Творчая сустрэча “Паэты і празаікі беларускага замежжа” прайшла ў Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа

“Каласавіны” — свята Айчыны

Роднай песняй сустракалі дарагіх гасцей у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа —  так распачалася там творчая сустрэча “Паэты і празаікі беларускага замежжа” ў плыні Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету.
Юлія Букель

Майстры беларускага слова з замежжа гатовы пашыраць супрацоўніцтва з Коласаўскім музеем, ушаноўваць памяць пра Песняра ў розных краінах

kalasavini.pngРоднай песняй сустракалі дарагіх гасцей у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа —  так распачалася там творчая сустрэча “Паэты і празаікі беларускага замежжа” ў плыні Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Лёгка здагадацца, што гучалі там знакамітыя коласаўскія радкі, пакладзеныя на музыку Ігарам Лучанком: “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. А спявала песню-прызнанне Ірына Чубікава, выкладчыца Мінскага каледжа мастацтваў. “Шмат хочацца зрабіць, каб вершы, песні Коласа гучалі па ўсім свеце, —  звярнулася да гасцей з розных краін гаспадыня музея Зінаіда Камароўская. —  Марым: свята “Каласавіны”, што традыцыйна ладзіцца да дня нараджэння пісьменніка, з вашаю дапамогаю, паважаныя суайчыннікі, выйдзе за межы Беларусі”.

З Польшы завіталі прад­стаўнікі літаб’яднання “Белавежа” Міраслава Лукша і Віктар Стахнюк. З Італіі —  жартавалі: набрацца досведу і падвучыцца — Таццяна Пумпулева і Роза Мантай. Станіслаў Валодзька з Даўгаўпілса прызнаўся: вельмі рады, што яго жыццёвыя дарогі ў чарговы раз прывялі ў беларускую сталіцу. Пятрусь Капчык з Украіны, які нядаўна адзначыў 70-я ўгодкі, весяліў усіх мікрабайкамі. Наш зямляк ведае шэсць моў, а піша толькі па-беларуску. Віталь Бартохаў з Крыма па-майстэрску чытаў урывак з трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”.

Дырэктар радыёстанцыі “Беларусь”, пісьменнік Навум Гальпяровіч казаў: і ў Пекіне, на Міжнародным кітайскім радыё ёсць беларускамоўная рэдакцыя. “Далёка ад Бацькаўшчыны людзі гутараць на роднай мове, і тое варта ўвагі і ўдзячнасці. Прыезд суайчыннікаў —  вялікае свята для нас”, —  адзначыў ён.

Алесь Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі, прызнаўся: з год таму вырашыў размаўляць толькі па-беларуску. Атрымлі­ваецца! “Мы адзначаем бела­рускія святы: Дзень роднай мовы, Дзень пісьменства, Ку­палле, Дзяды… Займаемся гуманітарнай дапамогай, —  расказаў Алесь. —  На жаль, беларуска-швейцарскія дзеці амаль нічога не ведаюць пра зямлю продкаў. Мы хочам, каб яны збіраліся разам, гулялі з беларускімі цацкамі, чулі народныя песні. Таму з 1 верасня адкрылі беларускамоўны клас у Цюрыху. Спадзяёмся, вучні атрымаюць у дыплом адзнаку па роднай мове. Вывучаць яе змогуць і дарослыя. Думаю, новаўвядзенне прыйдзецца даспадобы і швейцарцам, у якіх, напрыклад, ёсць бізнэс у Беларусі”.

Цяпер Коласаўскі музей супрацоўнічае з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, тут па традыцыі ўручаюцца навічкам членскія білеты. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза Міхаіл Пазднякоў расказаў пра падтрымку маладых літаратараў. Ганна Чумакова выканала пад гітару аўтарскую калыханку, чыталі свае вершы Аліна Легастаева ды Іна Фралова. А малодшы сын Коласа, Міхась Канстанцінавіч, чытаў гумарыстычныя радкі бацькі на медыцынскія тэмы.

Госці з увагай паставіліся да прапановы З. Камароўскай пашыраць “Каласавіны” ў замежжы. “Пакуль паэмы Песняра перакладзены толькі на некалькі замежных моваў, —  казала яшчэ пра адзін важны кірунак супрацоўніцтва дырэктарка музея. —  Хочацца, каб Якуб Колас шырэй “ішоў па свеце”, і праз яго творы людзі больш даведаюцца пра ўвесь народ, пра нашу Бацькаўшчыну. І хай кожны як вернецца туды, дзе жыве, паспрабуе ці сам, ці з сябрамі-пісьменнікамі з іншых краін перакласці творы Песняра на сваю “другую” мову”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter