Экзамен для Міншчыны

На Міншчыне прайшла абарона прагнозных паказчыкаў на 2013-ты

У вобласці прайшла абарона прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год

На сёння вобласць з’яўляецца лідарам сярод рэгіёнаў краіны па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту і мае намер гэту тэндэнцыю захаваць і надалей. Перспектывы свайго далейшага развіцця на Міншчыне звязваюць з замацаваннем станоўчых вынікаў у эканоміцы і работай па яе мадэрнізацыі. На 2013 год пастаўлены сур’ёзныя задачы. Так, рост ВРП павінен скласці 108 % да ўзроўню мінулага года. Тэмп у прамысловасці прагназуецца на ўзроўні 108,5 %. Зыходзячы з кан’юнктуры рынку ў бягучым го-дзе чакаецца павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі ААТ «Беларуськалій», «БелАЗ», слуцкіх сыраробчага і мясакамбіната, групы кампаній «Алютэх», ТАА «Трайпл-Велес», СААТ «Лекфарм» і іншых.

Вобласць павінна прыцягнуць не менш як 250 млн. долараў замежных інвестыцый на чыстай аснове. Для гэтага плануецца рэалізацыя шэрагу буйных інвест-праектаў.

План развіцця вобласці на бягучы год і перыяд да 2015-га прадугледжвае і штогадовы рост інвестыцый у асноўны капітал. Пры гэтым прыярытэтны накірунак — вытворчая сфера, стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці на ўнутраным і знешнім рынках. Мяркуецца мадэрнізаваць 93 прадпрыемствы, у тым ліку 39 камунальнай уласнасці. У большасці гэта будзе адбывацца адначасова з фар-міраваннем новых высокаэфектыўных вытворчасцей, стварэннем працоўных месц.

Напружаная задача стаіць і ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці. Сёлета тэмп росту экспарту (без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання) павінен скласці 116 % да ўзроўню мінулага года, тэмп росту экспарту паслуг — 113,5 %. А за тры наступныя гады экспарт павінен павялічыцца ў 2,1 раза.

У аграпрамысловым комплексе будзе працягнута работа па рэканструкцыi і будаўніцтве малочнатаварных ферм з сучаснымі даільнымі заламі і робатызаванымі даільнымі ўстаноўкамі, сямі свінагадоўчых комплексаў з замкнутым цыклам вытворчасці, распачатая ў мінулым годзе.

Праграма, у якой занатаваны прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год, распрацавана вельмі грунтоўна і дасканала. Мінулагоднія вынікі з’яўляюцца ўстойлівай платформай для далейшага развіцця, а праграма — яго дакладнай схемай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter