У Бярэзінскім біясферным запаведніку ствараецца Цэнтр міфалагічнага турызму

Экалогія сябруе з міфалогіяй

У Бярэзінскім біясферным запаведніку ствараецца Цэнтр міфалагічнага турызму і ўжо цяпер можна здзейсніць незабыўныя падарожжы-сплавы на байдарках

Ляжаць улетку на пляжы — не ўсім па душы… Таму і ўзрастае ў цёплую пару года колькасць наведнікаў у запаведніках, нацыянальных парках Беларусі. І якраз Бярэзінскі біясферны запаведнік, які летась адзначаў 90-годдзе з часу стварэння, сёлета распачаў цікавыя праекты ў галіне экатурызму. Цяпер, як вядома, ужо ў рабоце праекты, што паспрыяюць пераходу Беларусі да “зялёнай” эканомікі: яны фінансуюцца Еўрасаюзам, рэалізуюц­ца Праграмай развіцця ААН. І калі праходзіў конкурс “зялёных ініцыятыў” для грамадскіх суполак, то са 150 ідэй было абрана 16. Адну з іх, пад назвай “Экатурызм у Бярэзінскім: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, “зялёная” свядомасць”, падало аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”.

Са студзеня ў запаведніку ствараецца Цэнтр міфалагічнага турызму. У яго ўвойдуць “Музей міфічных істот” (у былым будынку лясніцтва), экасцежка “У краі міфаў”, экспазіцыя “Міфалагічны хутарок”. Музей будзе аснашчаны сонечнай электрастанцыяй. Да крэатыўнага праекта, які рэалізуецца пры падтрымцы Лепельскага райвыканкама, падключыўся і Беларускі саюз дызайнераў. Галоўная ж ідэя праекта: расказаць наведнікам запаведніка пра яго ўнікальную прыроду, выкарыстоўваючы ў тым ліку і вобразы беларускай міфалогіі.

А вы спрабавалі калі сплаўляцца на байдарцы? Ура­жанняў, паверце, будзе вельмі шмат. Між тым у Бярэзінскім запаведніку ўжо сёлета можна адправіцца ў сплавы ў суправаджэнні вопытных інструктараў. Фармат падарожжа будзе залежаць ад вашай падрыхтоўкі, фінансавых магчымасцяў. Водныя сплавы праводзяцца, дарэчы, з 1 красавіка па 31 кастрычніка. Падрабязную інфармацыю пра тое можна знайсці на сайце запаведніка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter