У Ашмянскім раёне шосты раз ушанавалі памяць Соф’і Гальшанскай

Каралева з правінцыі

Адам Мальдзіс

У Ашмянскім раёне шосты раз ушанавалі памяць Соф’і Гальшанскай

Хто ж яна, Соф’я Гальшанская? На ранейшых міжнародных навукова-практычных канферэнцыях (ці чытаннях), якія праводзіліся Інстытутам гісторыі НАН Беларусі пераважна ў Гальшанах Ашмянскага раёна, нашу знакамітую суайчынніцу, чацвёртую жонку польскага караля Уладзіслава Ягайлы, звычайна называлі: маці Ягелонаў. І яшчэ: прамаці ўсіх каралёў еўрапейскіх. Як вядома, яна, у адрозненне ад папярэдніх жонак караля, падарыла свайму пажылому мужу чатырох сыноў, якія ўзыходзілі на троны або ў сваёй, або ў суседніх краінах. У інтэрнэце знаходзім і вызначэнне “Маці каралёў” — так называецца аповесць польскага пісьменніка з беларускімі родавымі каранямі Юзафа Крашэўскага, у якой Соф’я Гальшанская галоўная гераіня.

Крыху гісторыі


sofia.pngПершая канферэнцыя, праве­дзеная ў 2006-м у Гальшанах і Навагрудку (Соф’я і Уладзіслаў там бралі шлюб), называлася “Ягелоны: Дынастыя, эпоха, спадчына”. Такую назву мае і зборнік яе матэрыялаў, выдадзены ў 2007 годзе. Асноўная ўвага там — да Кракава, ранейшай сталіцы Польшчы, да яго каралеўскага двара, адносін манарха і грамадства. Пра тое і даклады беларускіх, рускіх і ўкраінскіх вучоных. Заўважу, пачатак “Гальшанскіх канферэнцый” быў вельмі ўрачысты і прадуманы. Удзельнікаў віталі дыпламаты суседніх краін, тагачасны Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, а цяпер прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Ён удзельнічаў і ў адкрыцці мемарыяльнага каменя-помніка ў гонар Соф’і Гальшанскай, асвечанага затым прадстаўнікамі каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Ажывіліся гаворкі пра аднаўленне Гальшанскага замка, які стаў прататыпам “Чорнага замка Гальшанскага” Уладзіміра Караткевіча, пра развіццё мясцовага і міжнароднага турызму.

Другая і наступныя канферэнцыі тэматычна адарваліся ад замка Ягелонаў у Кракаве, сталі насіць больш мясцовы, краязнаўчы характар. Ашмяншчына стала разглядацца не толькі як раён, але і як рэгіён, колішні цэнтр былога Ашмянскага павета Віленскай губерні (ваяводства), куды ўваходзілі і сённяшнія райцэнтры Астравец і Валожын, Іўе і Смаргонь. Трэцяя гальшанская сустрэча прысвячалася замкам і сядзібам Ашмяншчыны, чацвёртая — культурнай і гістарычнай прасторы  мястэчак рэгіёна, пятая — яго гістарычна-культурнай спадчыне. Разам з вучонымі і настаўнікамі з да­клада­мі, паведам­лен­нямі сталі выступаць вучні-стар­шакласнікі.

І вось вам аргумент на карысць таго, што першаснае: свядомасць ці матэрыя. Навуковыя форумы актывізавалі аднаўленне Гальшанскага замка. Выдзелены на тое пэўныя дзяржаўныя сродкі. У найбольш ацалелай вежы вырашылі размясціць музей Соф’і Гальшанскай. Адначасова папаўняўся экспанатамі гістарычна-краязнаўчы музей Гальшанскай сярэдняй школы, заснаваны нас­таўнікам, гісторыкам Эдуардам Кор­зунам, які згадваецца на канферэнцыях. У колішнім мястэчку сталі праводзіцца мастацкія фэсты, папулярныя як на Гродзеншчыне, так і ў суседняй Літве. На іх з’яўляецца і светлы “дух” Соф’і Гальшанскай. Дарэчы, назаўтра пасля сёлетняй канферэнцыі ён уцялесніўся ў рэальнай постаці — гэта была адна з артыстак Беларускага музычнага акадэмічнага тэатра. Яна выконвала ролю каралевы ў аднайменным мюзікле, напісаным Уладзімірам Кандрусевічам.

Асоба


Не стану паўтараць звесткі пра складаны жыццёвы шлях Соф’і Гальшанскай: пра тое быў мой вялікі артыкул у газеце “СБ. Беларусь сегодня”, нарыс у нядаўняй маёй кнізе “Суайчыннікі” (2013). Спынюся толькі на рысах, якія выразна акрэсліліся ў час падрыхтоўкі даклада для апошняй, шостай канферэнцыі.

Найперш гэта — дзяржаўная мудрасць першай і адзінай каралевы-беларускі ці, калі больш дакладна — протабеларускі. Нехта з чытачоў запярэчыць: а Барбара Радзівіл? Яна ж родам — з беларускага Нясвіжа… Так, але ў яе не было этнічна “рускай”, таму праваслаўнай свядомасці. А Соф’я паходзіла не з надэтнічных, ужо амаль заходнееўрапейскіх Радзівілаў, а з князёў Друцкіх, у якіх выхоўвалася, а Друцкія заставаліся вернымі традыцыям Полацкага княства. А чаму тады згадзілася ўзяць шлюб з састарэлым Ягайлам, паехаць у Кракаў? Таму што ўсведамляла небяспеку, якая вісела над славянамі: з аднаго боку — крыжакі, з другога — татара-мангольскае нашэсце. Не адбыўся б шлюб у Наваградку — крыжакам, відаць, удалося б узяць рэванш за Грунвальд. Таму Соф’я з усіх сіл імкнулася, не зважаючы на інсінуацыі, прымірыць Ягайлу з Вітаўтам, не раздражняць сваёй “усходнасцю” кракаўскую духоўную эліту, заставалася пакорлівай новым абставінам. Нагадаем, каранацыя Соф’і адбылася ў Кракаве ў сакавіку 1424 года, і гісторыкі сцвярджаюць, што гэта была самая ўрачыстая каранацыя каралевы ў гісторыі Польшчы. І толькі перад самай смерцю яна праявіла свой патрыятызм: загадала ўсё ж сябе пахаваць на Вавельскім замку паводле “ўсходняй традыцыі”.

Затым здзіўляе кемлівасць, інтэлекту­аль­насць жанчыны, якая вырасла ў правінцыі, атры­мала хат­нюю адукацыю — і ўсё ж добра арыента­валася ў складаных моўных, грамадскіх, палітычных акаліч­насцях. Прывяду такі прыклад. Як элітарная палякаў тады задавальняла чэшская мова, тым больш што на ёй ужо існавала Свяшчэннае Пісанне, але яна заставалася незразумелай шырокаму люду. У той жа час  протабеларусы (“русіны”, “літоўскія русіны”) Полаччыны дзякуючы Ефрасінні Полацкай ды яе паслядоўнікам ужо свабодна карысталіся царкоўнаславянскаю моваю, дзякуючы Кірылу і Мяфодзію яны мелі на ёй сваю Біблію. І вось Соф’я Гальшанская, каб ураўняць духоўныя патэнцыялы суседніх славянскіх этнасаў, у 1433 годзе даручае свайму асабістаму капелану, чэху Энджы Ясшовічу перакласці Біблію на польскую мову. Для мяне цалкам зразумела: гэты дзяржаватворчы тады для палякаў учынак амаль праз стагоддзе стаў прыкладам для беларускага і ўсходнеславянскага перакладчыка і кнігадрукара Францыска Скарыны. Дарэчы, менавіта Ягелоны, дзеці і ўнукі Соф’і Гальшанскай, дапамаглі яму ў Празе чэшскай даць народу Божае слова на зразумелай яму мове.

Новыя прапановы


Новыя адкрытыя факты і зробленыя ў час Гальшанскіх канферэнцый, папярэдніх і сёлетняй, вывады дазволілі зрабіць некалькі прапаноў. Найбольш істотнымі сярод іх здаюцца наступныя.

Па-першае, канферэнцыі ўзмац­нілі цікавасць да Гальшан, да іх знакавай асобы як у Беларусі, так і за яе межамі. Значныя сродкі ўкладзены дзяржавай у аднаўленне асобных элементаў Гальшанскага замка. Як высветлілася ў апошні час, у гэтую высакародную справу гатовы ўкласці сродкі праз грамадскія арганізацыі і зарубежныя дабрадзеі. Асаблівая тут надзея на еўрапейскія краіны, якімі кіруюць або кіравалі каралеўскія дынастыі, бо, як засведчана ў 19 томе “Беларускай энцыклапедыі” (стар. 230), у жылах усіх іх цячэ кроў Ягелонаў. Тое ж можна сказаць пра “шматлікія арыстакратычныя сем’і”. Таму ёсць патрэба ў стварэнні Таварыства імя Соф’і Гальшанскай, а пры ім — спецыяльнага дабрачыннага фонда.

Па-другое, само жыццё Соф’і Гальшанскай з’яўляецца прыкладам служэння краіне, грамадству і лю­дзям. Яе біяграфія супастаўляльная з жыццяпісамі княгіні Соф’і Слуцкай, кананізаванай ужо, і рэфарматара Мінскага краю Эдварда Вайніловіча, працэс беатыфікацыі якога нядаўна распачаўся. Таму наспела пара распачаць старанні, скіраваныя на магчымую кананізацыю і Соф’і Гальшанскай, прытым адначасова як праваслаўнай царквой, так і каталіцкім касцёлам. Бо яна найперш адчувала сябе хрысціянкай — без падзелу на Усход і Захад. Як і яе вялікая папярэдніца Ефрасіння Полацкая, якая шануецца абедзвюма канфесіямі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter