Чорны смутак на возеры Белае

Завершана расследаванне трагедыі з маторкай на Жыткавіччыне

Рэзанансная трагедыя ў Жыткавіцкім раёне, што адбылася ў ліпені гэтага года i забрала жыцці пяці чалавек, расследавана супрацоўнікамі Следчага камітэта рэспублікі.

Афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова паведаміла, што канчатковае абвінавачванне ў парушэнні правілаў бяспекі пры эксплуатацыі маламерных суднаў, што прывяло да чалавечых ахвяр, прад’яўлена 40-гадоваму вадзіцелю маторнай лодкі. Менавіта ён арганізаваў катанне на лодцы адразу дзевяці адпачываючых у той час, калі па правілах бяспекі на борце павінна было быць не болей чатырох пасажыраў. Яшчэ адзін чалавек у той трагічны ліпеньскі дзень паплыў за лодкай на прычэпленым да яе палімерным атракцыённым вырабе, так званай «шайбе». У час крутога павароту «Прагрэс» перакуліўся і пайшоў на дно. Разам з ім пайшлі пад ваду трыццаці- і трыццацідвухгадовыя жанчыны, а таксама тры дзіцяці ва ўзросце ад чатырох да сямі гадоў. Выратавальных сродкаў на судне не аказалася.

Матэрыялы расследавання накіраваны ў Генеральную пракуратуру для праверкі, якая і прыме рашэнне аб перадачы справы ў судовую інстанцыю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter