Дыялогі на мове мастацтва

Дні культуры Беларусі прайшлі ў Кітаі
Дні культуры Беларусі прайшлі ў Кітаі.

Артысты Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча на пекінскай сцэнеБеларускі народ беражліва ставіцца да захавання багатай спадчыны нацыянальнай культуры, адзначыў намеснік міністра культуры Кітая Лі Хунфэн у прывітальным выступленні падчас Дзён культуры Беларусі ў Пекіне. Калі ж у Beijing Concert Hall адбыўся гала-канцэрт з
удзелам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, Лі Хунфэн адзначыў высокі прафесійны ўзровень калектыву. Кітайскія гледачы горача ўспрымалі выступленне беларускіх артыстаў. Гучныя авацыі выклікаў танец “Мяцеліца”. Разам з хорам гледачы спявалі такія вядомыя і ў Кітаі песні, як “Кацюша”, “Калінка” і “Падмаскоўныя вечары”. Пра вялікую цікавасць да выступлення хора сведчыць колькасць гледачоў на канцэрце ў г. Хуайжоў: на плошчы перад сцэнай сабраліся амаль 5 тысяч чалавек.

У рамках Алімпійскага фестывалю культуры хор імя Цітовіча таксама выступіў на сцэне залы Пекінскага універсітэта ў гала-канцэрце, прысвечаным адкрыццю 9-га Кітайскага міжнароднага фестывалю харавых спеваў.

Вялікую ўвагу гледачоў прыцягнула мастацкая выстаўка, якая прайшла ў час Дзён культуры Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. На экспазіцыі сучаснага беларускага жывапісу былі прадстаўлены работы пяці мастакоў: Уладзіміра Савіча, Уладзіміра Зінкевіча, Уладзіміра Тоўсціка, Віктара Альшэўскага і Валерыя Шкарубы. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выстаўкі намеснік міністра культуры Кітая Мэн Сяосы падкрэсліла значнасць развіцця і паглыблення мастацкіх абменаў паміж дзвюма краінамі: “Мастацкая выстаўка дае нам магчымасць сродкамі жывапісу ўспрыняць эмацыянальны свет і духоўнае жыццё беларускага народа”, — адзначыла Мэн Сяосы.

У Пекіне адбылася сустрэча міністра культуры Беларусі Уладзіміра Матвейчука з міністрам культуры Кітая Цай У, падчас якой яны абмеркавалі перспектывы культурнага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Дарэчы. Папярэднія Дні культуры Беларусі ў КНР праходзілі ў 2005 годзе, а ў 2006-м беларускі глядач пазнаёміўся з кітайскім музычным і танцавальным мастацтвам.

Ганна Громава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter