Ферма. Горы. Марафон…

Марына Новік, ураджэнка Ашмян, даглядае больш за 50 кароў на ферме ў Нарвегіі, гадуе двух дачок і прадстаўляе Беларусь на міжнародных спаборніцтвах па бегуЖаночую прыроду можна спасцігаць бясконца. Уменне прадстаўніц “слабай палавіны” перамагаць, трымаць удар, праяўляць характар не можа не выклікаць захаплення. З такіх, моцных духам і целам, і ўраджэнка горада Ашмяны, што на Гродзеншчыне, Марына Новік. У 2013-м у Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця” пад Санкт-Пецярбургам сярод жанчын яна стала першай. Тады была рэкордная колькасць бегуноў: звыш 1200. Пра тое чытайце: “Мы разам перамагалі”, “ГР” за 30 студзеня. Сёлета Марына была другой, і яшчэ адна беларуска, Наталля Маліноўская, чацвёртай. Таксама поспех!
Марына Новік, ураджэнка Ашмян, даглядае больш за 50 кароў на ферме ў Нарвегіі, гадуе двух дачок і прадстаўляе Беларусь на міжнародных спаборніцтвах па бегу

Марына Новік і яе горыЖаночую прыроду можна спасцігаць бясконца. Уменне прадстаўніц “слабай палавіны” перамагаць, трымаць удар, праяўляць характар не можа не выклікаць захаплення. З такіх, моцных духам і целам, і ўраджэнка горада Ашмяны, што на Гродзеншчыне, Марына Новік. У 2013-м у Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця” пад Санкт-Пецярбургам сярод жанчын яна стала першай. Тады была рэкордная колькасць бегуноў: звыш 1200. Пра тое чытайце: “Мы разам перамагалі”, “ГР” за 30 студзеня. Сёлета Марына была другой, і яшчэ адна беларуска, Наталля Маліноўская, чацвёртай. Таксама поспех!
Хто ж такая Марына, дзе трэніруецца? У нататках з пераможнага для Марыны марафону, якія пакінуў у інтэрнэце намеснік кіраўніка мінскага клуба аматараў бегу “Вікторыя” Васiль Лялека, была фраза з інтрыгай: “наша беларуская нарвежка”. Па тэлефоне Васіль патлумачыў: выступае Марына за беларускі клуб, тут атрымлівае, праз інтэрнэт, рэкамендацыі, кансультацыі ад вопытных марафонцаў, ды жыве ў Нарвегіі, у вёсцы: яна там замужам. А ці можна звязацца? У канцы студзеня, праз пару дзён пасля марафону, Марына адведвала бацькоў у Ашмянах, і мы гутарылі з ёй па тэлефоне. Яна сядзела ўжо “на чамадане”: чакала дарога ў Вільнюс, потым — у Осла, ну і ў нарвежскую вёску Вікедал.
Спачатку — меркаванне Васiля пра марафонку: “Пра Марыну скажу, што ёй уласцiвы лепшыя чалавечыя якасцi: працавiтасць, адкрытасць, любоў i павага да тых, хто побач, асаблiва да сваiх дзяцей, i канешне, мэтанакiраванасць. Не будучы прафеciйнай спартсменкай, яна палюбiла бег i за кароткi час дабiлася выдатных вынiкаў. Спалучэнне любовi i працы разам з iмкненнем прымяняць навуковыя веды пра бег на практыцы — гэта і ёсць “сакрэтная формула” Марыны.
Родам Марына Новік з Ашмян, дзе жывуць яе бацькі: маці працуе настаўніцай англійскай і нямецкай моваў, бацька — хірург. Закончыла школу, універсітэт у Магілёве, працавала ў Мінску на прыватным прадпрыемстве. А потым па кантракце паехала на год “паглядзець свет”, папрацаваць у Нарвегію, там і пазнаёмілася з будучым мужам, С’юрам Блікра. Выйшла замуж, пераехала да яго ў нарвежскую вёску, ад якой да Осла каля 400 кіламетраў. Цяпер у Марыны і яе мужа С’юра дзве дачкі, Петра і Аніта, ім па 6 і 4 гады. У мужа свой бізнэс — экскаватарная фірма. І ў Марыны таксама: даглядае на сямейнай ферме 53 каровы. “Учора нарадзілася 54-е цялятка, — казала мне Марына па тэлефоне. — А ўвогуле пагалоўе вагаецца: некаторых каровак выбракоўваем, падрастаюць новыя. Праца на ферме ўся механізаваная, ёсць сучасныя даільныя ўстаноўкі, прычым я сама даю кароў, кармлю, прыбіраю памяшканні, працую на трактары, калі трэба. У нас два пакосы на год — кармы нарыхтоўваем, сілас, ёсць на тое адпаведная тэхніка”.
Усур’ёз марафонамі “наша беларуская нарвежка” занялася пасля нараджэння першай дачкі, гадоў 5 таму. Бегаць і ў школе любіла, выступала на раённых спаборніцтвах, ды высокіх мэтаў перад сабой не ставіла. А цяпер у яе — за тое дзякуе Васілю — праграмы трэніровак, заняткі на дыханне, вынослівасць. “Гэта маё хобі, — тлумачыць. — У напружаным рытме жыцця кожнаму чалавеку хочацца мець нешта для сябе. Аднойчы зразумела: мне вельмі падабаецца бегаць па горных дарогах. А ў Нарвегіі такія прыгожыя краявіды, імі не перастаеш любавацца. Зменьваюцца кожную хвіліну, у розную пару года і сутак. І бегаю я шмат”.
Як аказалася, адляцець з роднага кутка ў далёкі свет з сям’і ашмянскіх Новікаў Марыне было няпроста. Туга па Радзіме, расказала яна, спачатку была вельмі моцнай, а цяпер Марыне дапамагаюць пераадольваць адарванасць ад радні інтэрнэт, скайп, сямейныя клопаты і доўгія забегі па горных ваколіцах, на вышыні каля 800 метраў над узроўнем мора. Марыць, каб дочкі навучыліся гаварыць па-руску, бо пакуль ведаюць адну мову: нарвежскую. Магчыма, ужо гэтым летам прывязе іх у Беларусь, да бабулі і дзядулі.
З клубам “Вікторыя”, з Васілём Лялекам Марына сябруе гады тры, і знаёміліся яны праз інтэрнэт. Марына ўдзельнічала ў 2-х зімовых марафонах “Дарога жыцця”, у марафоне Осла-2011. Рыхтуецца паўдзельнічаць ва ўнікальным праекце, які называюць “Марафон Манблан”. Там аматары бегу і прафесійныя спартсмены з розных краіна адольваюць паміж стартам і фінішам знакаміты горны масіў Манблан, на мяжы паміж Францыяй ды Італіяй. “Ёсць такая мясціна прыгожая, на поўдні Францыі, Шаманы называецца — там хачу пабегаць, — падзялілася Марына планамі. — У высакагор’ях ёсць чатыры дыстанцыі, на выбар. Скажам, самая доўгая — каля 250 кіламетраў, з сумарным перападам высот больш за 18 тысяч метраў. А можна бегчы і 98 кіламетраў. Хочацца там паспрабаваць свае сілы”.
Пажадаем Марыне перамог. І не забываць, што яна заўсёды наша!
Дарэчы. Днямі адкрыўся чарговы сезон у Мінскім клубе аматараў бегу “Вікторыя”. Пра цікавыя планы бегуноў можна даведацца на сайце клуба ў інтэрнэце. Далучацца да забегаў можа кожны — незалежна ад таго, у якой краіне жыве. Бо бег, здаровы лад жыцця — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей.

Іван Ждановіч

На здымку:
Марына Новік і яе горы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter