Дагістарычныя жыхары Юравічаў

Узгоднены праект стварэння унікальнага музея пад адкрытым небам — стаянкі першабытнага чалавека
Узгоднены праект стварэння унікальнага музея пад адкрытым небам — стаянкі першабытнага чалавека.

Такі музей плануецца стварыць у Юравічах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Прапанова ўзгоднена на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

Вядома, што ўзрост стаянкі першабытнага чалавека ў Юравічах — прыкладна 26 з паловай тысяч гадоў. На яе месцы праведзены раскопкі, якімі кіравала доктар гістарычных навук Алена Калечыц. Сабрана вялікая колькасць знаходак, якія пацвярджаюць старажытнасць палеалітычнага пасялення. Адной з найбольш сенсацыйных знаходак — унікальнай для Беларусі — стала галава маманта з біўнямі.

Цяпер добраўпарадкавана тэрыторыя месца стаянкі, збудавана лесвіца для пад’ёму на ўзгорак, дзе будзе знаходзіцца назіральная пляцоўка. Экспазіцыя жылля першабытнага чалавека размесціцца ў разрэзе ўзгорка, дзе праводзіліся раскопкі.

Ужо падрыхтаваны канцэпцыя музея і тэматыка-экспазіцыйны план. Музей будзе прадстаўляць дзве майстэрні: па апрацоўцы крэменю і майстэрню першабытнага мастака.

Плануецца ўстанавіць тры фігуры — мужчыны-паляўнічага, жанчыны, якая ачышчае шкуру, і дзіцяці, якое падтрымлівае агонь.

Жанна Канаплёва
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter