Казкі ад Яўгена Кузьміча

Мінскі аўтаслесар нечакана засведчыў пра ўласцівы яму талент казачніка
Мінскі аўтаслесар нечакана засведчыў пра ўласцівы яму талент казачніка.

У казачніка — добрая ўсмешкаРабочы стол у казачніка — невялікі слясарны вярстак, зроблены акурат пад высокі рост гаспадара. Ды і працуе “карбюратаршчык Жэня”, як называюць майстра між сабою аўтааматары, у асноўным стоячы. Мяркуючы па нумарах машын, прыпаркаваных побач з яго сціплым “сервісам”, паслугамі Яўгена Кузьміча карыстаюцца не толькі мінчане. “Едуць з усёй Беларусі, бываюць кліенты і з Расіі, Польшчы, краін Прыбалтыкі…”, — пацвярджае мае назіранні дабрадушны барадач. З усёй неабсяжнасці “аўтахвароб” ён, папрацаваўшы ў розных майстэрнях, урэшце абраў карбюратарныя. Іх і лечыць амаль чвэрць стагоддзя. Пра такіх кажуць: майстар — залатыя рукі.

Зрэшты, не буду адбіраць хлеб у калег са спецыялізаваных выданняў, расказваючы, як на слых па ўсхліпу ці чмыху матора Жэня ставіць папярэдні карбюратарны дыягназ. Важныя, аднак, яго развагі пра першапрычыны. “Збой у сістэме падачы гаручага пачынаецца звычайна з мале-е-нькай парушынкі, якая ў яе трапляе, — усміхаецца ў бараду майстар. — А мы ж так часта менавіта дробязі не заўважаем! Забываемся, што само па сабе нічога не здараецца: усяму ёсць прычына, хай сабе і нябачная”.

Дзесяць казачных гісторый Яўгена Кузьміча ўжо выдадзена кнігай “Казкі пра каханне”, некаторыя друкаваліся ў перыёдыцы. У многіх з ягоных казак пры дапамозе вясёлага чарадзейства, нібы пад павелічальным шклом, якраз становіцца бачным нябачнае. Скажам, зайздрасць. У казцы “Як выглядае зайздрасць” яна з’яўляецца дзяўчынцы ў выглядзе пачварнай жабы — псуе людзям настрой і перашкаджае радавацца жыццю. Урэшце, калі гераіня вырашыла пазбавіцца ад агіднага суседства, жаба і лопнула, як мыльны пухір. Каб ацаніць маміны клопаты, смак прыгатаванай ёю ежы галоднаму Віталіку з казкі “Самая смаката” давялося патрапіць у свет бяздушных робатаў, якія “непаслухмяным дзецям увогуле ніколі і нічога не выдаюць”. А ў казцы “Не рабі балюча іншым” злосны задзіра і забіяка Цімка воляю казачніка… абрастае шэрсцю як кацяня, якое ён пакрыўдзіў, у яго яшчэ як расплата за нядобрыя ўчынкі з’яўляюцца асліныя вушы, свінячы пятачок, хвост, рогі ў выглядзе зламанай ім галінкі дрэва… І хлопчык-монстр у літаральным сэнсе на сабе востра адчувае, як баліць іншым, перш чым разумее, што “сапраўдны мужчына ніколі не пакрыўдзіць таго, хто слабейшы”…

А ўсур’ёз “казачнай справай” Жэня стаў займацца пасля таго, як у 86-м годзе атрымаў немалую дозу радыяцыі і з цяжкім дыягназам патрапіў у бальніцу. Як вядома, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тысячы людзей працавалі ў забруджаных рэгіёнах — займаліся эвакуацыяй жыхароў, праводзілі дэзактывацыю населеных пунктаў. У ліку ліквідатараў, як іх цяпер называ-юць, аказаўся і сяржант запаса, санінструктар-дазіметрыст з Мінска Яўген Кузьміч. “Запатрабаваўся вопыт, які я атрымаў падчас службы ў Групе савецкіх войскаў у Германіі, — згадвае той час Жэня. — Дазіметрысты былі ў першых шэрагах ліквідатараў. Я працаваў ў Брагінскім раёне два тыдні адразу пасля аварыі, жылі ў школе вёскі Вуглы, і 15 мая вярнуўся ў Мінск. Мы, вядома ж, ведалі, што гэта вельмі небяспечна. Але ж паводле сабраных намі звестак аператыўна складваліся карты забруджанасці мясцовасцяў і ўрэшце стаў бачны ўвесь маштаб катастрофы...”

“Ты ў лавушцы. Адсюль няма выхаду, аднак ты не павінна пераста-ваць яго шукаць...” — такую параду дае казачнік адной з гераінь у казцы “Зачараваны рыцар”. Тую небяспеку, якая парушае гармонію жыцця, раз’ядае свядомасць і мараль людзей, Жэня спрабуе разгледзець і сёння. І пры дапамозе казачных гісторый паказаць няпросты “шлях да святла” чытачам рознага ўзросту. Дарэчы, дапамагаюць яму ў творчасці жонка Валянціна і дачка Марына.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter