Дзеці, што жывуць у пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі рэгіёнах Беларусі, Расіі ды Украіны, штогод сустракаюцца ў пару Калядных і навагодніх святаў у Мінску

Дзеля згоды і дабрыні

Дзеці, што жывуць у пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі рэгіёнах Беларусі, Расіі ды Украіны, штогод сустракаюцца ў пару Калядных і навагодніх святаў у Мінску

На дабрачынную акцыю “Калядная ёлка — нашы дзеці” традыцыйна ў Мінск прыязджаюць хлопчыкі і дзяўчынкі з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў Беларусі, Расіі ды Украіны. Сёлета на свята ў сталіцу сабралася больш за паўтары тысячы дзяцей. Многія з іх — выхаванцы школ-інтэрнатаў ды сямейных дзіцячых дамоў.

Мінская дабрачынная Калядная акцыя вылучалася і тым, што юныя госці маглі і самі паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах. Так, з прымежнай, Чарнігаўскай вобласці Украіны прыехаў на гэты раз ансамбль скрыпачоў, пераможца шматлікіх усеўкраінскіх конкурсаў.

Пра тое, што акцыя “Калядная ёлка — нашы дзеці” стала ўжо добрай традыцыяй, гаворыць і сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вікторыя Менанава: “Хлопчыкі і дзяўчынкі з розных краін знаходзяць сяброў, знаёмяцца, потым перапісваюцца паміж сабой ды з нецярпеннем чакаюць новай сустрэчы”.

Малітву за дзяцей з Беларусі, Расіі ды Украіны ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы здзейсніў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён адзначыў: важна падтрымаць дзяцей, якія жывуць у пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі раёнах. Пасля пажадаў маленькім удзельнікам акцыі ніколі не сустрэцца з падобнай трагедыяй, якую перажыло старэйшае пакаленне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter