Маладыя беларусы з Санкт-Пецярбурга здорава гуляюць у футбол і мараць ладзіць сяброўскія матчы ды размаўляць з супляменнікамі ў розных кутках свету на роднай мове

Дзяніс і яго каманда

Маладыя беларусы з Санкт-Пецярбурга здорава гуляюць у футбол і мараць ладзіць сяброўскія матчы ды размаўляць з супляменнікамі ў розных кутках свету на роднай мове


Дзяніс Званароў (у цэнтры) з сябрамі на хакейным матчы Беларусь-Фінляндыя ў Пецярбурзе

Для мяне заўсёды цікава: чаму гэта людзі ўвогуле займаюцца грамадскай дзейнасцю? Што для іх стымул? Ведаю такіх нямала: апантаныя ідэяй, з агнём у вачах... Часта яны ж адораныя і арганізатарскім талентам, з незвычайным запасам энергіі. Як сустракаю такіх, думаю: пэўна ж, ёсць дзеля чаго зусім не малыя абавязкі на сябе ўскладаць. Бо і асноўную ж працу, і сем’і ды хатнія клопаты ім, як кажуць, ніхто не адмяняў... Таму незвычайнымі, сапраўды неардынарнымі асобамі лічу ўсіх сваіх сяброў-беларусаў замежжа — кіраўнікоў суполак, творчых гуртоў ды іх актыўных памочнікаў. У апошні час назіраю: да беларускага руху ў замежжы далучаецца моладзь, а гэта і беларусы ў другім ці й трэцім пакаленні. Сярод іншых — Таццяна Пучок, Аляксей Кравец у Казахстане, Анастасія Трубянкова ў Новасібірску, Воля Галанава ў Іркуцку, хлопцы і дзяўчаты са спартыўна-культурнага клуба “Усход” у Аргенціне...

Упэўнена: пра зацікаўленых этнічнай радзімай юнакоў і дзяўчат могуць расказаць, бадай, у кожнай беларускай суполцы за мяжой. А не так даўно пазнаёмілася з адметным прадстаўніком другога пакалення беларусаў у Санкт-Пецярбурзе — Дзянісам Званаровым (пра тое згадвала ў артыкуле “У гасцях у “Белых Росаў”, “ГР”, 4.02.2016, №4 (3460)). Ён узначальвае моладзевы аддзел Фонду садзеяння развіццю беларуска-расійскіх адносінаў “Белыя Росы”. Яшчэ працуе ва Урадзе Санкт-Пецярбурга, у Камітэце па знешніх сувязях, і ён жа — старшыня Міжнацыянальнага моладзевага савета.

Менавіта Дзяніс праводзіў для землякоў экскурсію па Піцеры. І хоць у руках у яго быў турыстычны даведнік, зазіраў у яго зрэдку. Шмат цікавай інфармацыі выдаваў з галавы. У многіх месцах звяртаў увагу на беларускі след. Так, на Неўскім праспекце мы пабачылі дом Мертанса, гандляра мяхамі. Аказваецца: будынак той спраектаваны архітэктарам Мар’янам Лялевічам, ураджэнцам беларускага Ваўкавыска. Дарэчы, яго тварэнне — і кінатэатр Parisiana на тым жа Неўскім. Усяго ў гістарычным цэнтры Пецярбурга больш за 150 дамоў, пабудаваных архітэктарамі-беларусамі. Яшчэ Дзяніс казаў: у горадзе каля 30 “беларускіх мясцінаў” адзначаны мемарыяльнымі дошкамі. І прысвячаюцца яны акадэмікам Барысу Галеркіну ды Генрыху Графту, паэтам Янку Купалу ды Адаму Міцкевічу, падпольшчыку Канстанціну Заслонаву, хірургу Яўстафію Багданоўскаму, акушэру Антону Красоўскаму...

Ёсць у Піцеры нават помнік кіраўніку паўстання 1794 года Тадэвушу Касцюшку. Адна з піцерскіх вуліц носіць назву ў яго гонар. А ў жылым раёне Ржэўка-Парахавыя Чырвонагвардзейскага адміністрацыйнага ёсць вуліца Беларуская... Увогуле беларускіх гістарычных мясцін у Паўночнай сталіцы Расіі — не злічыць. Мяне ж на гэты раз цікавіла, дзе сёння гуртуецца беларуская моладзь Піцера, як праводзіць час.

Аказваецца, моладзь “Белых Росаў” — гэта перш за ўсё каманда. Футбольная! “Нішто лепей за спорт не злучае людзей, — упэўнены Дзяніс. — Заўсёды ёсць нагода сабрацца — на трэніроўку, абмеркаваць справы”. Кажа: у Піцеры футбол — у пашане, быць нават у аматарскім клубе — ужо гонар. Футбольныя каманды ствараюцца і пры нацыянальна-культурных аб’яднаннях: іх ужо каля 60. Некалькі год запар беларусы ўдзельнічаюць у гульнях Міжнацыянальнай лігі Пецярбурга, Кубка Губернатара, Міжнацыянальнай восені. Каб патрапіць у асноўны склад каманды, трэба прайсці сур’ёзны адбор: прычым не толькі быць у добрай фізічнай форме, але і... мець беларускія родавыя карані. Дарэчы, беларуская каманда мае назву “Разам”. І ў тым, кажа Дзяніс, увесь сэнс: каб быць адзінымі і ў мэтах, і ў справах.


На форуме дзелавога супрацоўніцтва у Санкт-Пецярбурзе

Увогуле ён ва ўсім шукае навуковае абгрунтаванне, гістарычны падмурак. І да беларускага руху ён прыйшоў, робячы бакалаўрскую працу ва Універсітэце імя Герцэна па тэме “Развіццё і станаўленне дзяржаўнасці Беларусі”. А выбраў яе, бо ў сям’і заўсёды станоўча ставіліся да Беларусі, гэта — Радзіма бацькі Дзяніса. Часта і сам ён бываў у Крычаве, у гасцях у бабулі. Шукаючы матэрыялы для навуковай працы, Дзяніс пазнаёміўся з многімі беларусамі Санкт-Пецярбурга: гэта Мікола Нікалаеў, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства СПб, аўтар кнігі “Беларускі Санкт-Пецярбург”, кіраўніца фонду “Белыя Росы” Ірына Рогава... Звяртаўся і ў аддзяленне беларускага Пасольства, тагачасны кіраўнік якога Алег Кабанюк і параіў хлопцу наладзіць працу моладзевай суполкі. Так Званароў з цягам часу і зрабіў: арганізаваў студэнцкую моладзь, стварыў нацыянальную футбольную каманду. Цяпер Дзяніс — аспірант СпбДУ, факультэта міжнародных адносін. У кандыдацкай зноў звяртаецца да пытанняў, як ён сам называе, палітычнай псіхалогіі, дакладней — ідэнтыфікацыі беларусаў як нацыі. Дзяніс штогод бывае ў Беларусі. Гаворыць, яму падабаюцца адметныя праекты грамадскіх арганізацый: “Будзьма беларусамі!”, “Мова нанова”. “Хай яны пакуль толькі пробныя, іх яшчэ можна карэктаваць, — кажа малады супляменнік. — Але гэты крокі ў правільным кірунку”.

Тэматычныя культурна-асветніцкія вячоркі, пад час якіх гавораць, спяваюць па-беларуску, праходзяць і ў Пецярбурзе. Дарэчы, многія са стваральнікаў “моўнага клуба” прыйшлі ў яго з футболу. Як, напрыклад, хлопец Філіп з гучным беларускім прозвішчам Буракевіч. Раней ён ведаў пра Беларусь хіба тое, што бабуля ў яго з Гродзенскай вобласці, а вось зацікавіўся беларускай тэматыкай, грамадскай дзейнасцю. “Маладым беларусам Санкт-Пецярбурга, як і нашым аднагодкам у іншых краінах дый у самой Беларусі, не хапае зносінаў на адзінай мове, — лічыць Дзяніс Званароў. — І гэтая мова, падаецца мне, павінна быць абавязкова беларуская. Тым больш, што яна — наша родная. Скажу па ўласным досведзе: як пачаў вывучаць мову, то лепш стаў разумець сваіх родных, культуру краіны, а ўрэшце й самога сябе”.

У планах беларускай моладзі Піцера — наладзіць стасункі з суполкамі беларусаў у іншых краінах. Дарэчы, у эру інтэрнэта зрабіць тое, мяркую, будзе няцяжка. І пры зносінах “нашы піцерцы” маюць намер карыстацца толькі роднаю беларускаю моваю. Вы гатовы падтрымаць такую ідэю, паважаныя нашы чытачы? Калі так, то смела выходзьце з піцерцамі на кантакт.

Пасля знаёмства з Дзянісам разважала: якая ўсё ж добрая змена падрастае ў лідараў беларускага руху! Гэта людзі адукаваныя, цікаўныя, з жаданнем зрабіць многа і прыгожа. Яны ўпэўненыя: іх веды, праца па захаванні традыцыйнай культуры, любоў да этнічнай Радзімы найперш патрэбна — ім самім. Бо такім чынам у беларускіх душах, кажучы сучаснаю камп’ютарнаю моваю, актывуюцца велізарныя духоўныя скарбы, прыхаваныя многімі пакаленнямі продкаў. І ў адказ на пытанне Дзяніса, ці ў правільным кірунку маладыя піцерцы рухаюцца, ці патрэбны ўвогуле беларускі рух за мяжой, гучыць прапанова старшыні таварыства “Радзіма” Максіма Дубянка: а чаму б не правесці ў Мінску сустрэчу-канферэнцыю з удзелам маладых супляменнікаў! Спадзяюся, гэтая цікавая задума здзейсніцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter