Калі ў сэрцы дзве радзімы

Беларусы замежжа сустрэліся ў Мінску і адчулі сябе як дома
Ірына КапчынскаяТаварыства па сувязях з суайчыннікамі “Радзіма” правяло семінар для дыяспар. Прыехалі прадстаўнікі самадзейных калектываў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Праграма была даволі насычаная: сустрэча з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, прагляд рэпетыцыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Г.І. Цітовіча, лекцыя з інтрыгуючай назвай “Духоўны космас беларусаў”... Кожны дзень быў распісаны па хвілінах. Але мне ўсё ж удалося сустрэцца з Ірынай Капчынскай, кіраўніком ансамбля “Кірмаш” з Масквы.

— Самая вялікая каштоўнасць семінара — веды, якія мне пашчасціла набыць, — гаворыць яна. — Бачыць на свае вочы рэпетыцыі, кансультавацца з майстрамі… Цудоўна, што завязаліся знаёмствы з мясцовымі творчымі калектывамі. Вельмі рада, што знайшла супольнікаў — людзей, якія адданыя той жа справе, што і я. Спадзяюся, будзем сябраваць і ажыццяўляць сумесныя праекты. Дарэчы, ужо ёсць адзін на прыкмеце: мы дамовіліся правесці ў Мінску канцэрт “Беларусы замежжа — шаноўнай Бацькаўшчыне”.

— А як узнік ваш ансамбль?

— Пэўна, з майго асабістага захаплення беларускім нацыянальным касцюмам: я аднаўляю дэталі старадаўняга адзення, шукаючы іх па этнаграфічных крыніцах. Мая калекцыя не такая ўжо і малая: налічвае дванаццаць рэканструяваных мадэляў. Уявіла, як шыкоўна будзе выглядаць спалучэнне касцюма і песні на сцэне, і вырашыла стварыць самадзейны калектыў.

— Хто ж у Маскве спявае беларускія песні?

— Часцей за ўсё да нас прыходзяць беларусы ў другім, а то і трэцім пакаленні. Маю на ўвазе дзяцей і ўнукаў тых, хто некалі пераехаў у Маскву. Сама я нарадзілася ў сталіцы, і бацькі мае масквічы, а вось дзядуля — карэнны беларус. З тых, хто перабраўся нядаўна, у “Кірмашы” яшчэ нікога няма: пэўна, уладкоўваюцца на новым месцы.

— Раскажыце крыху пра ваш рэпертуар.

— “Кірмаш” адметны выкаканнем беларускіх народных песень ХІХ стагоддзя. Каб аднавіць іх, давялося шмат папрацаваць з этнаграфічнымі запісамі. Цікава, што творы гэтыя выконваліся без музычнага суправаджэння. Каб наблізіцца да культуры нашых продкаў, мы таксама спяваем акапэла. З вялікім задавальненнем “Кірмаш” “падараваў” бы сваё мастацтва жыхарам Беларусі. Мне здаецца, многія з песень тут нават невядомыя. Магчыма, усё ж атрымаецца выступіць на канцэрце “Беларусы замежжа — шаноўнай Бацькаўшчыне”.

— Дзе яшчэ думаеце выступаць?

— Мяркуем працяг-нуць нашы выступленні на міжнацыянальных святах “Маскоўскі карагод” і “Карагод сяброўства”. Апошні, дарэчы, праводзіцца на Дзень горада. Маем намер правесці у маі Першы беларускі этнафестываль. На яго будуць запрошаны ансамблі як з Беларусі, так і з Расіі. Плануем у гэты ж час навуковую канферэнцыю, каб абмеркаваць значэнне этнаграфічных даследванняў для мастацкіх самадзейных калектываў. Канферэнцыя, дарэчы, пройдзе ва ўсеславянскім фармаце: мы запрасілі навукоўцаў з Балгарыі, Македоніі, Сербіі, Харватыі.

— Ці часта бываеце ў Беларусі?

— На радзіму прыязджаю рэгулярна. Не магу не адзначыць, якія змены тут адбыліся. Мінск расквітнеў. Беларусы захавалі свае нацыянальныя рысы: стрыманасць і памяркоўнасць, але разам з тым сталі больш дзелавітымі.

На развітанне Ірына Капчынская падаравала мне нумар газеты, якую выдае аб’яднанне “Беларусы Расіі”. Вялікімі літарамі на першай старонцы было напісана: “Дзве Радзімы ў сэрцы маім!” Шчыра кажучы, словы гэтыя мяне моцна кранулі: людзі, нават тыя, хто нарадзіўся за межамі Беларусі, але чые продкі зваліся беларусамі, памятаюць і любяць сваю Бацькаўшчыну.

Вольга Карней
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter