“Дзе Сафійка плыве над Дзвіною…”

Людзям з полацкімі адмецінамі ў біяграфіях і сэрцах цёпла было душою ў Музеі гісторыі і культуры Беларусі
Людзям з полацкімі адмецінамі ў біяграфіях і сэрцах цёпла было душою ў Музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Сафійскі сабор — адна з галоўных славутасцяў ПолацкаТолькі пазайздросціць палачанам! Спрабаваў неяк і адзін мой зямляк сабраць у Мінску клуб ураджэнцаў Ляхавіччыны, ды з тае ідэі нічога не атрымалася. А вось у “слаўнага горада Полацка”, кажучы Скарынавымі словамі, аказалася дастаткова моцным і гістарычнае, і культурнае, і духоўнае ядро, каб такое яднанне адбылося. Паэтычным камертонам, што задаваў танальнасць вечарыне, збору полацкага зямляцтва, стаў караткевічаў радок “Там, дзе вежы Сафіі…” Таму і агульны настрой сустрэчы атрымаўся лірычным: было бачна, як землякі атрымлівалі асалоду ад таго, што яны разам, а яшчэ — ад успамінаў, вершаў, музыкі, спеваў… Іх шмат гучала ва ўтульнай прасторы музея, упрыгожанай карцінамі, інсталяцыямі, скульптурамі людзей з “полацкай закваскай” — выставу спецыяльна да сустрэчы падрыхтаваў Алег Ладзіс.

Між іншым, пісьменнік-палачанін, аўтар вядомай кнігі-прызнання гораду ў любові “Таямніцы Полацкай гісторыі” Уладзімір Арлоў згадваў на вечарыне і прароцтва шасцісотгадовай даўнасці наконт таго, што ў ХХI стагоддзі яго родны Полацк зноў зробіцца сталічным горадам. Скептыкі, вядома ж, могуць пасмейвацца… Але ж на нашых вачах летась адзін з самых славутых гарадоў на абшарах зямлі беларускай набыў статус геаграфічнага цэнтра Еўропы. І, калі задумацца, ужо сёння горад з яго выключна багатай гісторыка-культурнай спадчынай няўхільна становіцца адной з духоўных сталіц краіны. І менавіта палачане, як адзначыў на вечарыне дырэктар музея Сяргей Вечар, у даўнія часы стварылі магутную дзяржаву — Полацкае княства, якая прасціралася ажно да Балтыкі і стала падмуркам для фармавання сучаснага беларускага этнасу. Так, неацэнных духоўных скарбаў назбіралі для нашчадкаў слынныя палачане. Кожны беларус ведае пра Ефрасінню Полацкую, Усяслава Чарадзея, Рагнеду, Францыска Скарыну і многія іншыя асобы. Таму абсалютна зразумела, чаму з Полацка ў Год роднай зямлі музей пачаў шэраг адметных выстаў і сустрэч. Каб агледзець традыцыі ў іх сучасным выяўленні, арганізатары сабралі разам тых людзей, хто дбае пра росквіт як зямлі Полацкай, так і ўсёй Беларусі.

У музеі спяваюць салісткі полацкага гурта “Радзімічы”З вершаў пачаў прызнанне ў любові “святому на зямлі месцу” паэт Навум Гальпяровіч. Шчырыя словы знайшоў для Полацка і ганаровы грамадзянін горада, былы партызан і франтавік, пісьменнік Алесь Савіцкі. Ён выказаў надзею, што нядаўна створанае полацкае зямляцтва будзе ўмацоўваць повязь і вякоў, і людзей-палачан, якія жывуць па ўсім свеце. “Я тут нарадзіўся, вырас, жыву, я, можа тысячы разоў зыходзіў з Полацка — і вяртаўся дадому: у розных іпастасях, у розныя часы, і з рознымі вятрамі. А горад заўсёды ласкава мяне сустракаў”, — прызнаўся 85-гадовы ветэран.

Сёння далёка вядомы Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік, у якім 11 розных музеяў. Выказвалася вялікая ўдзяч-
насць Мікалаю Ільніцкаму, які 15 гадоў яго ўзначальваў, і меркаванне, што з часам старая частка Полацка ўвогуле набудзе статус горада-музея. На вечарыне згадваліся імёны іншых вядомых людзей, чые жыццё і творчасць моцна знітаваны з Полацкам: аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, мастака Валенція Ваньковіча, мастачкі Нінэль Шчаснай, кампазітара Мікалая Пятрэнкі (аўтара песні “Ручнікі”, што стала народнай), ганаровай грамадзянкі Полацка паэтэсы Надзеі Салодкай, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі паэтаў Валянціна Лукшы, Генадзя Бураўкіна, пісьменнікаў Тараса Хадкевіча, Пётры Васючэнкі, архітэктара Валерыя Слюнчанкі (аўтара праектаў рэстаўрацыі ўсіх галоўных архітэктурных помнікаў горада)…

Ва ўсіх гэтых людзей ёсць у біяграфіях полацкія старонкіСтаршыня Полацкага гарсавета Вольга Ждановіч падкрэсліла, што ў Год роднай зямлі палачане маюць намер яшчэ часцей звяртацца да слаўнай гісторыі, заахвочваць моладзь да спасціжэння духоўных скарбаў вялікіх землякоў, “каб кожны з маладых, дзе б ні быў, мог услед за Францыскам Скарынам сказаць: я са слаўнага Полацка родам”.

Полацк, першую ў гістарычным часе беларускую сталіцу, яго ўраджэнцы любяць па-рознаму: збіраюць пра яго паштоўкі, як вядомы наш аўтар Уладзімір Ліхадзедаў, прысвячаць яму творы мастацтва, здымаюць пра калыску беларускай гісторыі фільмы, прывозяць сяброў на знаёмства з ім… На вечарыне Полацк называлі “радзімай душы”, “альфай і амегай” творчага сталення, гаварылі нават, што “з Полацка пачаўся свет” і пра такое паняцце, як полацкі менталітэт.

“Над хвалямі Дзвіны і Палаты/ Званамі Вечнасць слухае Сафія./То пойдзем разам, сёстры і браты,/ У Полацак… ” Такімі вершамі на пачатку лета 1995-га мы з сябрамі збіралі ў Мінску жадаючых выправіцца ў пешае паломніцтва. І пераканаліся, наколькі ж моцнае прыцягненне Полацка сярод лю-дзей з розным сацыяльным статусам. Зрэшты, і сёння мы, калі разважыць, нябачна набліжаемся да горада штораз, як толькі спасцігаем мудрасць, “сафію” вялікіх палачан, альбо народжаныя пад ягоным уплывам паэзію, музыку, творы мастацтва. Сапраўды, слаўны Полацк даўно стаў і славаю Беларусі, і часткаю нашага менталітэта.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter