта ўзнёслы гімн Чарэі, якая калісьці сапраўды была стольным горадам княства, ся-дзібай Льва Сапегі, які тут узвёў царкву. Дык вось, Раальд Раманаў, карыстаючыся маскоўскімі матэрыяламі, склаў рукапісны буклет, прысвечаны Оскару Мілашу. Прэзентацыя буклета адбылася ў Чарэйскай бібліятэцы, якой я загадваю, з удзелам самога аўтара і яго памочніцы — пляменніцы Таццяны Палажэнцавай.

Цяпер мы ведаем пра нашага суайчынніка значна больш. Напрыклад, дакладную дату нараджэння (27 мая), месца і дату смерці (Фантэбло, таксама 27 мая). Але кім ён быў, кім лічыў сябе сам? Беларусам? Наўрад ці. Мяркуючы па выказванні на адной са сваіх лекцый, хутчэй, палякам. Вось што ён казаў пра Чарэйшчыну: “Хадземце, я павяду вас у думках у край дзівосаў, сутоння, імглы і ціхіх шэптаў… Вось мы і тут, на ўскраінах польскіх зямель, ужо паўночных, але закаханых у колеры. Адзін мах крыла — і мы праляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаны прыгаслым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імжыстая лясная смуга…” Але і “польскасць” Мілаша таксама “прыгаслая”: не ведаючы добра літоўскай мовы, ён стаў грама-дзянінам Літвы і прадстаўляў яе дыпламатычныя інтарэсы як пасол у Францыі. Значыць, быў чалавекам этнічнага і культурнага памежжа, а яго спадчына належыць некалькім народам.

Мяне, як бібліятэкара, найбольш цікавіць кніга Оскара Мілаша “Аповесці і казкі даўняй Літвы”. Я пераканана, што там выкарыстаны фальклор Чарэйшчыны, а не карэннай Літвы, што сам тэрмін “Літва” ён разумеў не этнічна, а гістарычна — як былое Вялікае Княства Літоўскае, куды ўваходзіла і Чарэйшчына. Упэўнена: гэтая кніга зацікавіць і сучасных беларускіх даследчыкаў.

Таццяна Казлоўская, вёска Чарэя
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter