Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Тэатр фальклору “Матуліна хата” паўдзельнічаў у гуляннях, што ладзіліся ў Мінску ў Дзень горада

Калі пяюць мікрараёны

Шырока, прыгожа ў Мінску адзначалася 950-годдзе горада. Выйшлі на сцэны, пляцоўкі ў мікрараёнах як прафесійныя, так і самадзейныя артысты. У тым ліку й наш Тэатр фальклору “Матуліна хата”. Мне ж хочацца згадаць, як прыжыўся ў сталіцы, знайшоў сваё месца пад мінскім сонцам наш фольк-праект.

Жывучы ў адным з мікрараёнаў, я даўно заўважыў: на лавачках ля шматпавярховак, дзе жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны, збіраюцца, нібы колісь у вёсках, старыя людзі. Пэўна, ніяк не звыкнуцца з новым ладам жыцця. Сумуюць без роднай хаты, простых зносін з блізкімі людзьмі. Неяк разгаварыліся мы. Казалі жанчыны: дзеці з Расіі пішуць, да сябе клічуць — але ж сэрца рвецца ў родную вёску... 

Мікола Котаў на Дні горада з туркменскімі студэнтамі
Фота Васіля Кулікова

Пасля гутарак-развагаў з маімі палескімі землякамі круціліся думкі: можа сабраць спеўны гурт? Калі выспела задума, насустрач нам прыйшлі добрыя людзі з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска. Нам, энтузіястам, выдзелілі памяшканне, прычым пявунні мае прынеслі туды свае вышыванкі, непатрэбныя ў горадзе чыгункі-гаршчкі-самапрадкі, тканыя посцілкі. Вось і стала ўтульна ў пакоі: нібыта ў матулінай хаце. І назвалі мы гурт: “Матуліна хата”. Я нават вершы напісаў, што ўжо сталі песняю: “Родны прытулак — матуліна хата,/ Родны з дзяцінства парог./ Ты выпраўляла, ты сустракала/ З самых далёкіх і цяжкіх дарог...” Паціху-патроху мы пашыралі свой спеўны рэпертуар, пачалі “выходзіць у людзі”. Неяк на свяце ў Парку Паўлава, дзе выступалі, вадзілі карагоды, падышоў да нас пасля выступлення Валеры Сарока. Ідэя “гарадскога фальклора”, казаў, яму падабаецца, а са строямі   ўзяўся дапамагчы фінасава: мы закупілі матэрыялы, парабілі сабе касцюмы.

Калі ўжо й строі ў нас былі, Валеры Іларыёнавіч гурт не пакінуў — бо й сам родам з вёскі. Дапамагае нам праводзіць дабрачынныя канцэрты ў дамах састарэлых на Гомельшчыне: у Жыткавічах ды Тураве. Выступалі мы й на Свяце горада ў Давыд-Гарадку. А на Свята маці наш тэатр наведаў Дзіцячы дом закрытага тыпу — з салодкімі падарункамі, якія набыў пісьменнік, прадпрымальнік Валеры Сарока. 

З такою важкаю падтрымкай нам цікава ўдзельнічаць штогод і ў святочных праграмах на Дзень горада: нас запрашае аддзел культуры Маскоўскай райадміністрацыі. Артысты маегатовы паехаць з праграмай, якую рыхтуем, і да землякоў-беларусаў замежжа. А было б цікава разам заспяваць: “Люблю наш край, старонку гэту,/ Дзе я радзілася, расла...”! Можам  дасылаць гуртам супляменнікаў аўдыёзапісы народных песень, а таксама новых, з нашага рэпертуару: “Дранікі-бульбянікі”, “Матуліна хата”, “Наша вёска”, “Я не бачыў цябе...”, прыпеўкі “Слаўлю, Беларусь, цябе!”. А калі выедзем да каго ў госці, то й майстар-клас па танцах даць зможам: досвед маем.

Сёння Тэатр фальклору “Матуліна хата” — гэта Кацярына Пяршлевіч, Зоя Швец, Рыгор Кляйко, Галіна Ягорава, Аляксандр Бойка, Аляксандр Драніч ды я, мастацкі кіраўнік. Усе мы дзякуем Валерыю Сароку за дапамогу, падтрымку народнай культуры. І шлём вітанне самадзейным беларускім гуртам за межамі Бацькаўшчыны, ведаючы: там жа таксама збіраюцца энтузіясты, якім хочацца раскрыць свае таленты, падзяліцца з іншымі сваімі культурнымі набыткамі. Так што па духу ўсе мы — родныя людзі. Таму — давайце будзем сябраваць. 

Мікола Котаў, харэограф, мастацкі кіраўнік Тэатра фальклору “Матуліна хата”

Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter