Дыялог на родных мовах

Перакладчыца Таццяна Кабржыцкая ўганаравана ўкраінскім ордэнам княгіні Вольгі.
Старшыня Камітэта па нацыянальных прэміях Украіны паэт Раман Лубкіўскі (злева) уручае прэміі імя Івана ФранкаТаццяне Кабржыцкай і яе мужу пісьменніку Вячаславу Рагойшу. Львоў, 2000 годПеракладчыца Таццяна Кабржыцкая ўганаравана ўкраінскім ордэнам княгіні Вольгі.

Па рашэнні ЮНЕСКА штогод адзначаецца Дзень роднай мовы. Нядаўна ў мінскім Палацы мастацтваў прысутных віншаваў са святам старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны. Ён жа зачытаў прывітанне кіраўніка гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Каіціра Мацууры, дзе гаварылася пра важнасць развіцця родных моваў для мірнага суіснавання краін і народаў, захавання і памнажэння культурнай разнастайнасці.

А далей свята набыло міжнацыянальны ўкраінска-беларускі характар. Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Лыхавы прэзентаваў беларуска-ўкраінскі слоўнік, які складзены Рыгорам Піўтараком і Аляксандрам Скапненкам і выдадзены ў Кіеве тыражом пяць тысяч экземпляраў. Прамоўца паведаміў і другую вестку: указам Прэзідэнта Украіны дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта пісьменніца і перакладчыца Таццяна Кабржыцкая (дарэчы, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франка) узнагароджана ордэнам княгіні Вольгі.

— Для мяне сёння — падвой-нае свята, — сказала Таццяна Кабржыцкая, — бо ўкраінская і беларуская мовы — абедзве родныя. Сама я ўкраінка, нарадзілася і вырасла ў Львове. Але, выйшаўшы замуж за беларускага пісьменніка Вячаслава Рагойшу, пераехаўшы ў Мінск, палічыла сваім абавязкам добра авалодаць і беларускай мовай. Я выкладаю на ўкраінскім аддзяленні Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Спадзяюся, што ў маіх студэнтаў таксама будуць дзве родныя мовы, што яны стануць выконваць запавет Тараса Шаўчэнкі: і чужое вывучайце, і сваё не забывайце.

Як і Таццяна Кабржыцкая, украінскай і беларускай мовамі аднолькава добра валодае Рыгор Піўтарак. Буйны вучоны, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, аспірантуру праходзіў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа тагачаснай АН БССР. Пазней стаў выкла-даць беларускую мову ў Кіеўскім універсітэце, напісаў і выдаў для сваіх студэнтаў падручнік. Узначаліў Украінскую асацыяцыю беларусістаў. І вось цяпер — “цагліна” беларуска-ўкраінскага слоўніка.
Украінская і беларуская мовы аднолькава родныя і для пера-кладчыка Валерыя Стралко. На пасяджэнні ён прачытаў па-ўкраінску пачатак паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Прэзентацыя яе перакладу ўжо адбылася і ў Мінску, і ў Кіеве.

Пра тое, што абедзве краіны лучыць таксама Палессе, прыгадалі на свяце выканаўцы народных песень.

НА ЗДЫМКУ: старшыня Камітэта па нацыянальных прэміях Украіны паэт Раман Лубкіўскі (злева) уручае прэміі імя Івана ФранкаТаццяне Кабржыцкай і яе мужу пісьменніку Вячаславу Рагойшу. Львоў, 2000 год.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter