Друкаваная трыяда

Новыя кнігі здольны стаць падзеяй для суайчыннікаў за мяжой
Новыя кнігі здольны стаць падзеяй для суайчыннікаў за мяжой.

“250 асоб з Беларусі ў дыялогу культур”

Пра неабходнасць такой кнігі гаварылі даўно. Падыходам да яе з’явіўся энцыклапедычны даведнік “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах” (2000). Прынцыпы адбору матэрыялу ў абодвух выданнях набліжаныя: пераважна ўлічваюцца асобы, якія нарадзіліся ў межах цяперашняй Беларусі. У апошнім абсягі нават шырэйшыя: улічваюцца і тыя ўдзельнікі дыялогу, якія жылі і закончылі жыццёвы шлях на беларускай зямлі.

Новы даведнік, таксама энцыклапедычнага тыпу, двухмоўны: паралельна з беларускім ідзе і англійскі тэкст. Гэта будзе садзейнічаць пашырэнню звестак, а, значыць, і прысутнасці беларускай культуры ў свеце. Вельмі істотна, што імёны, прозвішчы, геаграфічныя назвы даюцца па-англійску пры транслітэрацыі найменняў непасрэдна з беларускай мовы.

Выданне даведніка ажыццёўлена ў рамках Праграмы ЮНЕСКА. Ініцыятарам кнігі з’явіўся старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шчасны. Аўтарскі калектыў — навукоўцы Нацыянальнай акадэміі Беларусі, мінскіх ВНУ, Гро-дзенскага універсітэта.

Артыкулы ў кнізе згрупаваны па галінах ведаў і чалавечай дзейнасці. Добра, што ўпершыню ў выданнях такога тыпу прадстаўлены і спорт.

Пакуль кніга выдадзена тыражом усяго ў адну тысячу экземпляраў — ці не ўсяго па пяць паасобнікаў на кожную краіну планеты. Упэўнены, што абавязкова будзе новае выданне.

“Трыяда славянскай паэзіі”

На супервокладцы, вокладцы і тытульнай старонцы гэтай кнігі, якая выйшла ў Кіеве, назва пададзена на трох мовах — украінскай, беларускай і рускай. Паралельна ідуць тэксты славянскіх класікаў Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка і Лесі Украінкі, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава і Аляксандра Блока. Як бачым, прынцып траічнасці дастасаваны да кожнай літаратуры: атрымоўваецца тройчы па тры. Дарэчы, у кнізе і кожны паэт прадстаўлены аднолькава — сямю творамі.

Аўтар перакладаў — беларускі паэт украінскага паходжання Валерый Стралко. У сваёй невялічкай прадмове ён піша, што падрыхтаваць такую трыяду яго ўгаварыла дырэктар кіеўскага выдавецтва “Кніга” Алена Генералава і што пра існаванне падобных “трохмоўных кніжак ён не чуў”. Я таксама ніколі не бачыў падобных выданняў. Між іншым, прынцып трыяды выкарыстаны і пры напісанні гэтага агляду.

Да сказанага трэба дадаць, што Валерый Стралко часта бывае госцем “Голасу Радзімы”. Зусім нядаўна яму споўнілася 70. З юбілеем!

“Беларуская дыяспара”

Выхаду такой кнігі даўно чакалі і студэнты, і выкладчыкі, і палітыкі, і дыпламаты. Але ж, бадай, найперш — шматлікія прадстаўнікі нашай дыяспары ў некалькіх дзесятках краін.

Калектыўную манаграфію “Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучаснага стану” напісалі выкладчыкі факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхаіл Бацян, Алег Вярцінскі, Ігар Кузняцоў, Леанід Лойка і Анатоль Сіроцкі (апошні з’яўляецца і рэдактарам).

У кнізе разгледжаны гістарычныя карані беларускай дыяспары, розныя хвалі эміграцыі — як эканамічнай, так і палітычнай. А далей ідуць раздзелы, прысвечаныя дыяспары ў Расіі, Украіне, Малдове, краінах Балтыі, Цэнтральнай Азіі, Польшчы, Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, Амерыцы, Аўстраліі. Асобныя раздзелы прысвечаны дачыненням суайчыннікаў з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі, наладжванню работы з нацыянальнымі дыяспарамі ў замежных краінах.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter