Беларусы Томска цікава расказвалі пра традыцыі продкаў

Добрыя лялькі

Беларусы Томска цікава расказвалі пра традыцыі продкаў

Магчыма, не ўсе ведаюць: 16 лістапада з 2010 года прынята лічыць Днём беларускай лялькі. Беларусы Томска такую ініцыятыву падтрымалі. У гэты дзень у Дзiцяча-юнацкай  бiблiятэцы горада творчая група Нацыянальна-культурнай аўтаномii беларусаў у Томскай вобласцi правяла імпрэзу “У гасцях у беларускай лялькі”. Ладзілася выстава саламяных ды ільняных лялек, а таксама зробленых з тканіны. Прайшла прэзентацыя “Беларуская лялька”: дзея была сюжэтная, з песнямі ды забаўнай гульнёй. Быў і майстар-клас па вырабе беларускай лялькі-абярэга.

Любоў Пушкарова і яе лялька
Любоў Пушкарова і яе лялька

Нам хацелася перадаць характар і аблічча менавіта лялькі беларускай. Паказаць яе рысы, якiя заўсёды “збіраюць” у сабе многія народныя традыцыі, вераванні. І таму, дарэчы, з густам і веданнем справы змайстраваная лялька — гэта “візітная картка” беларускай нацыі. Некалькi гадзін дзеці з бацькамi слухалi аповеды пра гiсторыю беларускай лялькi, пра тое, што значылі ў жыцці нашых продкаў лялькі-абярэгі. І нават змаглi некаторыя з iх патрымаць у руках. А майстар-клас па вырабе лялькi Спірыдона-Сонцаварота правяла майстар Любоў Пушкарова: цiкава, з добрымi эмоцыямi. Нашы лялькі “пайшлі дадому” разам з дзецьмі. Падаравалі мы ляльку i для бібліятэчнага музея нацыянальнай лялькі. Урачыстасць увайшла ў плынь свята.

Усе імпрэзы беларускай суполкі ў Томску маюць адукацыйна-пазнавальны характар. Адна са старэйшых сяброў аўтаномii журналiстка Людмiла Сярдзюк сабрала цікавыя матэрыялы па “лялечнай” тэме, карысталася і навуковай лiтаратурай, таму займальна вяла свята. Дапамагалi ёй дзяўчаты з гурта “Мядунiца”, якім кiруе Алена Капылова. Сама ж спадарыня Алена, трымаючы ляльку-куватку, прыгожа спявала дзiцячую калыханку. 

Беларускія лялькі падарожнічалі па навучальных установах горада. А мы iзноў расказвалі юным жыхарам Томска пра нашу Бацькаўшчыну, у якой шануюць родныя карані, народныя традыцыі.

Любоў Адаскевiч, старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаномii беларусаў у Томскай вобласцi
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter