Добры густ, адметны смак

Адны любяць слухаць вершы, а другія — смакаваць стравы… У беларусаў Даўгаўпілса праводзяцца імпрэзы, на якіх кожны знойдзе тое, што яму падабаецца
Прадаўжаюць радаваць рэдакцыю газеты сваёй актыўнасцю супляменнікі з Даўгаўпілса. Дарэчы, нам стала вядома: на нядаўнім Кансультатыўным савеце ў МЗС прагучала меркаванне, быццам бы слова супляменнікі, якое мы ўжываем у публікацыях, састарэлае. Звычнае, спрадвечна беларускае слова выклікае ў некага дзіўныя асацыяцыі… з Афрыкай ды дзікімі плямёнамі. Мусім не пагадзіцца! У прыватнасці, многія ж ведаюць словы пляменнік і пляменніца, якія, дарэчы, актыўна ўжываюцца і ў мове рускай. А супляменнік — гэта чалавек аднаго з намі роду-племені. Слова суайчыннік больш карэктнае ў дачыненні да чалавека, у якога з намі адна Айчына, ці Бацькаўшчына, Радзіма. А зямляк — той, хто з адной зямлі з намі родам. Як бачым, у кожнага слова — свая адметнасць. І сваё значэнне.


Адну са сваіх вечарын супляменнікі з Даўгаўпілса прысвяцілі беларускай кухні

Дык вось, далёка не кожнага беларуса замежжа мы з поўным правам можам назваць суайчыннікам ці земляком. Скажам, вядомыя актывісты беларускага руху з Расіі Алена Сіпакова (Іркуцк), Ірына Глуская (Самара), Уладзімір Шугля (Цюмень), Людміла Шчаслівенка і Анастасія Трубянкова (абедзве яны плённа працуюць у Новасібірску) нарадзіліся, паводле нашых звестак, не ў Беларусі. І таму яны нам — супляменнікі. Тое ж самае і з беларусамі Латвіі. Як вядома, у некаторых рэгіёнах Латвіі, асабліва ў Латгальскім краі, здаўна жывуць беларусы. Многія і нарадзіліся ў Латвіі. Таму і яны нам — супляменнікі. А суайчыннікі — гэта тыя, хто прызнае сваёй Радзімай Беларусь. Такія тонкасці ў мове варта мець на ўвазе, каб не рабіць нейкіх “афрыканскіх” абагульненняў. Часам, сапраўды, невядомая нам мова можа падавацца дзіўнаю, і тады лепш пашукаць сэнсу словаў, звярнуцца да слоўнікаў, даведнікаў, знаўцаў мовы.

А вельмі добра можна развіць  свой моўны густ, калі звяртацца да прыгожых узораў паэзіі. Бо, як вядома, паэты тонка адчуваюць мову. І самая апошняя навіна з Даўгаўпілса — якраз пра тое, што тамтэйшыя беларусы актыўна паўдзельнічалі ў Днях паэзіі імя Яна Райніса. Яны праходзілі ў горадзе 9-11 верасня. “На шчасце, у суполцы “Уздым” нямала паэтаў, і таму наш удзел у святочных імпрэзах быў вельмі прадстаўнічым, — напісала ў рэдакцыю кіраўніца суполкі Людміла Сінякова. — На розных пляцоўках выступалі сябры таварыства Анастасія Сазанкова, Яўціхій Канаплёў, Людміла Вілюма, Павел Плотнікаў, Яўген Голубеў, Валянціна Абушкевіч, Ірына Страздонік-Плячко, Станіслаў Валодзька”.

З допісу Людмілы мы даведаліся, што 8 верасня Станіслаў Валодзька і Станіслаў Янушкевіч паўдзельнічалі ў літаратурнай сустрэчы ля памятнага каменя “Васілёва” ў Малінаўскай воласці, а затым выступалі яшчэ ў Вішскім тэхнікуме. Памятны камень, нагадаем, устаноўлены на месцы сядзібы, дзе жыла сям’я класіка латышскай літаратуры. Дарэчы, маці Яна Райніса, Дарта Пліекшанэ з роду Грыкоўскіх, была беларускаю, яна і пахавана ў Віцебску на Стара-Сямёнаўскіх могілках — наша газета пісала пра тое год таму ў тэксце “Сябры-суседзі Яніса Райніса” (ГР, №36, 24.09.2015). Так што яшчэ і таму да Райніса ў беларусаў — асаблівая любоў і павага. 9 верасня паэты з суполкі “Уздым” выступалі ў школах Даўгаўпілса. Прайшла і прэзентацыя штогадовага зборніка паэзіі “Dzejas dienas”, у якім змешчаны вершы на латышскай, латгальскай, рускай, беларускай і польскай мовах. 10 верасня паэты, дзеячы культуры ўсклалі кветкі да помніка Яну Райнісу, наведалі магілу яго бацькі Крыш’яніса Пліекшана, пабывалі ў Музеі Райніса “Ясмуйжа” ў Прэйльскім краі.


Паэты Даўгаўпілса вераснёўскім днём каля Музея Яна Райніса “Ясмуйжа” ў Прэйльскім краі

Цікавыя імпрэзы праходзілі 11 верасня, у Дзень нараджэння Яна Райніса. Сябры “Уздыма” Вера Сухарава, Юлія Хмяльніцкая і Станіслаў Валодзька паўдзельнічалі ў літаратурна-музычнай сустрэчы ў Лауцэскім доме культуры. Вера Сухарава гаварыла пра дзейнасць “Уздыма”, чытала вершы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі. Юлія Хмяльніцкая выконвала песні на словы С. Валодзькі ды латышскія народныя песні, перакладзеныя ім на беларускую мову. Станіслаў Валодзька чытаў свае вершы. Выступаў там і мясцовы гурт “Прыекс”. З дырэктарам Лауцэскага дома культуры Андрэем Брунам і загадчыцай Лауцэскай бібліятэкі Вікторыяй Вяткоўскай, паведамляе Людміла Сінякова, ёсць дамоўленасць аб далейшым супрацоўніцтве.

Актывістка таварыства “Уздым” Тэрэза Паўлава яшчэ раней даслала нам тэкст пра вечарыну, якая прысвячалася стравам беларускай нацыянальнай кухні. Залу ўпрыгожвалі букеты палявых кветак, адну са сцен — даматканыя ручнікі, карункі, пакрывалы, фіранкі, якія прадаставіла Яўгенія Гуляева. Усё гэта — спадчына ад яе маці, якая рабіла такую прыгажосць сваімі рукамі. А сталы былі пакрыты ільнянымі абрусамі, застаўлены шматлікімі стравамі. “Вядучая вечарыны Яўгенія Гуляева пад гукі песні “Хлеб ды соль” у выкананні ансамбля “Спадчына” запрасіла за стол спачатку ўсіх тых, хто згатаваў нейкую беларускую страву і падрыхтаваўся расказаць пра яе, падзяліцца сваім уласным рэцэптам, — апавядае Тэрэза Паўлава. — Усе прэзентацыі прайшлі выдатна! Вельмі цікава было паслухаць пра беларускую зацірку, ды і вясёлую песню пра гэтую страву ў выкананні Галіны Сантоцкай. Смачна распавяла пра мачанку Жанна Раманоўская, смачнаю была і яе мачанка. Здзівіла поліўка з грыбамі ад Зінаіды Сіліні: што за смак! А яе вясёлая песня на гэтую ж тэму заваявала ўсіх. Апетытна прэзентавала Вольга Паўловіч свае катлеткі па-беларуску, якія потым пайшлі нарасхват. Не засталіся без увагі таксама і два віды бульбяной бабкі, і бліны, і сала, і цыбуля з радыскай. І, вядома ж, бульба: у гонар гэтай каралевы стала ансамбль “Купалінка” выканаў песню, падхопленую ўсёй грамадою”.

Што ж, у восеньскую пару такі карысны досвед даўгаўпілсцаў будзе да месца і ў іншых беларускіх суполках замежжа! Як бачым, у суполцы ўмеюць прыгожа сумяшчаць стравы духоўныя ды самыя што ні  ёсць рэальныя. Тэрэза Паўлава піша, што “гумарам іскрылася прэзентацыя смачнай нават на выгляд бульбяной каўбасы, румяна запечанай у духоўцы”. Такі далікатэс прыгатавала прафесійны кухар Алена Кічэй. Была ж яна, дарэчы, у парадным кухарскім каўпаку і беласнежнай куртцы. Ды і ўсе гаспадыні апрануліся ў яркія хусткі, вышываныя фартухі... А найбольш добрых слоў было пра хлеб. Словы вядучай пра значэнне яго ў жыцці беларусаў дапоўніла Вольга Паўловіч: прывяла ўзоры народнай мудрасці пра хлеб, ежу, гасціннасць. Пра тых, хто працуе на палях, каб хлеб прыйшоў на стол, піша вершы Станіслаў Валодзька, а чытала іх Людміла Сінякова. Свой новы верш прысвяціла хлебу і Анастасія Сазанкова. А ўрэшце Яўгенія Гуляева пачаставала ўсіх смачным хлебам, прывезеным з манастыра.

 Консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская падзякавала ўсім за свята, запрашэнне на яго. Яна высока ацаніла тое, як хораша і з густам усё было зроблена, а таксама й майстэрства гуртоў “Спадчына” і “Купалінка”, кулінарныя здольнасці гаспадынь. “А далей — частаваліся ўсе, бяседы вялі, спявалі, весяліліся, — піша на заканчэнне Тэрэза. І з добрым гумарам дадае. — І я там была...”

Дзякуй за цікавыя допісы і справы, паважаныя сябры! Спадзяемся, ваш досвед будзе на карысць па ўсім беларускім свеце! Бо вы ўмееце ў Даўгаўпілсе ўсё рабіць з добрым густам: і паэтычныя вечарыны, і дэгустацыі, нават у рэдакцыю пісаць...

Шастаковіч — прозвішча беларускае

Рыгор Арэшка

У геніяльнага кампазітара, у якога ў верасні 110-гадовы юбілей, без цяжкасці можна адшукаць беларускія родавыя карані

Віцебшчына. Мядзельскі раён. Вёска Шэметава... Назву паселішча, імя Пятра Міхайлавіча Шастаковіча знайшлі даследчыкі ў дакументах з 1830-га, калі на далучаных да Расіі польска-беларускіх землях успыхнула і было падаўлена паўстанне з мэтай адрадзіць Рэч Паспалітую. Недалёка да Шэметава і жыў дробнамаянтковы шляхціч Пётр Шастаковіч, прадзед кампазітара, які за ўдзел у паўстанні быў сасланы ў Сібір.

Свабодалюбівы дух мелі многія з Шастаковічаў. А найбольш вядомы з іх – Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч: ён нарадзіўся 12 (25) верасня 1906 года ў Санкт-Пецярбурзе. Сын інжынера-хіміка ды піяністкі застаўся ў гісторыі як вялікі кампазітар, піяніст. Даніну павагі яму аддаюць і ў Беларусі. У прыватнасці, у Вялікім тэатры, у камернай зале імя Ларысы Александроўскай яшчэ 5 лютага прайшоў канцэрт “Дзмітрый Шастаковіч. Музыка савецкай краіны”. Яго падрыхтавала салістка Белдзяржфілармоніі піяністка Таццяна Старчанка.

А 13 верасня тэатральны сезон у Камернай зале Вялікага тэатра адкрыўся “Прысвячэннем Шастаковічу”. На жаль, цяпер у рэпертуары тэатра няма опер вялікага супляменніка... Ідэю ж канцэрта падала канцэртмайстар Вольга Запольская. То была своеасаблівая вечарына памяці кампазітара. Гучалі віяланчэльная саната, прэлюдыя і фуга, а таксама сатырычныя вакальныя цыклы “Крокодил” і “Сатиры”.

Іван Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter